Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар францысканцаў (Сянно)

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар францысканцаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у горадзе Сянне Віцебскай вобласці.

Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар францысканцаў
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, 1907 год
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, 1907 год
54°48′49″ пн. ш. 29°42′36″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Сянно
Заснавальнік Яўстах Курч
Першае згадванне 1609
Будаўніцтва 16681772 гады
Дата скасавання 1962
Стан знішчаны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

У 1609 годзе для канвентуальных францысканцаў Яўстафіем Курчам у Сянне быў пабудаваны касцёл. Ён насіў імя Францыска Асізскага, заснавальніка ордэна. Архітэктарам з’яўляўся Іаган Вільгельм Фрэзер.

У 1772 годзе пры актыўным удзеле новых уладароў горада, прадстаўнікоў княжацкага роду Агінскіх Тадэвуша і яго жонкі Ядвігі Залускай, драўляны будынак касцёла быў заменены на цагляны і асвечаны ў гонар Святой Тройцы. У гэтым жа годзе з Рыма сюды былі перанесены мошчы Святога Фартуната. Дазвол на гэта быў атрыманы ад папы Рымскага Клімента XIV.

У 1809 годзе з заходняга боку касцёла быў вымураваны новы жылы будынак манастыра. Кляштар у той час з’яўляўся асяродкам культуры, меў багатую бібліятэку, пры ім была адкрыта першая ў Сянно школа.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў кляштар францысканцаў быў скасаваны, касцёл перайшоў да епархіяльнага духавенства ў складзе Магілеўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі.

Касцёл працаваў да 1937 года. Будынак быў моцна пашкоджаны ў часы Другой сусветнай вайны, а пасля выкарыстоўваўся як склад. 17 верасня 1962 года быў знішчаны[1].

Архітэктура правіць

 
Жылы будынак манастыра

Аснову кампазіцыі складалі тры ярусы: першы з іх з галоўным нефам (зала на шырыню амаль усяго касцёла) пераходзіў у больш вузкі, своеасаблівы атык, над якім узвышалася арыгінальная вежа, завершаная шлемам з крыжам. Ствараемае такім чынам уражанне імкнення ў вышыню падкрэслівалася групамі калон першага і другога ярусаў. Апошні быў абрамлены валютамі, размешчанымі над верхам да яго плоскасці і завяршаўся крывалінейным разарваным франтонам, што рабіла сілуэт усяго будынка асабліва выразным і дынамічным.

Кампазіцыйны і ідэйны цэнтр складаў размешчаны над высокім лучковым аконным праёмам першага яруса трохвугольны паўразарваны франтон з сімвалам Святой Тройцы. Вокам Апекі Боскай у трохвугольніку ў абрамленні промняў з’яўляўся маляваны вобраз з выявай Хрыста пасярэдзіне атыка.

Своесаблівым кантрастам гэтай узнёсласці і тыпова барочнай патэтыкі былі строгія і простыя бакавыя фасады, тарцы трансепта і прэсбітэрыі. Карнізы і аконныя праёмы аднолькавай формы з тымі элементамі галоўнага фасада, а таксама звязкі і групы пілястраў, што былі адпаведнікамі калон, аб’ядноўвалі іх стылістычна.

Невялічкая званіца над алтарнай часткай і завяршэнні тарцоў трансепта, увенчаныя крыжамі, падкрэслівалі гэтае адзінства.

Інтэр’ер касцёла быў падзелены чатырма слупамі на тры нефы. Галоўны неф у цэнтры плана перасякаўся з трансептамі і пераходзіў у доўгі прэсбітэрый. На перакрыжаванні іх скляпенняў знаходзіўся вялікі купал, схаваны пад дахам. Утвораная такім чынам прастора напаўнялася святлом праз высока размешчаныя вокны.

Уражанне ўзмацнялася роспісам купала, фігурамі анёлаў на слупах, скульптурай у алтарах. Прыцягвалі ўвагу жырандоль, упрыгожванні з каштоўных матэрыялаў і амвон з правага боку прэсбітэрыя.

Над уваходам знаходзіўся арган, гукамі якога напаўняўся касцёл у час набажэнстваў. Роспіс храма ў пачатку XX стагоддзя зрабіў вядомы мастак Вацлаў Бубноўскі[2].

Зноскі

  1. Францысканскі касцёл Св. Троiцы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2020. Праверана 24 студзеня 2020.
  2. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Сенненскі раён, г. Сянно

Літаратура правіць

  • Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фат. А. Л. Дыбоўскі. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. — С. 462.
  • Касцёл Прасвятой Тройцы і кляштар дамініканцаў // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мінск : БелЭн, 2000. — С. 200.
  • Касцёл Святой Троіцы // Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. — Віцебск, 2000. — С. 69-73.
  • Касцёл Святой Троіцы // Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. — Мінск : Литература и искусство, 2008. — С. 53-60.

Спасылкі правіць