Гісторыя Афганістана

Афганістан мае магутны цывілізацыйны падмурак — гісторыя краіны сягае на шмат тысячагоддзяў у мінулае. У рэлігійна-цывілізацыйным ракурсе у ёй можна выдзеліць чатыры самых значыных перыяды: зараастрысцкі, эліністычны, будысцкі, мусульманскі. У ХІХ стагоддзі Афганістан апынуўся на мяжы расійскай і брытанскай сфер інтарэсаў, але сталай калоніяй ніводнай з вялікіх дзяржаў так і не стаў. У 1919 Афганістан канчаткова пазбавіўся замежных уплываў і ператварыўся ў цалкам незалежную манархію. Перыяд з 1989 года стаў самым трагічным у гісторыі краіны і адзначыўся савецкай акупацыяй, міжусобнай вайной, таталітарным фундаменталісцкім рэжымам талібаў.

Старажытнасць правіць

 
Скіфскі пояс, "бактрыйскае золата"

Слядам чалавека на тэрыторыі сучаснага Афганістана сама меней 50 тысяч гадоў. Да аселага ладу жыцця на афганскай зямлі людзі перайшлі каля 9000 тысяч гадоў таму. Паступова тут паўсталі Бактрыйска-Маргіянская (яе паўднёвая ўскраіна), Гільмендская і Індская (паўночная ўскраіна) цывілізацыі. Наступная міграцыя індаарыйцаў прывяла да новага цывілізацыйнага ўздыму, і ў канцы ІІ- першай палове І тыс. да н.э. Афганістан з'яўляўся ўсходняй ускраінай зараастрысцкага свету.

У VI стагоддзі да н.э. рэгіён становіцца правінцыяй персідскай імперыі Ахеменідаў. Праз два стагоддзі сюды прыходзіць Аляксандр Македонскі, і, пабраўшыся шлюбам з бактрыйкай Раксанай, распачынае Кабульскую (фактычна, Індыйскую) кампанію. У спадчыну ад македонцаў застаеецца Грэка-Бактрыйскае цароства — усходні фарпост элінізму. Заваёвы Маур'яў прывялі да пранікнення ў рэгіён будызму, што паступова ператварыўся ў пануючую рэлігію, і індуізму. На рубяжы тысячагоддзяў тут паўстала Кушанскае царства, у якім на працягу трох стагоддзяў поплеч квітелі будызм, індуізм і хрысціянства.

Сярэднявечча правіць

 
Блакітная мячэць у Мазары-Шарыфе, XV ст

У VII стагоддзі пачалося пранікненне ісламу з захаду. Апорнымі пунктамі для новай рэлігіі сталі гарады Герат і Зарандж, што кантраляваліся Сасанідамі. Цалкам тэрыторыя Афганістана была ісламізавана паміж ІХ і ХІІ стагоддзямі цягам кіравання дынастый Сафарыдыў, Саманідаў, Газнарыдаў і Гурыдаў. У высокім і познім Сярэднявеччы і на пачатку Новага часу зямля Афганістана часткова ўваходзіла ў склад розных імперый: дзяржавы Харэзмшахаў, Дэлійскага султаната, імперыі Цімура, імперыі Вялікіх Маголаў, Сефевідскага Ірана.

Новы час правіць

 
Брытанцы ўваходзяць у Кандагар, 1840

Гісторыя Афганістана як згуртавання афганскіх плямёнаў пачынаецца ў 1707 годзе, калі пуштунскі правадыр Мір Вайс-хан Хатакі, заснавальнік дынастыі Хатакі, абвясціў незалежнасць ваколіц Кандагара ад Сефевідаў. Імперыя Хатакі дасягнула найвышэйшага ўздыму ў 1720-х, аднак у 1729-м яе войска было ўшчэнт разбіта, а ўсе заваёвы — страчаны. Першая цэнтралізаваная дзяржава на тэрыторыі сучаснага Афганістана са сталіцай зноў жа ў Кандагары была створана ў 1747 годзе палкаводцам іранскай арміі, пуштунам Ахмад-ханам, заснавальнікам дынастыі Дурані. У 1776 Дурані перанеслі цэнтр сваёй дзяржавы ў Кабул, а горад Пешавар (сучасны Пакістан) стаў зімняй сталіцай.

Наступныя падзеі развіваліся на фоне разгорнутай у XIX стагоддзі барацьбы Англіі і Францыі за ўплыў у зоне Персідскага заліва, руху Расіі на поўдзень, захопу сікхамі Пенджаба і Сінда. У 1823 быў захоплены сікхамі Пешавар. Сам жа Афганістан стаў буфернай зонай паміж Брытанскай Індыяй і Расійскім Туркестанам у геапалітычным суперніцтве, што атрымала назву "Вялікая гульня". Адной з галоўных падзей "Гульні" стаў захоп Афганістана брытанскімі войскамі падчас Першай Афгана-Брытанскай вайны (1839-1842). Аднак нязвыкла суровыя для індыйскіх карпусоў зімы і супраціў мясцовых плямёнаў змусілі падданых каралевы пакінуць непрыветныя горы.

