Канча́р — від халоднай клінковай зброі, эвалюцыйная форма мяча, якая характырызуецца вельмі доўгім, выключна колючым клінком 3- ці 4-граннага сячэння, прыстасаваным для прабівання даспехаў.

Польскі канчар

Мог выкарыстоўвацца замест кап’я. Па прычыне значных памераў канчар ў похвах мацаваўся да сядла, пад левым ці правым каленам. Рукаяць канчара мела мячовую, шпажную ці шабельную форму. Парадныя канчары маглі афармляцца ў арыентальным стылі. У пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага канчар вядомы з 2-й паловы XVI стагоддзя. Першапачаткова канчары не заўсёды дакладна размяжоўваліся ад мячоў і былі слаба распаўсюджаны, асабліва ў феадальным апалчэнні. У 1570—1580-х гадах канчары выступаюць ужо як звыклы элемент феадальных арсеналаў. Выйшлі з ужытку ў XVIII стагоддзі[1].

Зноскі

  1. Бохан Ю. Канчар // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 39. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.