Зязюлін лён звычайны

від раслін

Зязюлін лён звычайны (Polytrichum commune) — від зялёных імхоў сямейства палітрыхавых.

Зязюлін лён звычайны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Polytrichum commune Hedw., 1801


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  15759
NCBI  3213
EOL  883425
IPNI  ???
TPL  tro-35125360

Апісанне правіць

Мае простае неразгалінаванае прамастаячае сцябло даўжынёй 30-40 см, якое густа пакрыта лінейна-шылападобным, а ўнізе — больш дробным бурым лісцем. Яшчэ ніжэй яно пераходзіць у бурае карэнішча, ад яго адыходзяць шматлікія ржава-бурыя рызоіды.

Сцябло мае складаную ўнутранную будову. У сярэдзіне яго размешчаны канцэнтрычны праводзячы пучок — зачаткавая стэла. У цэнтры пучка знаходзіцца «ксілема», з мёртвых падоўжных клетак з тонкімі скошанымі папярочнымі сценкамі; падоўжныя сценкі іх даволі тоўстыя. Гэтыя клеткі праводзяць ваду і адпавядаюць функцыянальна трахеідам больш арганізаваных вышэйшых раслін. Аднак марфалагічна яны не з'яўляюцца трахеідамі, таму што не маюць пор, для забеспячэння скразной сувязі клетак паміж сабой.

За «ксілемай» у 1-2 слаі размешчана крухмальная похва. Клеткі яе запоўнены крухмалам. За крухмальнай похвай размяшчаецца кальцо з некалькіх слаёў клетак «флаэмы». Яна складаецца з жывых падоўжных клетак з густым плазменным змесцівам. Гэтыя клеткі знешне нагадваюць сітападобныя трубкі, якім і адпавядаюць функцыянальна. Яны праводзяць пластычныя рэчывы. Аднак гэтыя клеткі не маюць сітападобных пласцінак, ці пор, ці іншых скразных адтулін ні на папярочных, ні на падоўжных сценках.

Пучок акружае кара. У ёй бачны ліставыя сляды — адгалінаванні праводзячых элементаў ад цэнтральнага пучка да лістоў. Звонку сцябло пакрыта эпідэрмай.

Лісты зязюлінага льну маюць складаную будову. У іх ёсць цэнтральная жылка, верхні і ніжні эпідэрмісы. На верхнім баку ліста размяшчаюцца пласціністыя вырасты, т. з. асімілятары. Клеткі іх зялёныя, утрымліваюць хларафіл. Яны павялічваюць асіміляцыйную паверхню ліста. У жылцы ліста ёсць ксілема і флаэма, а таксама механічныя клеткі.

Пашырэнне правіць

Распаўсюджаны ў хвойных лясах, на ўскрайку балот.

Асаблівасці біялогіі правіць

Зязюлін лён — расліна двухдомная. На верхавіне сцяблоў адных раслін утвараюцца антэрыдыі, на другіх — архегоніі. Яны сабраны групамі і акружаны верхавіннымі лістамі.

Антэрыдыі маюць мехападобную форму на кароткай ножцы і адзеты аднаслойнай сценкай. У антэрыдыі ўтвараецца вялікая колькасць сперматагенных клетак. Кожная з ix дае двухжгуцікавы сперматазоід. Антэрыдый ускрываецца ў дажджавое надвор'е шчылінай на верхавіне. Паміж антэрыдыямі знаходзяцца парафізы — вырасты сцябла ў выглядзе аднарадных ніцей ці пашыраных на верхавіне пласцінак.

На мужчынскіх раслінах група антэрыдыяў акружана вегетатыўнымі лістамі бурага колеру і мае выгляд «кветкі». Кропка росту сцябла не ідзе на ўтварэнне антэрыдыяў, і сцябло ў далейшым прарастае, утварае новы парастак. На сцябле зязюлінага льну можна бачыць да 5-6 такіх разетак.

Архегоніі маюць звычайную будову, уключаюць брушка і доўгую шыйку. Звонку яны акружаны лістамі, якія не адрозніваюцца ад звычайных вегетатыўных лістоў.

Пасля апладнення з зіготы развіваецца спарагон. Ён складаецца з каробачкі i доўгай ножкі, ніжняя пашыраная частка якой называецца гаўсторыяй. Зверху каробачка спарагона пакрыта каўпачком, або каліптрай (рэшткі брушка архегонія). У далейшым каўпачок скідваецца.

 
Спелыя каробачкі

Спелая каробачка мае складаную будову. Сярэдняя пашыраная частка яе атрымала назву урначкі, у аснове каробачкі — апафіза і зверху — вечка. Унутры каробачкі ад асновы ўгару падымаецца калонка — цяж бясплодных парэнхіматычных клетак. Калонка ўверсе пашыраецца і ўтварае на мяжы вечка і урначкі тонкую пласцінку — эпіфрагму. Перыстом налягае на край эпіфрагмы ў выглядзе зубчыкаў.

Вакол калонкі на тонкіх ніцях падвешаны спарангій. Ніці прымацоўваюць спарангій да калонкі і сценак урначкі. У спарангіі са спарагеннай тканкі рэдукцыйным шляхам утвараюцца шматлікія споры.

Клеткі сценкі маладой каробачкі ўтрымліваюць хларафіл, таму спарагон зялёных імхоў жывіцца часткова самастойна.

Пры падсыханні каробачкі вечка аддзяляецца ад урначкі. Уваход у урначку закрывае эпіфрагма і перыстом. У вільготнае надвор'е зубчыкі перыстома набухаюць, налягаюць на эпіфрагму, закрываючы ўваход у урначку. Вада ў урначку не трапляе і не выклікае прарастання спор. У сухое надвор'е зубчыкі перыстома выпрамляюцца, эпіфрагма адыходзіць ад сценак урначкі і праз адтуліны паміж зубчыкамі перыстома споры порцыямі высяваюцца на зямлю.

Перыстом — складаны орган, ён забяспечвае раўнамернае і паступовае рассейванне спор. На паверхні глебы спора прарастае ў ніткаватую, багата разгалінаваную пратанему (прадростак). На пратанеме ўтвараюцца пупышкі, з якіх развіваюцца лістасцябловыя расліны.

На гэтым цыкл развіцця зязюлінага льну заканчваецца. Як і ва ўсіх зялёных імхоў, пераважаючым пакаленнем з'яўляецца гаметафіт — пратанема, сама лістасцябловая расліна з антэрыдыямі і архегоніямі. Спарафіт прадстаўлены каробачкай на ножцы. Ён цесна звязаны з гаметафітам, не можа існаваць самастойна. Пры ўтварэнні спор адбываецца рэдукцыйнае дзяленне. Споры, такім чынам, гаплоідныя.

Літаратура правіць

  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6

Спасылкі правіць