Капліца Святога Крыжа (Несутычы)

Капліца Святога Крыжа — прыдарожная капліца ў вёсцы Несутычах Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Славутасць
Капліца Святога Крыжа
53°38′52″ пн. ш. 25°57′16″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Гісторыя правіць

Капліца ад Навагрудскай парафіі згадваецца з сярэдзіны XVIII ст.: драўляны, а пазней мураваны культавы будынак стаяў на мясцовых могілках, у алтары было змешчанае разблёнае Укрыжаванне, магчыма, перанесенае сюды з зачыненага касцёла езуітаў у Навагрудку.

У 1850 годзе уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага межавога суда Пётр Абламовіч, згодна з тэстамэнтам свайго брата Адама, «явил желание перестроить каплицу, чтоб было где служить заупокой». Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо 100 гадоў як існуе і што пабудавалі яе не Абламовічы, а магчыма, Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гадах перайшоў да Абламовічаў. Аднак аднавіць месца культу Абламовічам не дазволілі, таму што, паводле цытаты першакрыніцы: «каплица вредна для православия». Тым не менш, святыню ўсё ж уратавалі ад знішчэння і яна дзейнічала да Другой сусветнай вайны.

З другой паловы XVIII стагоддзя дзейнічала ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры вёскі, пры скрыжаванні.

У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчаная, металічны крыж з яе ўмуравалі пры ўваходзе на могілкі, а сапраўдны шэдэўр — велічнае алтарнае Укрыжаванне — вернікі перанеслі ў прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.

Капліца доўгі час знаходзілася амаль у руінным стане. У ваконныя праёмы ўставілі шыбы, а замест дзвярэй вернікі прымацавалі старыя звычайныя дзверы ад кватэры № 15, што надало святыні пэўную недарэчнасць у выглядзе.

Улетку 2022 года з ініцыятывы ксяндза Юрыя Жэгарына распачалося аднаўленне капліцы, фігура Езуса была адпраўлена на рэстаўрацыю.

У 16 верасня 2023 года адбылося ўрачыстае благаслаўленне старадаўняй мураванай барочнай адноўленай капліцы Святога Крыжа. Абрад здзейсніў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Урачыстасць прыгожым спевам аздобіў хор Гродзенскай дыяцэзіі «Cantate Domino». На свяце былі прысутныя прадстаўнікі улады Навагрудскага раёна, мецэнаты, мясцовыя жыхары, вернікі з Навагрудка, а таксама госці з Гродна, Ліды і Мінска.

Архітэктура правіць

Па задумцы стваральнікаў, сама капліца з’яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі кроны дрэваў, высаджаных як калоны касцёла, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага каменя. Капліцу пабудавалі ў стылі барока з цэглы і атынкавалі.

Крыніцы правіць

Спасылкі правіць