Зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту

Зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту, або зварот супраць гвалту ці ліст беларускіх навукоўцаў, поўная назва Зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь — адкрыты зварот беларускай навуковай і навукова-тэхнічнай супольнасці, які стаў рэакцыяй на падзеі 9 жніўня 2020 года. Зварот апублікаваны 11 жніўня 2020 года[1][2][3].

Тэкст звароту

правіць

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, узрушаныя падзеямі апошніх некалькіх дзён.

9 жніўня 2020 года, падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па дадзеных незалежных назіральнікаў і па сведчаннях выбаршчыкаў мелі месца масавыя фальсіфікацыі, зафіксаваныя шматлікія парушэнні выбарчага кодэкса. У многіх выпадках члены камісій пакідалі выбарчыя ўчасткі ў суправаджэнні міліцыі і атрадаў АМАП, забіраючы з сабой гатовыя пратаколы з мэтай стварыць перашкоды для азнаямлення з імі выбаршчыкаў, што з’яўляецца грубейшым парушэннем заканадаўства. Мы не давяраем афіцыйна агучаным вынікам выбараў і адчуваем найглыбейшую незадаволенасць тым, якім чынам яны былі арганізаваныя і праведзеныя.

Нас глыбока раняць і абураюць дзеянні сілавых структур Рэспублікі Беларусь, якія неабгрунтавана прымяняюць у апошнія дні беспрэцэдэнтную па маштабе і жорсткасці сілу ў адносінах да тысяч мірных беларусаў. Выкарыстанне спецсродкаў (гумавых куль, светлашумавых гранат, слезацечнага газу), вадамётаў і іншай спецтэхнікі, а таксама прымяненне фізічнага гвалту з боку сілавых структур падчас мірных акцый пратэсту супраць бяззбройных людзей парушае грамадзянскія правы, гарантаваныя артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі афіцыйных крыніц падчас мірных пратэстаў загінуў 1 чалавек і не менш 10 сур’ёзна параненыя. Мы патрабуем правядзення незалежнага раследавання кожнага акта жорсткасці і гвалту з боку сілавых структур.

Мы лічым абмежаванне доступа да інтэрнэту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у апошнія дні наўмысным парушэннем нашых правоў на доступ да праўдзівай і своечасовай інфармацыі, гарантаваных артыкулам 34 Канстытуцыі РБ. Мы заклікаем усіх адказных за адключэнне інтэрнэту не паўтараць падобнае ізноў, паколькі гэта прыводзіць да цяжкіх эканамічных і сацыяльных наступстваў для ўсіх грамадзян незалежна ад іх палітычных перакананняў.

Мы заклікаем як дзяржаўныя, так і незалежныя СМІ ўстрымацца ад ужывання слоў нянавісці ў адносінах да прадстаўнікоў сілавых структур і мірна пратэстуючых грамадзян. Рэдактары і журналісты, на вас зараз ляжыць вялізная адказнасць за тое, як вырашыцца гэтая сітуацыя, якая не павінна ні ў якім выпадку перарасці ў канфлікт з прымяненнем зброі. Будзьце абачлівымі, не забывайце, што сярод людзей, якія выйшлі на вуліцы, могуць быць вашы блізкія.

Мы, вучоныя, выкладчыкі, супрацоўнікі навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, што падпісаліся ніжэй, патрабуем:

  • неадкладна спыніць любы гвалт у адносінах да мірных грамадзян;
  • вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў і палітзняволеных.

Лічым дзеянні сілавых структур незаконнымі, непрымальнымі і парушаючымі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паколькі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыі РБ).

Тэкст звароту быў прадубліраваны на англійскай, рускай, кітайскай мовах. Станам на 11 жніўня 2020 года зварот падпісала 2845 чалавек[4].

Рэакцыя грамадства на зварот

правіць

Адразу пасля публікацыі звароту, было сабрана экстраннае пасяджэнне Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на якім тагачасны старшыня Прэзідыума — Уладзімір Гусакоў, звяртаючыся да дырэктараў навукова-даследчых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, назваў зварот правакацыйным і заклікаў лепш кантраляваць сваіх супрацоўнікаў, асабліва моладзь[1]:

Я вынужден был сегодня вас пригласить, чтобы вы навели порядок в своих институтах. Вы должны знать, чем дышит каждый человек — особенно молодежь. Мы гордились тем, что обновлялись и набирали молодежь. Но они же неуправляемые! Что они делают в лабораториях — никто не знает. Представляете, «ученые против насилия». И это началось с Академии наук!

