Дэмілітарызаваная зона (В’етнам)
Дэмілітарызаваная зона В’етнама (англ.: Demilitarized Zone, скарочана DMZ) — зона, якая падзяляла В’етнам на дзве дзяржавы ў 1950—1970-х гадах. Падчас В’етнамскай вайны была месцам актыўных баявых дзеянняў.
Згодна з Жэнеўскім пагадненням 1954 года, якія завяршылі каланіяльную вайну Францыі ў Індакітаі, В’етнам часова падзяляўся на дзве часткі з розным дзяржаўным ладам. Аб’яднанне краіны меркавалася правесці пасля ўсеагульных свабодных выбараў у 1956 годзе. Паўночны і Паўднёвы В’етнам былі падзелены па 17-й паралелі дэмілітарызаванай зонай, у якой забаранялася размяшчаць ваенныя аб’екты або воінскія падраздзяленні. ДМЗ шырынёй некалькі кіламетраў пралягала паміж гарадамі Куанчы і Віньлінь, па абодвух берагах ракі Бенхай, якая стала сімвалам падзелу краіны.
У ходзе В’етнамскай вайны ваюючыя бакі актыўна парушалі дэмілітарызаваны статус зоны. Паўночнав’етнамская армія з 1966 года пастаянна выкарыстоўвала ДМЗ для перакідання сваіх воінскіх падраздзяленняў у Паўднёвы В’етнам. ДМЗ стала зыходным раёнам для наступленняў паўночнав’етнамскіх сіл у правінцыі Куан Чы падчас шырокамаштабных наступальных аперацый 1972 і 1975 гадоў. У сваю чаргу ЗША падвяргалі артылерыйскім абстрэлам і авіяцыйным бамбардзіроўкам ваенныя аб’екты ў ДМЗ. Паўднёвей дэмілітарызаванай зоны быў разгорнута ланцужок апорных баз амерыканскай марской пяхоты, прызначаных для стрымлівання варожых падраздзяленняў, якія ішлі праз ДМЗ; па плане міністра абароны ЗША Макнамары, тут меркавалася стварыць умацаваную лінію з шырокім выкарыстаннем электронных сродкаў выяўлення праціўніка. У 1966—1969 гадах у раёне ДМЗ адбываліся адны з найбольш буйных бітваў вайны гэтага перыяду. У маі 1967 года наземныя амерыканскія сілы ўпершыню ўварваліся ў ДМЗ, разбурыўшы там шматлікія пазіцыі паўночнав’етнамскай арміі. У далейшым такія рэйды праводзіліся яшчэ некалькі разоў. Інтэнсіўнасць баявых дзеянняў рэзка знізілася ў 1970—1971 гадах у сувязі з пачаткам вываду амерыканскіх войскаў з В’етнама і часовым спыненнем актыўных дзеянняў паўночнав’етнамскай арміяй.
Дэмілітарызаваная зона паміж Паўночным і Паўднёвым В’етнамам спыніла існаванне пасля ваеннай перамогі Поўначы ў 1975 і ўз’яднання краіны ў 1976. У цяперашні час раён былой ДМЗ наведваюць шматлікія турыстычныя экскурсіі.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Дэвидсон Ф. Война во Вьетнаме (1946—1975) = Vietnam at War: The History 1946-1975. — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 816.