Зборная Фіджы па рэгбі-7

Зборная Фіджы па рэгбі-7 — нацыянальная рэгбійная зборная, якая прадстаўляе Фіджы ў спаборніцтвах па рэгбі-7. Фіджыйская зборная з’яўляецца адной з самых папулярных і наймацнейшых зборных па рэгбі-7 у свеце. Утрымлівае рэкорд па колькасці перамог у адным з самых папулярных турніраў Сусветнай серыі па рэгбі-7 — Hong Kong Sevens — 12 разоў з моманту яго заснавання ў 1976 годзе. Фіджыйцы таксама двойчы выйгравалі чэмпіянат свету — у 1997 і 2005 гадах (абодва розыгрышы праходзілі ў Ганконгу).

Зборная Фіджы з’яўляецца чатырохразовым пераможцам Сусветнай серыі: дзякуючы перамозе ў сезоне 2015/2016 яна забяспечыла сабе прамую пуцёўку на Алімпійскія гульні 2016 года, а 12 жніўня на алімпійскім турніры ў Рыа-дэ-Жанейра фіджыйцы перамаглі зборную Вялікабрытаніі 43:7, дзякуючы гэтаму заваявалі першы ў гісторыі Фіджы алімпійскі медаль.[1] У 2021 годзе на Алімпіядзе ў Токіа фіджыйцы паўтарылі свой поспех, выйграўшы другое «золата» запар: у фінале абыгралі Новую Зеландыю.

Гісторыя

правіць

Першым поспехам зборнай Фіджы па рэгбі-7 стаў выйгрыш у 1977 годзе традыцыйнага турніру, які пазней быў уключаны ў Сусветнай серыі рэгбі-7 — Hong Kong Sevens, у фінале якога «астравіцяне» абыгралі зборную Марлбара. У чэмпіянатах свету фіджыйская зборная дэбютавала ў 1993 годзе і двойчы станавілася пераможцам — у 1997 і 2005 гадах. Тройчы — у 2001, 2005 і 2009 гадах, фіджыйская зборная па рэгбі-7 станавілася пераможцам Сусветных гульняў — найбуйнейшага міжнароднага спаборніцтва па відах спорту, якія не ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў.

З 2000 года зборная Фіджы прымае ўдзел у Сусветнай серыі па рэгбі-7 — штогадовай серыі турніраў, якія праводзіць Міжнародны савет рэгбі. Дэбютны сезон аказаўся стратным для Рэгбійнага саюза Фіджы, і ўжо ў снежні 2000 года кіраўнікі рэгбійнага саюза заявілі пра наяўнасць запазычанасцяў на суму 933 306 фіджыйскіх долараў. Фіджыйцы звярнуліся да Міжнароднага рэгбійнага саюза з просьбай аб фінансавай дапамозе, сцвярджаючы, што ўвесь розыгрыш быў пабудаваны вакол іх нацыянальнай зборнай. Міжнародны саюз прыслухаўся да просьбаў і аказаў неабходную фінансавую дапамогу. Гэта дазволіла зборнай з астраўной краіны не толькі працягнуць выступы ў сусветнай серыі, а фіджыйскаму рэгбійнаму саюзу атрымаць прыбытак у суме 560 311 фіджыйскіх долараў, у параўнанні са стратай мінулага года 675 609 долараў.[2]

У 2001 годзе ўрад Аўстраліі адмовіў у візах гульцам зборнай Фіджы, якія ехалі на этап Сусветнай серыі ў Брысбен. Прычынай адмовы быў дзяржаўны пераварот год таму. Міжнародны савет рэгбі расцаніў падобныя дзеянні як непрымальныя і абвясціў пра адмену этапу ў Брысбене.

Адным з лепшых гульцоў свету па рэгбі-7 прызнаны былы гулец зборнай Фіджы Вайсале Серэві. Серэві, які выступаў за зборную з 1989 па 2006 год, атрымаў мянушку «Маэстра», і быў лідарам зборнай на ўсіх міжнародных турнірах, з двума пераможнымі Кубкамі свету ў 1997 і 2005 гадах. У 2005—2007 гадах выконваў ролю спачатку гуляючага, а затым галоўнага трэнера, і прывёў зборную да перамогі ў Сусветнай серыі 2005—2006 гадоў. У 2012 годзе Вайсале Серэві быў уключаны ў Залу славы Міжнароднага савету рэгбі.[3]

Крыніцы

правіць
  1. Fiji thrash Great Britain to win Olympic men’s rugby sevens gold. The Guardian (11 жніўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2019. Праверана 5 кастрычніка 2016.
  2. Fiji 7s (англ.). Fiji Rugby Union. Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2016. Праверана 5 кастрычніка 2016.
  3. "2012 Inductee: Waisale Serevi". World Rugby(англ.). Архівавана з арыгінала 2016-10-06. Праверана 2016-10-05.