Герб Бра́гіна — афіцыйны геральдычны сімвал Брагіна, гарадскога пасёлка Гомельскай вобласці.

Герб Брагіна
Дэталі
Шчыт
іспанскі
Заснаванне 10 красавіка 2001 

Апісанне: іспанскі шчыт рассякае ўвагнутае вастрыё, накіраванае ўверх: у левай частцы ў сярэбраным полі Трызуб чырвонага колеру, сімвал полацкага князя Ізяслава, у правай — у чырвоным полі герб «Калюмны» сярэбранага колеру, у ніжняй — у блакітным полі герб «Карыбут».

Герб і сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 красавіка 2001 года пад № 55.

Аўтар герба і сцяга Брагіна — мастак Г. С. Жалняркевіч.

Гісторыя і сімволіка правіць

Герб па сваёй канструкцыі складаецца з трох самастойных сімвалаў. Асноўныя элементы герба раздзяляе другарадная геральдычная фігура «вастрыё» «ўвагнутай» разнавіднасці, з асноваю ў ніжняй частцы гербавага поля. Гэты вельмі арыгінальны прыём пабудовы складаных гербаў ужываўся даволі рэдка і ў беларускай геральдыцы прысутнічае толькі ў гістарычным гербе Ашмян 1792 года.

У правай (сярэбранай) частцы поля герба размешчаны сімвал полацкага князя Ізяслава, афарбаваны ў чырвоны колер. Гэты знак адлюстроўвае ранні перыяд гісторыі Брагіна (XII—XIII стст.) і ўказвае на Полацкае княства як адзін з цэнтраў фарміравання беларускай сярэдневяковай дзяржаўнасці. Разам з тым княжацкі трызубец звязваецца з часамі, калі Брагінам валодалі князі кіеўскія, і ўяўляе сабой трансфармаваны варыянт радавой сімволікі Рурыкавічаў.

У левай частцы герба ў чырвоным полі размешчаны герб «Калюмны». Гэты сімвал на гербе Брагіна адзначае перыяд уваходжання горада ў склад Вялікага Княства Літоўскага, на пачатковым этапе якога горад быў часткаю велікакняжацкіх уладанняў.

У ніжняй частцы герба размешчаны прыватнаўласніцкі герб «Карыбут» (у блакітным полі выява залатога крыжа з перакрэсленымі канцамі, замест ніжняга канца залаты месяц рагамі ўніз і васьміканцовая зорка). Гэты шырока вядомы герб быў родавым знакам магнацкага роду Вішнявецкіх, якія валодалі Брагінам з канца XVI да другой палавіны XVII ст. Вішнявецкія былі апошнімі ўладальнікамі горада, калі ён яшчэ іграў значную ролю ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. З другой палавіны XVII ст. Брагін паступова прыходзіць у заняпад і страчвае сваё былое значэнне. Такім чынам, размяшчэннем у ніжняй частцы герба Брагіна прыватнаўласніцкага герба «Карыбут» падводзіцца своеасаблівы вынік пэўнага перыяду ў гісторыі горада.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.

Спасылкі правіць