Герхард Ёзэф Арнольд Эрэн (ням.: Gerhard Josef Arnold Erren; 4 сакавіка 1901, Мітэнбрук, Германская імперыя — 17 ліпеня 1984, Бергедорф, Гамбург, ФРГ) — нямецкі гебітскамісар горада Слоніма, ваенны злачынец, адказны за знішчэнне тысячаў яўрэяў.

Герхард Эрэн
ням.: Gerhard Erren
Нараджэнне 4 сакавіка 1901(1901-03-04)
Смерць 17 ліпеня 1984(1984-07-17) (83 гады)
Імя пры нараджэнні ням.: Gerhard Josef Arnold Erren
Партыя
Член у
Дзейнасць настаўнік
Узнагароды
War Merit Cross Жалезны крыж 2-га класа

Біяграфія правіць

Герхард Эрэн нарадзіўся 4 сакавіка 1901 года. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне і пасля яе заканчэння належаў да розных фрайкораў і саюзаў памежнай аховы. Скончыўшы педагагічную адукацыю, уладкаваўся працаваць настаўнікам спорту ў Верхняй Сілезіі[1]. У пачатку кастрычніка 1928 года ажаніўся з Марыяй Мюлер. 1 мая 1933 года Эрэн уступіў у НСДАП. Прайшоўшы спецыяльны курс у Фогельзангу, з 1937 па 1939 год быў кіраўніком таварыства ў нацыянал-сацыялістычным маладзёжным трэніровачным цэнтры ў Крозінзэе[2]. Са снежня 1939 па ліпень 1941 года праходзіў службу ў вермахце[2]. Са жніўня 1941 па ліпень 1944 года займаў пасаду гебітскамісара горада Слоніма і быў там мясцовым і палітычным кіраўніком НСДАП[3]. Эрэн быў адказным за вынішчэнне яўрэяў.

  У момант майго прыбыцця ў Слонімскім раёне налічвалася 25 000 яўрэяў, з якіх толькі ў Слоніме пражывала 16 000, што складала 2/3 агульнага насельніцтва горада. Стварэнне гета было немагчымым, паколькі не было ні калючага дроту, ні дастатковай аховы. Таму я прыняў рашэнне аб правядзенні ў будучым вялікай акцыі. Спачатку была праведзена экспрапрыяцыя мэблі для нямецкай канцылярыі і кварталаў вермахта. […] Непрыдатны для немцаў матэрыял быў прададзены насельніцтву, а ўтаргаваныя грошы былі здадзены ў казну. Затым была праведзена дакладная рэгістрацыя яўрэяў па колькасці, узросту і прафесіі, з іх былі выдзелены рамеснікі і кваліфікаваныя рабочыя, ім былі выдадзены пасведчанні асобы, і яны былі аддзелены ў асобныя памяшканні. 13 лістапада СД правяла акцыю, якая вызваліла мяне ад непатрэбных ртоў; цяпер я маю ў распараджэнні 7 000 яўрэяў, якія могуць удзельнічаць у рабочым працэсе, працаваць добраахвотна і пад страхам смерці, і якія ў пачатку года павінны быць пераправераныя і рассартаваныя для наступнага памяншэння колькасці.[3][4]  

Падчас такіх «акцый» Эрэн з’яўляўся са зброяй у руках, а яўрэяў выганялі з дамоў[5]. У верасні 1942 года ў справаздачы ён напісаў: «Я быў узрадаваны, што колькасць у 25 000 яўрэяў, якія першапачаткова жылі ў гэтай мясцовасці, скарацілася да 500»[1][6]. Потым Эрэн быў прыняты ў СС і 2 сакавіка 1944 года атрымаў званне штурмбанфюрара. З лютага 1945 года быў кіраўніком ідэалагічнай падрыхтоўкі ў Войсках СС[3].

Пасля вайны правіць

Па заканчэнні вайны да 1948 года знаходзіўся ў брытанскім палоне[7]. Дзякуючы фальсіфікацыі сваіх асабістых дадзеных, у 1949 годзе зноў змог стаць настаўнікам у вышэйшай тэхнічнай школе «Ам брынк», размешчанай у адным з раёнаў Гамбурга[2]. З пачаткам папярэдняга следства ў дачыненні да яго па справе аб забойстве яўрэяў быў звольнены са школы ў 1960 годзе[3]. З 1961 па 1971 год ён выкладаў у прыватнай школе[1]. 25 чэрвеня 1974 года быў прысуджаны зямельным судом Гамбурга да пажыццёвага турэмнага зняволення[1]. Ён абвінавачваўся ў смерці 15 тысяч яўрэяў[8]. Ён быў «спадаром, які хадзіў па Слоніму з сабакам і пугай, публічна збіваючы яўрэяў»[3]. Эрэн не адбываў сваё пакаранне ў сувязі з тым, што Федэральны вярхоўны суд ФРГ 16 верасня 1975 года адхіліў рашэнне гамбургскага суда па фармальных абставінах[7]. Новае судовае паседжанне ў 1976 годзе з-за стану здароўя Эрэна не адбылося. Памёр у 1984 годзе.

Зноскі

  1. а б в г Ernst Klee 2007, S. 139.
  2. а б в Alfred Bernd Gottwald 2005, S. 231.
  3. а б в г д Hans-Dietrich Arnzt. NS-Täter profitieren von der Hilflosigkeit der Justiz: Ein weiterer Beitrag zur Diskussion um die angeblichen „Täter“ von den Ordensburgen (ням.) (23 верасня 2007). Праверана 14-04-2019.
  4. Bert Hoppe 2016, S. 204-208.
  5. Bert Hoppe 2016, S. 36.
  6. Bert Hoppe 2016, S. 433.
  7. а б Christian Gerlach 1999, S. 624.
  8. Justiz. Alte Kameraden(ням.) // Der Spiegel. — 1982. — Juni — С. 68.

Літаратура правіць

  • Ernst Klee. Das Personenlexikon zum Dritten Reich. Wer war was vor und nach 1945. — 2. Auflage. — Frankfurt am Main: Fischer-Taschenbuch-Verlag, 2007. — ISBN 978-3-596-16048-8.
  • Alfred Bernd Gottwaldt, Norbert Kampe. NS-Gewaltherrschaft: Beiträge zur historischen Forschung und juristischen Aufarbeitung. — Edition Hentrich, 2005. — ISBN 9783894682781.
  • Christian Gerlach. Kalkulierte Morde. Deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weissrussland 1941 bis 1944. — Hamburg: Hamburger Edition, 1999. — ISBN 9783930908547.
  • Bert Hoppe. Die Verfolgung und Ermordung der europäischen Juden durch das nationalsozialistische Deutschland 1933-1945. — Berlin: Walter de Gruyter, 2016. — Т. 8: Sowjetunion mit annektierten Gebieten II. — ISBN 978-3-486-78119-9.