Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Граўжышкі)

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — рымска-каталіцкі храм, які існаваў у в. Граўжышкі (Ашмянскі раён Гродзенскай вобл.).

Славутасць
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
Касцёл, 1930
Касцёл, 1930
Краіна Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Першае згадванне XVII
Дата скасавання 2009

ГісторыяПравіць

Касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла заснаваны каля 1495 ці трошкі пазней — у XVI ст. У 1503 Мікалай Бутрым, уладальнік маёнтка, упрыгожыў інтэр’ер святыні. У 1510 сп. Ядзвіга, дачка шляхціца Юрыя Юхновіча, павялічыла пачатковы фундуш. У 1547 касцёльны фундуш павялічыла Ядзвіга Зяновіч. У 1650 на сродкі Яўстафія Кердзея, род якіх валодаў Граўжышкамі з 1641, быў узведзены новы касцёл. Аднак, мяркуючы па фотаздымках ХХ ст., гэтая святыня змяняла знешні выгляд і пазней — у XVIII, XIX, ХХ стагоддзях. У першай палове ХIХ ст. пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.

 
Інтэр’ер касцёла, 1930

У сярэдзіне ХХ ст. касцёл уяўляў сабою прамавугольны ў плане аб’ём са слаба выяўленым трансептам і шырокай падоўжанай пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрыстыямі. Галоўны фасад, магчыма, калісьці быў дзвюхвежавы, але пры канцы ХIХ ст. яго завяршаў трохвугольны франтон пад невялікай вежачкай накшталт сігнатуркі. Кампазіцыя храма, вертыкальна ашаляваная і ўмацаваная вертыкальнымі сцяжкамі, накрывалася адзіным двухсхільным гонтавым дахам. Інтэр’ер упрыгожвалі тры барочныя алтары і прэзбітэрый. Яны былі перакрыты адзіным люстраным скляпеннем, якое падтрымлівалі дзве калоны, утвараючы бакавыя навы пад плоскай столяй. Папярочная бэлька ў праёме прэзбітэрыя была ўпрыгожана разьбяным рэнесансным арнаментам у выглядзе вінаграднай галінкі. Касцёльны ўчастак абгароджаны бутавым мурам з цаглянай брамай, у правым вугле агароджы змешчана трох’ярусная драўляная званіца.

Перад II Сусветнай вайной граў­жышская парафія налічвала амаль 5500 вернікаў. У 1951 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі і прыстасаваны пад стайню, потым пад збожжасховішча. Апошні ксёндз быў арыштаваны. З часам храм ператварыўся ў руіны, аднак быў аб’яўлены помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства з рысамі барока.

Касцёл у Граўжышках знаходзіўся ў аварыйным стане, у пачатку 2000-х гадоў пацярпеў у пажары, быў зруйнаваны ў сакавіку 2009 года.

 
Званіца, 2015

У 1990-х гады парафія адрадзілася. У 1992 годзе перад мясцовымі могілкамі пабудаваны новы невялікі касцёл з сілікатнай цэглы і асвечаны пад тытулам Маці Божай Ружанцовай. Гэты абраз, які некалі займаў цэнтральнае месца ў галоўным алтары ў старым касцёле, сёння ўсталяваны над алтаром. Таксама ў новым касцёле змешчаны канфесіяналы, лаўкі і табернакулюм са старой святыні. А ролю званіцы выконвае пакуль што старая званіца (трэці ярус страчаны) на старым месцы.

СпасылкіПравіць