Дзюсі
Дзю́сі (англ. Ducie) — атол на поўдні Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі астравы Піткэрн. Плошча сушы — 0,7 км².
Дзюсі | |
---|---|
англ. Ducie | |
Выгляд з космасу | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 0,7 км² |
Найвышэйшы пункт | 4,6 м |
Размяшчэнне | |
24°41′ пд. ш. 124°47′ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Піткэрн |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Рэгіён | Брытанскія заморскія тэрыторыі |
Раён | Астравы Піткэрн |
![]() |
Прырода і геаграфія
правіцьАтол знаходзіцца ў 470 км ад вострава Піткэрн, складаецца з 4 каралавых астраўкоў — Акадыя, Пандора, Вествард і Эдвардс. Найбуйнейшы з іх — Акадыя (каля 55 га). Найвышэйшы пункт знаходзіцца на востраве Вествард (4,6 м). Агульная плошча сушы — 0,7 км².
У цэнтры атола месціцца лагуна глыбінёй да 16 м.
Сталых вадацёкаў і крыніц пітной вады на паверхні астравоў няма.
Расліннасць бедная, прадстаўлена хмызнякамі і рэдкімі гаямі дрэва Heliotropium foertherianum. Каралы ў лагуне мёртвыя. Як мяркуюць, пад час штармоў адбыўся прыток халоднай вады, якая іх загубіла.
Клімат трапічны пасатны, даволі вільготны. Сезонная розніца тэмператур не перавышае 7 °C.
На астравах гняздуюцца птушкі, у тым ліку каля 70 % усіх экзэмпляраў буравеснікападобнай птушкі Pterodroma ultima. У хмызняках жывуць яшчаркі — белапузыя сцынкі. Адзіны сысун — палінезійскі пацук, аднак яго пагалоўе было амаль цалкам знішчана ў мэтах аховы птушак.
Лагуну насяляе 138 відаў рыб. Астравы таксама наведваюць марскія чарапахі.
Гісторыя
правіцьАтол Дзюсі быў адкрыты 26 студзеня 1606 г. іспанскім мараплаўцам П. Ф. дэ Кірасам. 16 сакавіка 1791 г. паўторна адкрыты брытанцам Эдвардам Эдвардсам, які на судне «Пандора» безвынікова шукаў паўстанцаў з «Баўнці» (гл. астравы Піткэрн).
У 1867 г. амерыканскі ўрад рэкамендаваў сваім грамадзянам браць атол у валоданне для здабычы гуана. Але ў 1893 г. ён быў анэксаваны Вялікабрытаніяй.
Дзюсі шмат разоў наведваўся маракамі і вучонымі, аднак застаўся бязлюдным. У 1961 г. было рэкамендавана зрабіць яго «востравам для навукі», а пазней — надаць статус Рамсарскага ўгоддзя (гл. Рамсарская канвенцыя).
Галерэя
правіць-
Знешні выгляд
-
Лагуна
-
Хмызнякі
-
Pterodroma ultima
-
Gygis alba
-
Pterodroma neglecta
-
Phaethon rubricauda
Спасылкі
правіць- Наведванне Дзюсі Архівавана 23 красавіка 2006.
- Арніталогія Архівавана 25 кастрычніка 2015.