Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Свіслач)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — былы драўляны рымска-каталіцкі храм у г. Свіслач Гродзенскай вобласці.
Славутасць | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
![]() | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Заснавальнік | Геранім Крышпін-Кіршэнштэйн |
Дата пабудовы | 1666 |
Дата скасавання | 1940-я |
Гісторыя
правіцьКасцёл у Свіслачы быў заснаваны прыватнай фундацыяй у 1550 годзе, але ў часы рэфармацыі ён дзейнічаў як кальвінісцкі збор. Святыня была перадана каталікам у 1630 годзе.
Новы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы быў пабудаваны ў 1666 годзе літоўскім падскарбіем Геранімам Крышпінам. У 1772 годзе адноўлены тагачаснай уладальніцай маёнтка Тэрэзай Тышкевіч. У 1782 годзе яго ізноў аднавіў і аздобіў Вінцэнт Тышкевіч, тагачасны ўладальнік Свіслачы.
Да свіслацкай парафіі ў XIX ст. належалі капліцы ў Грынках, Краснай і Рудні. У самой жа Свіслачы па вуліцы Брэсцкай (цяпер вуліца Леніна) з другой паловы XIX ст. знаходзілася драўляная капліца Анёла-ахоўніка — ратондападобнае гранёнае збудаванне пад шатровым дахам з глаўкай, якое стаяла паміж дзвюх брам.
Пасля Першай сусветнай вайны капліцы ў Грынках і Рудні ўжо не ўзгадваюцца, затое капліца Святога Анёла-ахоўніка атрымала статус філіяльнага касцёла. У трыццатых гадах колькасць вернікаў свіслацкай парафіі перад Другой сусветнай вайной складала амаль 4000 чалавек.
13 ліпеня 1943 года ў лесе каля паселішча фашыстамі быў расстраляны пробашч свіслацкага касцёла кс. Юзаф Казлоўскі. У гады вайны згарэў парафіяльны касцёл, а філіяльны касцёл Анёла-ахоўніка быў знішчаны пасля вайны. Цяпер на месцы касцёла Найсвяцейшай Тройцы знаходзіцца адміністрацыйны будынак (на скрыжаванні вул. Леніна і Дзяржынскага, каля пл. К. Маркса). Захавалася толькі частка касцёльнай агароджы.
Архітэктура
правіцьДраўляная святыня мела наступныя памеры: 41 локаць даўжыні і 20 локцяў шырыні (прыблізна 26 на 13 м). Двух’ярусная шатровая вежа пазначала ўваходны фасад. Высокі гонтавы дах над алтаром завяршала сігнатурка. Асобна стаяла двух’ярусная чацверыковая званіца з гадзіннікам. Касцёльны ўчастак быў абнесены штакетнай агароджай на цагляных слупках з такой жа ўваходнай брамай.