Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі (Anas platyrhynchos), прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы і Паўночнай Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкраінскія, чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хаю-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны).
Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Максімальная працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харчовай прамысловасці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).