Гуфніца
Гуфніца, гафуніца, гауфніца[1] (ад чэшск.: houfnice ад houf натоўп, куча, атрад[2]) — еўрапейскі тып лёгкай палявой гарматы 15—16 ст. з кароткім ствалом, якая пачаткова служыла для непасрэднай агнявой падтрымкі палкоў (гуфаў, адсюль назва).
Гуфніцы былі ўведзены ва ўжытак гусітамі, былі перанятыя ў Польшчы і ВКЛ (15 ст.), потым трапілі ў Маскоўскую дзяржаву (16 ст.).
З-за наяўнасці кароткага ствала гуфніцы залічваюцца да першых гаўбіц (або правобразаў гаўбіц), хоць з іх і не стралялі па навеснай траекторыі[3]. У чэшскай мове сама назва houfnice перайшла да гаўбіц.
Канструкцыйна гуфніца падобная да малой бамбарды, і мела кароткі ствол (3,5—4 калібры) з вузейшай зараднай каморай (звычайна 1,5 кал.)[4]. Калібр да 20—23 см. Кулі спачатку былі каменныя, пазней пачалі ўжываць падабенства карцечы — мяхі, напоўненыя дробным каменнем і кавалкамі жалеза, залітымі смалой. Пачаткова гуфніцы транспартаваліся на вазах, але хутка іх пачалі ставіць на двухколавыя (напр., брусовыя) лафеты з прыстасаваннямі вертыкальнага навядзення (напр., з дугавымі механізмамі).
Зноскі
- ↑ У маскоўскай традыцыі 16 ст.
- ↑ Магчыма, ад сяр.-в.-ням. hūfe ад ст.-в.-ням. hūfo: The American Heritage Dictionary of the English Language, Fourth Edition [2007]. — Houghton Mifflin Company.
- ↑ Кабельскі, ВЭС-83.
- ↑ Але былі і выключэнні: гуфніца перыяду 1375—1425 гадоў, знойдзеная ў прыгранічным тады горадзе Ржэве, пры калібры 122—127 мм мела агульную даўжыню 46 см і яе каморная i дульная часткі суадносяцца як 1,5:1. Маскоўская гауфніца 1542 году пры калібры 13 см мела рулю даўжынёй 1 м (7,5 кал.).
Літаратура
правіць- Бохан Ю. М. Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV — канца XVI ст. Мн.: Экаперспектыва, 2002. — 336 с. з іл. (Наклад — 300 экз.)
- Stanisław Kobielski. Polska broń palna. Zakład narodowy im. Ossolińskich, Wrocław, 1975. 201 c. C.23—25.
- Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.) С.181.