Геаграфія Уругвая

Геалагічная будова і рэльеф правіць

 
Вадаспад Пенітэнтэ на трапавым плато

Уругвай размешчаны ў межах Паўднёва-Амерыканскай платформы, паўночная частка — упадзіна Параны, запоўненая лававымі адкладамі (трапамі). Рэльеф пераважна раўнінна-градавы. На паўночным захадзе трапавае лававае плато Аэда вышынёй да 473 метраў, якое на захадзе спадзіста спускаецца да ракі Уругвай, на ўсходзе абрываецца ўступам Кучылья-дэ-Аэда. Унутраную частку займае хвалістая раўніна басейна ракі Рыа-Негра, абкружаная градамі і плато вышынёй да 420 метраў. На захадзе і поўдні — частка Ла-Плацкай нізіны, на ўсходзе — пясчаная берагавая нізіна Атлантычнага акіяна. На поўдні асобна ўзвышаецца найвышэйшы пункт Уругвая — гара Катэдраль (514 метраў).

Карысныя выкапні правіць

Запасы карысных выкапняў невялікія: жалезамарганцавыя руды, невялікія паклады золата, серабра, свінцу, медзі, тальку, паўкаштоўных камянёў (агатаў, аметыстаў), будаўнічага каменю (граніту, мармуру), торфу, бурага вугалю.

Клімат правіць

Клімат субтрапічны, акіянічны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 10-12°С, студзеня — 22-24°С. Ападкаў за год ад 1000 мм на поўдні і ва ўнутраных раёнах да 1200 мм на поўначы. У ліпені з поўдня могуць уварвацца халодныя вятры пампера.

Унутраныя воды правіць

 
Лагоа-Мірын
 
Лугі ў дэпартаменце Сан-Хасэ

Рачная сетка густая; галоўныя рэкі — Уругвай на заходняй мяжы і Рыа-Негра, што перакрэслівае краіну з паўночнага усходу на паўднёвы захад. На Рыу-Негра створана буйное вадасховішча Рынкон-дэ-Банетэ плошчай 221 кв.км. і яшчэ адно меншае. Уздоўж узбярэжжа цягнуцца лагунныя азёры, найбуйнейшае: Лагоа-Мірын на мяжы з Бразіліяй.

Ландшафты правіць

Пераважаюць субтрапічныя травяністыя саванны (кампас) на чырванавата-чорных глебах прэрый. Уздоўж рэк галерэйныя вечназялёныя лясы, на поўдні хмызняковая саванна, на ўсходзе пальмавыя гаі. Пад лесам каля 6 % тэрыторыі. Нацыянальныя паркі: Каба-Палонья, Санта-Тэрэса.