Пачаў прафесійную кар'еру ў 1988 годзе ў 16-гадовым узросце. За 16 гадоў выступаў выйграў 22 турніры ATP у адзіночным разрадзе і 9 — у парным, стаўшы самым паспяховым харвацкім тэнісістам у гісторыі. Апроч перамогі на Уімблдане ў 2001 годзе, тры разы гуляў у фіналах гэтага турніру (1992, 1994 і 1998) і два разы ў паўфіналах (1990 і 1995), а таксама ў паўфінале адкрытага чэмпіянату ЗША ў 1996 годзе. Абвясціў аб завяршэнні сваёй кар'еры пасля паразы ў трэцім крузе Уімблдана 2004 года. Пасля завяршэння кар'еры час ад часу выступаў у ветэранскім туры чэмпіёнаў ATP (англ.: ATP Champions Tour).
Застаецца адным з самых вядомых і папулярных харвацкіх спартсменаў у свеце. Гэтаму паспрыялі і яго часам нетрадыцыйныя паводзіны на прэс-канферэнцыях і шматлікіх мерапрыемствах за межамі тэніса, напрыклад удзел у таварыскім матчы футбольнай зборнай Харватыі з нагоды завяршэння кар'еры капітана зборнай Званіміра Бобана ў 2002 годзе. У 1992 годзе атрымаў дзяржаўную спартыўную ўзнагароду імя Франьі Бучара і пяць разоў станавіўся спартсменам года ў Харватыі па версіі папулярнай газеты «Sportske novosti».