Паралельна з супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук, асобны зварот супраць гвалту быў і ў супрацоўнікаў фізічнага факультэта БДУ. У сваім звароце навукоўцы БДУ заклікалі спыніць гвалт на вуліцах, вызваліць палітычных зняволеных, забяспечыць выкананне правоў і свабод грамадзян, правесці новыя выбары прэзідэнта ў адпаведнасці з законам і абноўленым складам ЦВК:

Понимая законы распределения вероятностей, логику математической статистики, опираясь на свидетельства многочисленных нарушений во время избирательного процесса и руководствуясьмы требуем признать результаты состоявшихся 09.08.2020 г. выборов Президента Республики Беларусь недействительными

Зварот падпісала больш за 350 чалавек, у тым ліку першы кіраўнік незалежнай Беларусі — Станіслаў Шушкевіч.

Пазней, 14 жніўня 2020 года кіраўніцтва НАН Беларусі і група акадэмікаў выступіла з афіцыйнай заявай наконт падзей жніўня 2020 года. Тэкст звароту пасля быў выдалены з сайта Акадэміі навук, але захаваўся варыянт на англійскай мове[5]:

We appeal to the Belarusian people: be cautious, don’t give in to provocation, don’t pursue a “street” policy. Decisions are not taken on the streets, they are taken by means of consensus and interrelation between authorities and society. The administration of the Academy of Sciences calls for stop of the country destruction. (Мы звяртаемся да беларускага народа: будзьце асцярожнымі, не паддавайцеся на правакацыі, не праводзьце «вулічную» палітыку. Рашэнні прымаюцца не на вуліцах, яны прымаюцца кансенсусам і ўзаемаадносінамі ўлады і грамадства. Кіраўніцтва Акадэміі навук заклікае спыніць разгром краіны)

12 верасня 2020 года на сайце Scientific.ru апублікавана заява расійскіх навукоўцаў са словамі падтрымкі беларускіх навукоўцаў[6]. На момант выхаду артыкула пад заявай стаяла больш за 500 подпісаў, у тым ліку дзесяці акадэмікаў і дванаццаці член-карэспандэнтаў РАН. Пазней Прэзідыум НАН Беларусі адрэагаваў на заяву расійскіх навукоўцаў з крытыкай і абвінавачаннямі ў тым, што «заява цалкам пабудавана на несапраўдных фактах, з’яўляецца скажонай і палітычнай»[7].

16 верасня 2020 года Прэзідыум РАН выпусціў адказ на апошнюю заяву Прэзідыума НАН Беларусі з удакладненнем, што:

Президиум РАН считает, что члены академии имеют полное право высказывать личные оценочные суждения в отношении послевыборных событий в Республике Беларусь. Однако гражданская позиция отдельных членов академии не может отождествляться с институциональной позицией РАН как государственной академии наук

Восенню 2022 года ў Беларусі пачаліся затрыманні навукоўцаў, якія ў 2020 годзе падпісалі Зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту[8][9][10][11].

Зноскі

  1. а б Ученые подписывают обращение против насилия — уже более 1000 человек. onliner.by (13 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2023.
  2. Более 1 тыс. ученых подписали письмо против насилия в Белоруссии. IZ.RU (14 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2022.
  3. [Более тысячи учёных подписали обращение против насилия в Белоруссии Более тысячи учёных подписали обращение против насилия в Белоруссии]. Московский комсомолец (14 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2022.
  4. Обращение представителей научной общественности Республики Беларусь. scienceby2020.github.io. Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2022.
  5. Appeal of Chairman of NASB Presidium Vladimir Gusakov. nasb.gov.by (14 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2022.
  6. Заявление о Беларуси. scientific.ru (12 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2023.
  7. Обращение Президиума Национальной академии наук Беларуси к Президиуму Российской академии наук. nasb.gov.by (17 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2020.
  8. Арестованы 71-летний членкор Академии наук и его жена. Наша ніва (6 лістапада 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2022.
  9. Задержаны член-корреспондент НАН и его жена. euroradio.fm (6 лістапада 2022). Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2022.
  10. Подтвердилась информация о задержании выдающегося языковеда Сергея Гаранина. Наша ніва (6 лістапада 2022). Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2022.
  11. Облава в Академии наук, КГБ задерживал 44 сотрудников. Наша ніва (2 лістапада 2022). Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2022.