Гомельскі лядовы палац спорту

«Гомельскі лядовы палац спорту» — спорткомплекс у горадзе Гомелі, размешчаны на поўнач ад жылога раёна Мельнікаў Луг, па вуліцы Мазурава № 110, на рагу з вуліцай Кожара.

Гомельскі лядовы палац спорту
Ледовый дворец в г. Гомеле.JPG
Месцазнаходжанне Беларусь Гомель, Беларусь
Пабудаваны 19982000
Адкрыты 22 мая 2000
Хатняя каманда ХК «Гомель»
Умяшчальнасць 2760
Памеры поля 30х61
Сайт icearena.by

Уведзены ў эксплуатацыю 22 мая 2000 года. Асноўнае прызначэнне — правядзенне матчаў па хакею з шайбай, спаборніцтваў па фігурнаму катанню, шорт-трэку і іншых лядовых відах спорту. Прадугледжана магчымасць трансфармавання хакейнай пляцоўкі ў пляцоўку для гульнявых відаў спорту, спартыўных адзінаборстваў, тэнісу, цяжкай атлетыкі, гімнастыкі, боксу, а таксама ў сцэну для правядзення канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. Трыбуны размешчаны С-падобна, умяшчальнасць палаца складае 2760 гледачоў. Побач з асноўнай арэнай у кастрычніку 2003 года пабудавана крытая трэніровачная пляцоўка. У вольны ад спартыўных мерапрыемстваў час лядовая пляцоўка задзейнічана для правядзення масавых катанняў на каньках.

Лядовы палац знаходзіцца ў аператыўным кіраванні створанай у красавіку 2000 года Гомельскай гарадской ДЮСШ № 5. Арэна з’яўляецца хатняй пляцоўкай хакейнага клуба «Гомель», які выступае ў беларускай экстралізе, а таксама базай для дзіцячых хакейных секцый і вучылішчы алімпійскага рэзерву[1].

У 2004 годзе Гомельскі лядовы палац прымаў суперфінал Кантынентальнага Кубка ІІХФ[2].

Штогод у лядовым палацы спорту праходзіць міжнародны турнір «Кубак Палесся».

АрхітэктураПравіць

Уваходны партал будынка (арх. І. Боўт, С. Міцько, 2000) вырашаны рызалітам з нахіленай і адначасова ўвагнутай паверхняй люстранога шклення, якое ўтварае адзіную кампазіцыю з вітражамі, якія аб’ядноўваюць галоўны і бакавыя фасады і асацыююцца з крыламі. П-падобныя ў плане трыбуны прыпадняты на 2 м над узроўнем арэны. Запаўненне трыбун ажыццяўляецца праз двухсветлавое фае на другім паверсе, які агінае арэну і злучаны з вестыбюлем дзвюма параднымі лесвіцамі[3].

Прыбудова да будынка палаца, прызначаная для навучальна-трэніровачнага працэсу, уяўляе сабой складаны ў плане будынак, які аб’ядноўвае функцыянальныя зоны: спартыўна-трэніровачную, адміністрацыйную, бытавую і гасцініцу з рэстаранам (архітэктары В. Бяспалаў, У. Талочка, В. Яворская, А. Талочка, Н. Карманава, Л. Краўчэня)[3].

Зноскі

  1. История. Ледовый дворец. Гомельская городская детско-юношеская спортивная школы №5. Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2010. Праверана 5 студзеня 2010.
  2. Сергей Николаев, Вячеслав Федоренков. Беларусь в Суперфинале: два в одном. Прессбол (5 студзеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2012. Праверана 5 студзеня 2010.
  3. 3,0 3,1 Малков, И. Г. Гомель — древний и современный. Архитектура и ее создатели : [монография] / И. Г. Малков, И. И. Малков; М-во образования Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп. — Гомель : БелГУТ, 2014. — 70 с. — ISBN 978-985-554-155-5

СпасылкіПравіць