Гісторыя Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
Першымі жыхарамі паўднёваафрыканскай зямлі былі кайсанскія плямёны, за імі следам з’явіліся банту. Еўрапейская каланізацыя пачалася ў 1652 галандскаю (бурскаю) хваляю, якую падчас залатой ды алмазнай ліхаманак захлынула хваля англійская. У 1899—1902 у Паўднёвай Афрыцы адгрымела англа-бурская вайна. З 1910 краіна вядомая як Паўднёва-Афрыканскі Саюз. У 1931 атрымлівае фактычную незалежнасць. У другой палове ХХ ст за палітыку апартэіду доўгі час (1948—1990) была ізгоем у сусветнай супольнасці. Грамадзянскае супраціўленне чарнаскурай большасці на чале з Нельсанам Мандэлам і АНК прывялі да адмены апартэіду і дэмакратызацыі краіны.
Даеўрапейскі перыяд
правіцьСтаражытнае насельніцтва ПАР — кайсанскія плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пачатку XVII ст. большую частка тэрыторыі ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш.
Галандская каланізацыя
правіцьПершы еўрапеец, які наведаў у 1487—1488 гг. паўднёвую Афрыку, — партугальскі мараплавец Б.Дыяш. У 1652 г. прадстаўнік галандскай Ост-індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я гады да галандскіх пасяленцаў далучылася група французскіх гугенотаў, якія ратаваліся ад рэлігійнага пераследу на радзіме. У выніку ўзнікла новая этнічная супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на мове афрыкаанс, вытворнай ад галандскай. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі пачала існаванне супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутраныя раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. каырскіх войнаў (1770 — 1860-я гг.) землі коса былі далучаны да Капскай калоніі.
Дзяржава зулу
правіцьУ пачатку XIX ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву (КваЗулу) з моцнай арміяй, што на працягу ХІХ ст супрацьстаяла спачатку бурам, а потым — англічанам, якія ў 1879 г. нанеслі зулу сакрушальную паразу і канчаткова ліквідавалі КваЗулу ў 1887.
Англійская каланізацыя
правіцьУ 1806 г. Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брытанскім панаваннем прывяла ў 1836—1837 гг. да «Вялікага трэка» — перасялення часткі бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі на поўначы. У снежні 1838 г. буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 г. на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексавала ў 1843 г. (з 1856 г. калонія). Пазней створаны іншыя бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Трансвааль, 1852). Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брытанскіх войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля.
Англа-бурская вайна
правіцьУ 1880-я гады ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў, з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 гг. Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты.
Паўднёва-Афрыканскі саюз
правіцьПаводле прынятага ў 1909 г. брытанскім парламентам закона 31 мая 1910 г. Капская калонія, Наталь і былыя бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брытанскай Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідары Паўднёва-афрыканскай партыі (ПАП) Л.Бота (1910—1919 гг.) і Я.Х.Смэтс (1919—1924 гг.). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5 % насельніцтва краіны ў 1910 г.), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67 % насельніцтва). У 1913 г. прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13 % тэрыторыі краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 г. да ўлады Нацыяналістычнай партыі (НП), урад якой на чале з Дж. Герцагам (1924—1933 гг.) прыняў у 1924—1926 гг. законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 г. ПАС атрымаў пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 г. створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 г. абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 г. найбольш кансерватыўныя члены былой Нацыяналістычнай партыі аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусветную вайну ўрад Смэтса (1939—1948 гг.) накіраваў на фронт больш за 300 тысяч чалавек, якія змагаліся ў складзе брытанскіх войск супраць Трэцяга Рэйзу і фашысцкай Італіі.
Пачатак апартэіду
правіцьНа выбарах у маі 1948 г. перамагла НП. Урады Малана (1954—1958 гг.) і Х.Ф.Фервуда (1958—1966 гг.) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спецыяльныя пасяленні (лакацыі), у 1957 г. ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 г. ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21 сакавіка 1960 г. паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве была забаронена буйнейшая афрыканская палітычная арганізацыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідары на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
Паўднёва-Афрыканская рэспубліка, росквіт апартэіду
правіць31 мая 1961 г. была абвешчана Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Новая дзяржава адразу выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 г. Генеральная асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканамічных санкцый і разрыву дыпламатычных адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—1978 гг.) афрыканскія рэзерваты былі аб’яднаны паводле этнічных прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын»), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) былі абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрвені 1976 г. расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афрыканскіх школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партызанская барацьба ваеннага крыла — «Умконта ве сізвэ» («Кап’ё нацыі»). У супрацьвагу чорнаскурым баевікам з’явіліся баявая групоўка белых афрыканераў Афрыканерскі Рух Супраціву, які быў падтрыманы часткай белага насельніцтва. Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусветнай супольнасці ўрад П.Боты (1978—1984 гг.) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 г. пашырала паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 г. — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадзянскіх правоў.
Канец апартэіду. Дэмакратызацыя краіны
правіцьНовы прэзідэнт ПАР Ф. В. дэ Клерк (1989—1994 гг.) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 г. вызвалены Мандэла, які правёў у турме 27 гадоў, легалізаваны АНК і іншыя афрыканскія партыі. У 1991 г. апартэід быў скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і іншымі арганізацыямі ў 1993 г. створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у красавіку 1994 г. першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідар Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—1999 гг.) намеціў асноўныя кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрвеня 1999 г.).
Адмена апартэіду прынесла дэмакратыю і роўнасць, аднак краіна сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі: беспрацоўем, ростам злачыннасці, міграцыяй белых кваліфікаваных кадраў. Да таго ж у пачатку ХХІ ст. Паўднёвая Афрыка стала эпіцэнтрам пандэміі СНІДу. Усё гэта спрычынілася да таго, што сярэдняя працягласць жыцця ў 1992—2005 скарацілася на 10 год, за ёй упаў і ІЧР. Канец 2000-х прайшоў пад знакам ксенафобіі і сутычак з мігрантамі, што прынеслі дзясяткі чалавечых ахвяраў.
У 2010 ПАР прымала Чэмпіянат свету па футболе. У 2011 краіна далучылася да БРІКС.