Найноўшая гістрыя. Незалежны Афганістан правіць

У 1919 годзе ў выніку перавароту да ўлады ў Кабуле прыйшоў эмір Аманула-хан, які аб’яднаў канфліктуючыя групоўкі і ўзяў курс на сацыяльна-палітычныя і эканамічныя рэформы, каб ліквідаваць феадалізм. З 1933 па 1973 гады Афганістан з’яўляўся канстытуцыйнай манархіяй. 17 ліпеня 1973 года ў выніку перавароту, які ўзначальваў Мухамед Дауд, быў зрынуты кароль Махамад Захір Шах і абвешчана Рэспубліка Афганістан.

 
Маджахеды, 1897

У красавіку 1978 года, пасля так званай «красавіцкай рэвалюцыі», да ўлады прыйшла Народна-дэмакратычная партыя Афганістана (НДПА). Краіна была абвешчана Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан (ДРА). Вышэйшым органам улады стаў Рэвалюцыйны савет, які ўзначаліў Нур Мухамед Таракі. Дзеючая на той момант Канстытуцыя ад 14 лютага 1977 года была адменена. 16 верасня 1979 года Таракі быў адхілены ад улады яго найбліжэйшым паплечнікам Хафізулой Амінам, які перад гэтым займаў пасаду Прэм’ер-міністра і Міністра Абароны Афганістана. Нягледзячы на просьбы кіраўніцтва СССР і асабіста Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, 9 кастрычніка 1979 года Таракі быў забіты па загадзе Аміна (задушаны падушкамі).

25 снежня 1979 года па дамоўленасці з кіраўніком краіны Х.Амінам і з мэтай аказання падтрымкі ўраду НДПА ў Афганістан былі ўведзены савецкія войскі. Амін выказаў прадзяку савецкаму кіраўніцтву. 27 снежня 1979 года савецкія спецгрупы штурма захапілі ўрадавую рэзідэнцыю ў Кабуле і забілі Аміна. Падчас бою загінулі больш як 200 афганскіх салдат і афіцэраў, два малалетнія сыны Аміна і чатырнаццаць савецкіх вайскоўцаў. Савецкія войскі знаходзіліся ў Афганістане да 1989 года. Значная частка афганскага народу паднялася на ўзброеную барацьбу з "абмежаваным кантынгентам" вялікага паўночнага суседа і мясцовымі фармаваннямі фактычна марыянетачнага прэзідэнта Наджыбулы, афганскія партызаны сталі вядомыя свету пад імем маджахедаў.

 
Інаугурацыя Хаміда Карзая, снежань 2004

Пасля адыходу Саветаў непапулярны і варожы большасці афганцам рэжым Наджыбулы хутка рухнуў, але міру гэта не прынесла. Учорашнія маджахеды развязалі крывавую грамадзянскую вайну, у выніку якой у 1996 уладу захапілі радыкальныя ісламісты з групоўкі "Талібан". Талібы — а кантралявалі яны тры чвэрці краіны — ператварылі Афганістан у таталітарны сярэднявечны халіфат і базу для міжнароднага тэрарызму. Сталіца краіны была перанесена ў населены пуштунамі Кандагар. Жыхары краіны былі пазбаўленыя элементарных грамадзянскіх правоў, самыя дробныя адхіленні ад нормаў шарыяту сурова караліся. Акрамя рэпрэсій супраць сваіх грамадзян, талібы праславіліся яшчэ і генацыдам культурным, самым сумна вядомым актам якога стала знішчэнне статуй Буды ў Баміяне. У 2001 годзе да Паўночнага Альянсу — адзінай сіле, што супрацьстаяла рэжыму талібаў, — далучыліся абураныя тэрактамі 11 верасня у Нью-Ёрку заходнія дзяржавы на чале з ЗША. На працягу наступнага году талібы былі выбіты з найбуйнейшых гарадоў, і з таго часу Афганістан паступова вяртаецца ў рэчышча нармальнага жыцця. Пачынаючы з 2002 у Афганістан было рэпатрыявана каля 5 мільёнаў чалавек.

У кастрычніку 2004 года адбыліся прэзідэнцкія выбары, па выніках якіх прэзідэнтам Афганістана стаў Хамід Карзай. У студзені 2004 быў прыняты Асноўны закон Афганістана, у верасні 2005 года прайшлі выбары ў вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатную Нацыянальную Асамблею (парламент). У 2006 годзе парламент зацвердзіў міністраў у склад дзеючага ўрада, сфарміраванага Хамідам Карзаем пасля яго ўступлення на пасаду кіраўніка ІРА. Чарговыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Афганістане прайшлі ў 2009 і 2010 адпаведна. Карзай быў абраны на другі тэрмін. У 2014 прэзідэнтам стаў Ашраф Гані, а ў снежні таго ж года НАТО фармальна завершыла антытэрарыстычную аперацыю, перадаўшы вайсковыя справы афганскаму ўраду.

Тым не менш, талібы, выцесненыя ў недасяжныя горныя раёны, не склалі зброю. Супроцьстаянне радыкальных мусульман і цэнтральнага ўраду працягваецца дагэтуль, што робіць Афганістан адной з самых небяспечных краін у свеце.

Зноскі