Ге́рб Та́ліна (эст.: Tallinna vapp) — афіцыйны сімвал горада Таліна, сталіцы Эстоніі.

Вялікі герб Таліна
Малы герб Таліна
Пячатка Таліна (1340)

Гісторыя правіць

Упершыню выява герба Таліна сустракаецца на пячатцы 1277 года. На ёй адлюстраваныя тры сінія каранаваныя леапарды з галавамі анфас на трохвугольным залатым шчыце.[1]

З утварэннем на пачатку 18 стагоддзя Эстляндскай губерні ў складзе Расійскай імперыі герб горада не змяніўся. 4 кастрычніка 1788 года ён быў зацверджаны ў колішнім выглядзе, але ў французскім шчыце.

У 1868 годзе быў распрацаваны праект герба Рэвеля аўтарства Кенэ Барыса. Гістарычны герб увенчваўся залатой сцянной каронай, за шчытом размяшчаліся два залатыя перахрышчаных якары, перавітыя Аляксандраўскай стужкай. Афіцыйна праект зацверджаны не быў.[2]

Пасля ўваходжання Эстоніі ў склад СССР замест герба выкарыстоўвалася новая эмблема горада. На чырвона-сінім іспанскім шчыце, перарэзаным на дзве паловы стылізаванымі хвалямі, знаходзіўся залаты ключ, размешчаны барознай улева і вушкам уніз. На баразне была намалявана пяцікутная зорка.

Сучасныя гербы правіць

Вялікі герб правіць

Апісанне правіць

У залатым полі 3 сініх леапарды ў слуп, увянчаныя залатымі каронамі.

Мантыя шчыту складаецца з жоўта-сініх дэкаратыўных элементаў. Шчыт увянчаны сярэбраным шлемам з зачыненым казырком і чырвонай падшэўкай. На шыі шлему вісіць залаты ланцужок з чырвоным каменем. Шлем увянчаны залатой каронай з чырвонай інкрустацыяй. У нашлемніку размешчаная сімвалічная выява дацкай каралевы Маргарыты I у чырвонай сукенцы, залатой кароне і са скрыжаванымі на грудзях рукамі.

Тлумачэнне сімволікі правіць

Тры сініх львы ў руху на залатым шчыце выкарыстоўваліся яшчэ з 13 стагоддзя ў гербе караля Вальдэмара II Дацкага, кіраўніка Дацкай Эстоніі. Акрамя таго, леапарды заўсёды сімвалізавалі крэпасць, а Талін паўстаў менавіта як горад-крэпасць Тоампеа. Такім чынам, геральдычны леапард лічыцца адным з найстарэйшых сімвалаў Эстоніі.

Вялікі герб Таліна практычна цалкам ідэнтычны сучаснаму гербу Даніі.

Малы герб правіць

У чырвоным полі срэбны крыж.

Малы герб Таліна амаль цалкам паўтарае герб павета Хар'юмаа. На ім намаляваны Данеброг — традыцыйны дацкі крыж.

Зноскі

Спасылкі правіць