Еўропа (атэль, Мінск)
«Еўропа» — пяцізоркавы гатэль, які знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 28 горада Мінска, адноўлены ў 2007 годзе.
Гатэль | |
Еўропа | |
---|---|
![]() | |
53°54′09,63″ пн. ш. 27°33′26,18″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | Мінск |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Асноўныя даты | |
1884 — Рэканструкцыя пасля пажару |
|
![]() |
Гісторыя правіць
19 стагоддзе правіць
Дарэвалюцыйная гасцініца была ўзведзена на сродкі Веньяміна Поляка і належала яму. Ён выхадзец з найбагацейшай мінскай купецкай дынастыі, сямейства Полякаў. Галоўны з іх — Майсей — быў саўладальнікам найбуйнейшай у Мінску банкірскай канторы «Вейсбрэм і Поляк» і некалькіх фанерных заводаў, вёў буйны гандаль воўнай і хлебам. У іншых Полякаў быў свой бізнес: Ізраіль зарабляў хлебам і будаўнічымі падрадамі, Абрам гандляваў лесам. Веніямін вядомы з 1890-х гадоў як гандляр каланіяльнымі таварамі[1].
У сярэдзіне XIX стагоддзя да паўночна-ўсходняй частцы гасцініцы быў прыбудаваны трохпавярховы корпус. Пасля пажару 1884 гасцініца была рэканструявана — вышыня ўсіх частак выраўнаваная да трох паверхаў — і стала называцца «Еўропа».
20 стагоддзе правіць
У 1906—1909[2] гг. «Еўропа» была перабудавана ў стылі мадэрн. Гэта было самае буйное грамадзянскае збудаванне дарэвалюцыйнага Мінска — шэсць паверхаў, 130 нумароў[2]. Валодалі гасцініцай у той час браты — Рыгор і Якаў Полякі.
У 1913 г. у гасцініцы працавалі першакласны рэстаран А. Г. Саўлевіча, жаночая і мужчынская цырульня, чытальная зала. У кожным з 130 нумароў «Еўропы» былі тэлефон, рукамыйнік, электраасвятленне, вадзяное ацяпленне, ванна. Дзейнічаў ліфт[2]. Да пад’ездаў заказваўся аўтамабіль альбо экіпаж[2].
Гасцініца была шасціпавярховым будынкам, з вылучанымі цэнтральнымі часткамі на бакавых фасадах і трыма спаранымі вокнамі ў цэнтральнай восі другога, трэцяга і чацвёртага паверхаў. На трэцім паверсе знаходзілася паўцыркульная арка-балкон, зверху ўпрыгожаная ляпнінай (балконы таксама размяшчаліся на другім-чацвёртым паверхах)[2].
Будынак быў падзелены вертыкальнымі пілястрамі, якія аддзялялі кожнае акно ў агульны вертыкальны рад. Прастора паміж вокнамі верхніх паверхаў была аздоблена скульптурнымі элементамі — выявамі жаночых галовак, ляпнымі расліннымі матывамі. На другім паверсе вокны былі з замковымі камянямі. Будынак меў складаны фігурны карніз. Адметна выглядаў шосты паверх, пабудаваны з адступам ад карніза і багата аздоблены дэкаратыўнымі ляпнымі элементамі на атыку. На кожным фасадзе шосты паверх упрыгожваўся па цэнтры паўцыркульным фрызам. На канцы аднаго, бакавога, і большага фасадаў (другі паверх) меўся эркер[2].
19 лютага 1918 года, у часе акцыі вызвалення Мінска беларускімі і польскімі вайскоўцамі ад бальшавікоў, беларускія змагары ўварваліся ў гатэль, каб арыштаваць савецкага камісара Карла Ландара, а таксама чыноўнікаў мінскага штаба ЧК і Чырвонай арміі. Бальшавікі былі вымушаныя ўцякаць ад беларусаў праз тыльны выхад і хутка з’ехаць з горада. Здабыццё гатэлю было адным з галоўных дасягненняў беларусаў у беларуска-польскай антыбальшавіцкай акцыі[3].
Будынак быў разбураны летам 1944 года падчас другай сусветнай вайны ў выніку савецкага наступу на горад.
21 стагоддзе. Аднаўленне правіць
15 красавіка 2004 года была прынятае рашэнне наконт аднаўлення гасцініцы «Еўропа». На рэканструкцыю гасцініцы і ператварэнне яе ў пяцізоркавы гатэль адводзілася два гады. Першых наведвальнікаў гасцініца прыняла ў 2007 годзе.
Нумарны фонд гасцініцы сёння ўключае 67 розных па катэгорыях нумароў.
У гатэлі «Еўропа» ёсць рэстаран, бар, аздараўленчы комплекс з басейнам, саўнай і фітнес-цэнтрам, дзве канферэнц-залы ўмяшчальнасцю на 70 і 25 чалавек, і падземны паркінг.
Зноскі
- ↑ «Беларуская Дзелавая Газета» ад 21 кастрычніка 2004.
- ↑ а б в г д е Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 337-338. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ Oleg Łatyszonek: Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995, s. 75-78. ISBN 83-903068-5-9. [dostęp 2010-10-29]
Спасылкі правіць
Еўропа (атэль, Мінск) на Вікісховішчы |