Жанчына з Элінга (дацк.: Ellingkvinden) — умоўнае абазначэнне жанчыны, якая памерла ў эпоху жалезнага веку і пахавана ў тарфяным балоце ў ваколіцах Сількебарга, Данія. З'яўляецца адным з найбольш добра захаваных балотных цел.

Жанчына з Элінга
Рэканструяваная прычоска жанчыны з Элінга

Апісанне правіць

Жанчыну з Элінга знайшоў у 1938 годзе селянін-датчанін падчас работ па здабычы торфу ў мясцовым балоце. Аб знаходцы ён паведаміў навукоўцам, і цела было перавезена для вывучэння ў Капенгаген. Хоць адносна добра захавалася толькі задняя частка цела і, у асаблівасці валасы на галаве[1], было ўстаноўлена, што труп належыць жанчыне.

У 1930-х гадах яшчэ не было распрацавана метадаў для датыроўкі падобных знаходак, таму жанчына з Элінга доўгі час праляжала ў запасніках Нацыянальнага музея Даніі. Поўнамаштабныя даследаванні яе цела пачаліся толькі ў 1976 годзе. Вывучэнне зубоў на рэнтгенаўскіх здымках дапамагло ўстанавіць, што яна памерла ва ўзросце каля 25 гадоў, а з дапамогай радыёвуглероднага аналізу навукоўцы вызначылі і прыблізны час смерці — каля 280 г. да н. э. Хутчэй за ўсё жанчына з Элінга была задушаная або павешана — на яе шыі застаўся след ад скуранога шнура, знойдзенага ў тым жа балоце. Яе доўгія валасы (каля 90 см) былі заплеценыя ў касу і выкладзеныя ў досыць складаную прычоску.

Захаваная вопратка жанчыны складалася з накідкі, якая была пашытая з чатырох кавалкаў аўчыны, злучаных вельмі акуратнымі шыўкамі[2]. Яе даўжыня даходзіла да сцёгнаў. Верагодна, на жанчыне было і іншае адзенне, аднак хутчэй за ўсё яна была вытканая з раслінных валокнаў і цалкам стлела. У карысць гэтай здагадкі кажа і той факт, што вакол яе таліі быў павязаны плецены пояс[3] з авечай воўны даўжынёй 67 см і шырынёй 4 − 5 см.

У цяперашні час цела жанчыны з Элінга знаходзіцца ў экспазіцыі музея Сількебарга.

Гл.таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць