Другое камп’енскае перамір’е

Другое камп’енскае перамір’е (ці Камп’енскае перамір’е 1940 года) — перамір’е, якое было заключана 22 чэрвеня 1940 года ў Камп’енскім лесе паміж нацысцкай Германіяй і Францыяй і завяршыла паспяховую кампанію нямецкіх войскаў у Францыі (май—чэрвень 1940 года). Вынікам перамір’я стаў падзел Францыі на акупацыйную зону нямецкіх войскаў і марыянетачную дзяржаву, якой кіраваў рэжым Вішы. Гітлер наўмысна настаяў на тым, каб перамір’е было заключана ў Камп’енскім лесе, таму што там было падпісана Камп’енскае перамір’е 1918 года паміж Германіяй і войскамі краін Антанты, якое прадугледжвала завяршэнне баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны на невыгодных для Германіі ўмовах.

Вільгельм Кейтэль і Шарль Хюнтцыгер падчас падпісання перамір’я, 22 чэрвеня 1940 года
Гітлер з набліжанымі глядзіць на помнік Фошу ў мемарыяльным комплексе ў Камп’енскім лесе.
Камп’енскі вагон вывозяць з музея праз пралом у сцяне

Гісторыя падпісання

правіць

Нямецкія войскі 10 мая 1940 гады пачалі ўварванне ў Бельгію, Нідэрланды і Францыю і на працягу месяца разграмілі французскія войскі і размешчаныя на кантыненце брытанскія экспедыцыйныя часці. 10 чэрвеня быў заняты Парыж, і ўрад Францыі пераехаў у Бардо. Прэм'ер-міністр Францыі Поль Рэйно адмовіўся весці перамовы пра мір і падаў у адстаўку 16 чэрвеня, яго змяніў герой Першай сусветнай вайны маршал Францыі Анры Філіп Петэн. Ён адразу ўступіў у перамовы з Гітлерам.

Месцам падпісання перамір’я Гітлер выбраў Камп’енскі лес, месца недалёка ад горада Камп’ень у дэпартаменце Уаза. Гэта павінна было сімвалізаваць гістарычны рэванш над Францыяй, паколькі Камп’енскі лес быў месцам падпісання зневажальнага перамір’я паміж Германіяй і Антантай у 1918 годзе, якое завяршыла дзеянні на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны і адзначыла пачатак канца Германскай імперыі. Рашэнне аб месцы падпісання перамір'я Гітлер прыняў яшчэ 20 мая, калі да заканчэння баёў было далёка[1].

Спецыяльна для гэтага выпадку той жа чыгуначны вагон маршала Фоша, у якім адбывалася падпісанне пагаднення ў 1918 годзе, быў дастаўлены з музея да месца падпісання. Перамовы пачаліся днём 21 чэрвеня. Гітлер, які прыбыў у Камп’ень разам з некалькімі вышэйшымі ваеннымі і грамадзянскімі чынамі Рэйха, дэманстрацыйна пакінуў цырымонію пасля абвяшчэння прэамбулы тэксту перамір'я. З боку Германіі на чале дэлегацыі застаўся Начальнік штаба Вярхоўнага галоўнакамандавання Вільгельм Кейтэль, з боку Францыі — генерал Шарль Хюнтцыгер. Першапачаткова Хюнтцыгер не меў паўнамоцтваў на падпісанне перамір'я, але з месца вядзення перамоў была ўсталявана сувязь з урадам у Бардо.

Кейтэль з самага пачатку заявіў, што складзены нямецкім кіраўніцтвам тэкст не будзе зменены. Падчас перамоў французская дэлегацыя і генерал Максім Вейган, які ад імя ўрада падтрымліваў сувязь з Бардо, выступілі супраць асобных умоў (напрыклад, супраць патрабавання выдаць Германіі яе грамадзян, якія беглі ў Францыю з-за палітыкі нацыстаў)[2]. Увечар 22 чэрвеня, у 18:30, Кейтэль запатрабаваў на працягу гадзіны падпісаць ці адхіліць тэкст перамір'я, у 18:50 Хюнтцыгер паставіў подпіс.

Увечар 24 чэрвеня ў Рыме было падпісана перамір'е з Італіяй.

 
Акупацыйная зона ў Францыі

Перамір'е прадугледжвала стварэнне акупацыйнай зоны нямецкіх войскаў на тэрыторыі прыкладна ў 60 % ад агульнай тэрыторыі Францыі, якая ахоплівала поўнач і захад краіны, уключаючы Парыж і ўсё атлантычнае ўзбярэжжа (артыкулы II і III). Французская армія павінна была раззброіцца і перадаць цяжкае ўзбраенне нямецкім войскам (артыкулы IV—VI); прадугледжвалася захаванне мінімальных злучэнняў для падтрымання парадку, колькасць якіх павінны былі вызначыць Германія і Італія. Французскі ваенны флот павінен быў быць дэмабілізаваны і пераведзены ў порты пад назіранне акупацыйных сіл. Са свайго боку немцы абавязаліся не выкарыстоўваць яго ў ваенных мэтах (артыкул VIII). Гандлёвыя судны павінны былі знаходзіцца ў портах да асобага дазволу (артыкул XI). На Францыю таксама ўскладваўся абавязак утрымліваць нямецкія войскі на сваёй тэрыторыі (артыкул XVIII).

Францыя перадавала Рэйху ўсіх нямецкіх ваеннапалонных, у той час як французскія салдаты павінны былі заставацца ў лагерах для ваеннапалонных да заканчэння баявых дзеянняў у Заходняй Еўропе (артыкулы XIX—XX). З каля паўтара мільёнаў французскіх ваеннапалонных каля мільёна заставаліся ў лагерах да 1945 года.[3] Акрамя гэтага Францыя абавязвалася выдаць Рэйху размешчаных на яе тэрыторыі грамадзян Германіі, якіх назаве нямецкае камандаванне (артыкул XIX; гаворка ідзе ў першую чаргу пра грамадзян Германіі, якія ўцяклі ў Францыю па палітычных матывах).

Заключны артыкул XXIV абвяшчаў, што перамір'е будзе захоўваць сілу да заключэння мірнага дагавора. У рэальнасці такі дагавор ніколі не быў заключаны.

Зноскі

  1. Ширер, У. Взлёт и падение Третьего рейха. С.159
  2. Ширер, У. Взлёт и падение Третьего рейха. С.163
  3. Pieter Lagrou Victims of genocide and national memory: Belgium, France and the Netherlands 1945-1965 // Past & Present. — Oxford: Oxford University Press, 1997, люты. — С. 24.

Літаратура

правіць
  • Ширер, У. Второе перемирие в Компьене // Взлёт и падение Третьего рейха = The Rise and Fall of the Third Reich. — М.: Захаров, 2009. — Т. 2. — С. 159—166. — 704 с. — ISBN 978-5-8159-0920-5.

Спасылкі

правіць