Казахскі драбнасопачнік

Казахскі драбнасопачнік, Цэнтральнаказахстанскі драбнасопачнік (па-казахску: Сары Арқа) — моцна разбураная і згладжаная горная краіна ў цэнтральнай і ўсходняй частках Казахстана.

Казахскі драбнасопачнік
Каркаралінскія горы

Працягласць з захаду на ўсход каля 1200 км, шырыня ад 400 км на ўсходзе да 950 км на захадзе. У заходняй частцы рэльеф больш выраўнаваны; вылучаюцца горны масіў Улугау (1133 м) на захадзе і Какчэтаўскае ўзвышша (947 м, гара Сінюха) на поўначы. Усходняя частка мае большыя абсалютныя вышыні і найбольш расчлянёны рэльеф; у цэнтры — Каркаралінскія горы (да 1403 м), нізкагор’і Кызылтас з масівам Аксаран (1566 м) і хрыбтом Чынгізтау (1469 м).

Какчэтаўскае ўзвышша

Тэрыторыя Казахскага драбнасопачніка ўваходзіць у склад Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса. Утварылася ад працяглай дэнудацыі старажытнага палеазойскага фундамента. Складзена з метамарфічных сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, вапнякоў і вывергнутых парод, якія месцамі перакрыты асадкавымі рыхлымі адкладамі. Радовішчы жалезных (Атасу, Каражал, Карсакпай), медных (Джэзказган, Базшаколь, Каўнрад), марганцавых (Атасу), поліметалічных (Карагайлы) руд, золата, (Майкаін), вугалю (Карагандзінскі і Экібастузскі вугальныя басейны).

Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэднія тэмпературы студзеня ад −14 °C да −18 °C, ліпеня 20—24 °C. Зімой маразы дасягаюць −40 °C, летам дзённыя тэмпературы паднімаюцца да 35 °C і больш (на поўдні). Гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм. Снегавое покрыва малой магутнасці. Летам частыя засухі.

Рэкі малаводныя, з іх найбуйнейшыя: Ішым, Нура, Сарысу. Шмат азёр. Самае буйное, але неглыбокае — салёнае возера Тэнгіз. На поўначы знаходзяцца прэсныя Какшэтаўскія азёры.

Разнатраўна-ціпчакова-кавыльныя стэпы ў паўночнай частцы змяняюцца на поўдні сухім ціпчакова-кавыльным стэпам; большая частка іх тэрыторыі ўзарана і занята пасевамі збожжавых. На поўдні і ўсходзе — паўпустыні і палынова-салянкавыя пустыні. У гарах — хваёвыя лясы са сланікавай арчой.

Літаратура

правіць
  • Казахскі драбнасопачнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.