Кельцкі абрад (ірландскі абрад) — літургічны абрад, які выкарыстоўваўся хрысціянамі Вялікабрытаніі, Ірландыі і Брэтані, таксама часам хрысціянамі Галіцыі і ў кляштарах Францыі, Германіі, Швейцарыі і Італіі, заснаваных ірландскімі місіянерамі, на працягу Сярэднявечча. Пад тэрмінам "кельцкі абрад" схаваная даволі разнастайная літургічная традыцыя.

Кельцкая літургія адрознівалася ад рымскай шырокім выкарыстаннем народных элементаў, а таксама некаторымі асаблівымі элементамі, напрыклад, наяўнасцю паўторнай пакуты. У раннім Сярэднявеччы кельцкая літургія падлегла моцнай раманізацыі, але некаторыя яе элементы захаваліся і ў больш позні перыяд.

Паходжанне

правіць

Крыніцы рэканструцыі кельцкай літургіі нешматлікія і няпэўныя. Найбольш важным застаецца так званы імшал з бібліятэкі Стоўв (Stowe), які быў створаны пад уплывам іспанскай літургіі. Таксама існуе некалькі фрагментаў, кодэксаў і гімнальных тэкстаў, у якіх захаваліся некаторыя рысы кельцкай літургіі. Невялікая колькасць крыніцаў, іх позняе паходжанне, дэцэнтралізаваны характар царкоўнага жыцця на тэрыторыі распаўсюджання кельцкага абраду, недахоп пэўнай інфармацыі пра царкоўную адміністрацыю робяць рэканструкцыю ірландскай літургіі амаль немагчымай. Няясным застаецца таксама яе паходжанне.

Галоўныя рысы

правіць

Асабліва моцнае адрозненне кельцкай літургіі ад рымскай заключаецца ў літургічным календары, бо яны мелі розныя спосабы вылічэння даты Вялікадня. У кельцкім абрадзе выкарыстоўваліся асаблівыя гімны, напісаныя на лацінскай мове. Базавая тэматыка і фармальныя рысы (напрыклад, метр) запазычаныя ў кантынентальных аўтараў (напрыклад, у святога Амброзія), але тэксты адлюстроўваюць таксама лакальную ментальнасць і тэмперамент. Гэтыя гімны носяць своеасаблівы адбітак любові да прыроды і атаясамленне яе з любоўю да Бога. Кельцкі абрад адрозніваўся таксама асаблівай пашанай сваіх святых, што бачна ў мартыралогу, які ўтрымліваецца ў імшале са Стоўв і які цытаваўся падчас канону і налічваў шмат ірладскіх імёнаў.

Сярод спецыфічных традыцый варта ўзгадаць таксама ўдзяленне камуніі пад дзвюма постацямі і абрад абмывання ног пасля хрышчэння. Пакутныя практыкі ў кельцкай традыцыі былі надзвычай суровыя: манахі выбіралі для іх бязлюдныя месцы, аддаленыя ад радзімы і сям'і, дзе было шмат дажджу, ветру і іншых непрыемнасцяў. Таксама і свецкія практыкавалі суровую аскезу. У кельцкім абрадзе было невядомае для іншых хрысціянскіх рэгіёнаў паняцце адзінаразовай пакуты: пакута паўтаралася пастаянна.

Характэрнай рысай таксама з'яўлялася шырокае выкарыстанне псальмаў для малітвы. Часам за адзін вечар чыталася 99 псальмаў — святы Патрык мусіў рабіць гэта, стоячы па шыю ў халоднай вадзе.

Заняпад

правіць

Розніца паміж рымскай і кельцкай літургіяй паступова змяншалася. Ключавым фактарам тут было ўвядзенне ў VII стагоддзі рымскага спосабу вылічэння даты Пасхі. Кельцкі ўплыў у Брэтані знік у часы гаспадарання Людвіка Набожнага (IX стагоддзе), у Ірландыі гэта адбылося пры біскупу горада Армы Малахіі (XI стагоддзе), у Шатландыі — у час панавання каралевы Маргарыты (XI стагоддзе). Таксама ірландскі ўплыў знікаў і сярод англасаксаў. Гэта адбывалася пры непасрэднай канкурэнцыі англасаксонскіх і ірландскіх місіянераў. Ключавым момантам у споры паміж імі стаў сабор у Уітбі ў 664 годзе, дзе была прынята рымская дата Пасхі.

Літаратура

правіць
  • Władysław Bomba, Iroszkocki ryt, hasło w: Encyklopedia katolicka, t. VII, Lublin 1997
  • Bogusław Nadolski, Leksykon liturgii, Poznań 2006; tu hasło Liturgia – rodziny liturgiczne
  • Bogusław Nadolski, Liturgika, t. 1, Pallottinum, Poznań 1989