Дыярыуш Філіповіча

«Дыярыуш Афанасія Філіповіча» (аг.-усх.-слав.: Діаріушъ) — публіцыстычны звод (паводле М. Дабрыніна — аўтабіяграфічная палемічная аповесць[1], паводле С. Гараніна — споведзь-пропаведзь[2]) берасцейскага ігумена Афанасія Філіповіча, які складаецца з сямнаццаці інфармацыйных фрагментаў, два з якіх напісаныя пасля смерці святара[3]. Тэкст самога Афанасія складаецца з дзесяці самастойных твораў, напісаных у 16381646 гадах і аб’яднаных пяццю ўстаўкамі[3].

«Дыярыуш» прападобнага Апанаса

У ім аб’яднаныя ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзённікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланні і лісты А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канта — аднаго з найбольш ранніх нотных запісаў у беларускай музыцы[4].

У тэкст Дыярыуша уваходзяць творы: «Гісторыя падарожжа ў Маскву», «Першая супліка», «Тлумачальная запіска суду духоўнай кансісторыі», «Навіны прававерным пажаданыя…», «Падмурак непарадку рымскага касцёла», «Трэцяя супліка», «Падрыхтоўка да суда», «Парада каралю», «Пра царкоўны фундамент», «Прычыны ўчынку». У дадатку змешчаны творы, напісаныя пасля смерці А, Філіповіча манахамі берасцейскага Сімяонаўскага манастыра: «Пра слаўную смерць… Афанасія Філіповіча» і «Надгробак Афанасію Філіповічу».

«Дыярыуш» А. Філіповіча напісаны ў пераходны і пераломны для рэлігійнай барацьбы час і стаіць на памежжы палемічнай і мемуарнай літаратуры. Твор вызначаецца адкрытай тэндэнцыйнасцю, палітычнай і рэлігійнай завостранасцю, пафаснасцю, насычанасцю грамадска-палітычным зместам і агітацыйнасцю[3]. У «Дыярыушы» спалучаюцца элементы барока, гатычнай паэтыкі і рэалізму, неаднародная кампазіцыя і мова твору — месцамі амаль размоўная, месцамі ўскладнёная і заблытаная са шматлікімі паланізмамі і стараславянізмамі[1].

На беларускую мову «Дыярыуш» перакладалі Івана Саверчанка (Роднае слова, № 1, 2003) і С. Вераціла (Полымя, № 1, 2002).

Зноскі

  1. а б Дабрынін М. К. Беларуская літаратура. Старажытны перыяд. Мн., 1952. — С. 220.
  2. Хрысціянства і беларуская культура: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снежня 2000 г.) / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канапланік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — С. 98—99. — 208 с.
  3. а б в Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 595—611
  4. 410 год з дня нараджэння Афанасія Брэсцкага (Філіповіча Афанасія; каля 1595 ці каля 1596 ці 1597(?) - 1648), святога беларускай праваслаўнай царквы, грамадскага, палітычага і царкоўнага дзеяча, пісьменніка-публіцыста(недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (11 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2013. Праверана 9 чэрвеня 2014.

Спасылкі

правіць
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Дыярыуш Філіповіча