Капліца Святога Крыжа на Вавелі
Капліца Святога Крыжа, або Ягелонская капліца — адна з дзевятнаццаці капліц Вавельскага сабора пад тытулам Святога Крыжа і Святога Духа. Яна размешчаная ў заходняй частцы паўднёвага нефа. З 2008 года адкрыта для публікі.
Капліца | |
Капліца Святога Крыжа | |
---|---|
| |
50°03′16″ пн. ш. 19°56′06″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Польшча |
Кракаў | Вавельскі сабор |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Тып будынка | капліца |
Архітэктурны стыль | готыка |
Заснавальнік | Казімір IV Ягелончык |
Будаўніцтва | 1467—1477 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКапліца была ўзведзена ў 1467—1477 гады па фундыцыі караля Казіміра IV Ягелончыка і першапачаткова служыла пахавальняй для яго і яго жонкі Эльжбеты Ракушанскай. Тады ж (у 1470) яна была пакрыта паліхромным роспісам, у ёй былі размешчаны два трыпціхі, лавы і надмагіллі караля і каралевы працы Віта Ствоша. У XVI стагоддзі фрэскі часткова перафарбавалі. У XVIII стагоддзі сцены былі пабелены, а таксама размешчана надмагілле біскупа Каэтана Солтыка.
Рэстаўрацыя капліцы, звязана з аднаўленнем першапачатковага выгляду паліхромнага роспісу, была праведзена ў 1870 годзе Ісідара Яблонскім, у 1904—1905 гг. Юліяна Макарэвічам, у 1947—1951 гг. Рудольфам Казлоўскім.
Архітэктура
правіцьКапліца Святога Крыжа на Вавелі мае спічастыя арачныя сцены і нервюрныя гатычныя скляпенні, таму плоскасці, занятыя жывапісам, маюць вельмі складаныя абрысы.
Грабніца Казіміра IV Ягелончыка
правіцьГрабніца караля, якая займае вуглавую частку капліцы, выканана Вітам Ствошам і падпісана яго поўным імем. Побач з імем высечана дата «1492» — год смерці караля і адначасова год заканчэння працы над грабніцай, якая, па звычаі тых гадоў, была замоўлена яшчэ пры жыцці караля.
Грабніца складаецца з саркафага і полага, высечаных з каменя. На сценках саркафага В. Ствош таксама намаляваў плакальшчыкаў з розных пластоў грамадства, аднак яго скульптурныя фігуры насычаны ўжо не «трунным спакоем», а турботай і драматызмам зямнога жыцця.
Фрэскі
правіцьФрэскі, выкананыя ў 1470 годзе, нядрэнна захавалася. Як і ў люблінскім цыкле, тут ёсць кцітарскі надпіс, зроблены кірыліцай на старабеларускай мове, што сведчыць пра паходжанне майстроў з Беларусі. Гэта пацвярджаюць і польскія вучоныя В. Падляха, А. Ружыцка-Брыжак і іншыя даследчыкі[1][2][3].
Сюжэтныя сцэны захоўваюць тую ж заканамернасць размяшчэння, што ў люблінскай капліцы — ад трох да пяці ярусаў, адзін над другім. Апавяданне разгортваецца згодна з канонам — злева направа і пачынаецца з верняга яруса.
Лінія, якая была асноўным пластычным прыёмам люблінскага цыкла, заменена колеравым вырашэннем. Кампазіцыі шматфігурныя, твары акрэслены карычнева-чырванаватымі лініямі, а паўзверх ворхыстага тону карнацыі пакладзены прыцяненні, румяны і блікі святла.
Па сваіх стылявых адзнаках вавельскі фрэскавы цыкл больш адзіны, чым люблінскі, хаця і тут можна распазнаць руку майстроў двух розных напрамкаў. Аднаму належаць дэкарацыі скляпенняў, кампазіцыі «Благавешчанне», «Абмыванне ног», «Тайная вячэра», «Маленне аб чашы», «Еўхарыстыя», «Распяцце», «Аплакванне», «Сашэсце ў пекла», «З'яўленне Хрыста жонкам-міраносіцам», «Успенне» і інш. У гэтых фрэсках мацней, чым у іншых, адчуваюцца традыцыі гатычнага жывапісу, што праявілася ў вострай экспрэсіі, у моцным выяўленні пакут.
Другому майстру належаць кампазіцыі «Суд першасвяшчэннікаў», «Суд Пілата», «Бічаванне» і інш., выканананыя больш спакойна, без экспрэсіўнасці, псіхалагічнай напружанасці і выразнасці ўнутранага стану, характэрных для папярэдняга. Фігуры анемічныя, хаця пададзены ў руху («Бічаванне»). Формы фігур больш масіўныя і грубыя.
Зноскі
Літаратура
правіць- Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т.
- Kuczman Kazimierz: Wzgórze Wawelskie. Przewodnik. Wydanie 2 Kraków 1988.
- Rożek Michał: Krakowska katedra na Wawelu. Przewodnik dla zwiedzających. Wydanie 3 Kraków 1989.
- Ludwikowski Leszek: Kraków i okolice. Przewodnik. Wydanie 3 uzup. Warszawa 1991. ISBN 83-217-2823-5
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Капліца Святога Крыжа на Вавелі