Галец звычайны (Barbatula barbatula) — рыба сямейства Balitoridae. Народныя назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і іншыя.
Галец звычайны |
|
Навуковая класіфікацыя |
---|
|
Міжнародная навуковая назва |
---|
Barbatula barbatula Linnaeus, 1758
|
Сінонімы |
---|
- Cobitis barbatula Linnaeus 1758
- Nemacheilus barbatulus barbatulus Linnaeus 1758
- Orthrias barbatulus Linnaeus 1758
- Nemacheilus barbatulus Linnaeus 1758
|
|
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Сліж.
Даўжыня 10-15 см. Цела цыліндрычнае, амаль не ўкрытае луской (адсюль назва), на баках дробныя лускі, якія ляжаць паасобку. Спіна і бакі шараватыя, з зеленавата-бурымі плямамі. Плаўнікі бурыя з радамі цёмных плямак. Маюцца тры пары вусікаў (на верхняй сківіцы і ў кутках рота). Самцы буйнейшыя за самак, з больш доўгімі груднымі плаўнікамі.
Пашыраны ў Сярэдняй і Паўночнай Еўропе. На Беларусі нешматлікі, водзіцца пераважна ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і пясчаным або камяністым дном.
Донная аселая рыба. Спосаб жыцця адзіночны, у час нерасту збіраецца чародкамі. Актыўны ноччу і на змярканні, днём хаваецца пад камяні, у норы і іншыя сховішчы.
Моладзь гальцоў корміцца доннымі дробнымі арганізмамі, дарослыя — беспазваночнымі, ікрой іншых рыб.
Полавая спеласць наступае ў 2—3 гады пры даўжыні 6 см. Нераст у красавіку-маі. Ікру адкладвае на расліны і пясок. Плоднасць 2,5—6 тыс. ікрынак.
Непрамысловы від. Выкарыстоўваецца як прынада для лоўлі драпежных рыб.