Герб Старых Дарог

Герб Старых Дарог — афіцыйны геральдычны сімвал горада Старыя Дарогі. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 красавіка 1996 года пад № 6.

Герб Старых Дарог
Дэталі

Аўтары герба — кандыдат гістарычных навук В. Л. Насевіч і намеснік старшыні Старадарожскага раённага выканаўчага камітэта А. А. Міхайлаў.

Апісанне і сімволіка правіць

У сучасным гербе горада намаляваная штучная геральдычная фігура, якая адносіцца да легендарных, — гіпацэнтаўр. Герб «Гіпацэнтаўр» быў радавым сімвалам князёў Гальшанскіх — першых з дакументальна вядомых уладальнікаў Старых Дарог. Прадстаўнікі гэтага роду займалі высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.

Фігура ў гербе «Гіпацэнтаўр» (кентаўр) уяўляе сабой міфічную істоту — напалову чалавека, напалову каня. Замест хваста у каня пашча дракона, у якога накіравана страла ў луку, нацягнутым рукамі самога ж гіпацэнтаўра. Гэта істота была апета паэтамі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Яму прыпісваліся такія якасці, як высакароднасць і мудрасць. У сярэднія вякі гіпацэнтаўр з’яўляўся сімвалам заганы і фанабэрыстасці, бо лічыўся процілегласцю высакароднаму рыцару. Гэтая фігура, як пішуць некаторыя навукоўцы, мае старадаўняе італьянскае паходжанне.

У ніжняй частцы герба размешчаны два посахі. Посах — абавязковы атрыбут падарожніка, вандроўніка, які ўвасабляе вечны рух, пошук і дарогу. Скрыжаванне шляхоў заўсёды адлюстроўваўся з дапамогай перакрыжаваных ліній.

Гісторыя правіць

Населены пункт Дарогі, сучасныя Старыя Дарогі, упершыню ўпамінаецца ў дакументах архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, у 1-й кнізе запісаў Літоўскай Метрыкі. Са зместу гэтага дакумента становіцца вядомы факт, што ў 1524 г. князь Ю. І. Дубровенскі абмяняў частку сваіх уладанняў, у тым ліку і Дарогі, ваяводу віленскаму, канцлеру Вялікага княства Літоўскага А. М. Гаштольду, на іншую маёмасць. Юрый Іванавіч быў адным з прадстаўнікоў старажытнага княжацкага роду Гальшанскіх, уладальнікаў Глускага княства, у склад якога ўваходзілі і Дарогі. Паводле іншых крыніц, пасля смерці ў 1542 г. Станіслава Гаштольда, які не меў нашчадкаў, Дарогі перайшлі Хадкевічам. Пазней імі валодалі Амелькі, Радзівілы, Вітгенштэйны.

Старымі Дарогамі паселішча стала называцца ў канцы XIX ст., калі за некалькі кіламетраў на ўсход з’явілася вёска Новыя Дарогі. Старыя Дарогі знаходзяцца на скрыжаванні шляхоў, якія вядуць у Магілёў, Маскву і Варшаву.

У аснове сучаснага герба Старых Дарог — герб «Гіпацэнтаўр», радавы герб князёў Гальшанскіх, першых дакументальна засведчаных уладальнікаў Старых Дарог. Прадстаўнікі гэтага роду займалі высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Подпісы князёў аднымі з першых стаяць на лёсавызначальных для Вялікага Княства Літоўскага дзяржаўных і дыпламатычных актах.

Геральдычная фігура гіпацэнтаўр, на думку некаторых вучоных, мае старажытнае італьянскае паходжанне.

Літаратура правіць

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.

Спасылкі правіць