Ко́рага (саманазва: ಕೊರಗ) — племянная і каставая супольнасць на поўдні Індыі. Насяляе штаты Карнатака і Керала. Агульная колькасць (2019 г.) - 17 000 чалавек[1]

Корага
(ಕೊರಗ)
Агульная колькасць 17000
Рэгіёны пражывання Карнатака, Керала
Мова корага
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы тулу

Паходжанне

правіць

Корага з'яўляюцца абарыгенамі паўднёвай Індыі, інтэграванымі ў індуісцкую супольнасць. Згодна з паданнямі, раней насялялі Заходнія Гаты, але ў XV ст. на чале з правадыром Хубашыка заваявалі частку ўзбярэжжа Карнатакі. Суседзі лічаць корага нашчадкамі ад шлюбу жанчыны-брахмана і мужчыны-шудры.

У XIX ст. корага знаходзіліся ў прыгоннай залежнасці ад храмавых гаспадарак, дзе выконвалі абавязкі земляробаў і прыбіральшчыкаў, удзельнічалі ў рэлігійных святах у якасці барабаншчыкаў.

Асаблівасці культуры

правіць

У мінулым корага насялялі лясныя раёны. Ізаляванасць населеных імі месцаў прывяла да фарміравання субэтнічных груп з асобнымі назвамі. Іх галоўнымі заняткамі былі збіральніцтва, пляценне кошыкаў, абслугоўванне вясковых свят у якасці барабаншчыкаў і прыбіральшчыкаў, за што яны мелі права на збор рэшткаў ежы і рэчаў. Абарона лясоў ад вырубкі з боку дзяржавы прывяла да перасялення корага ў калоніі на ўскраінах звычайных вёсак і гарадоў. Яны атрымалі невялікія надзелы зямлі для земляробства, якім займаюцца пераважна жанчыны. Мужчыны працуюць наёмнымі рабочымі, плятуць кошыкі. Сярод іх захоўваецца нізкі ўзровень пісьменнасці і ўзроўню жыцця.

Паселішчы корага маюць раскіданую планіроўку. Традыцыйныя хаціны копа ў мінулым будаваліся з бамбуку і падзяляліся на 3 часткі для жытла, гаспадарчых патрэб і асаблівай жаночай прастары для менструацый і народзін дзяцей. Корага не прытрымліваюцца вегетарыянства. Пашырана ўжыванне мяса палай жывёлы і алкагольных напояў.

Для корага характэрны адлік сваяцтва па матчынай лініі. Шлюбы заключаюцца па дамоўленасці. Дзве траціны сем'яў малыя нуклеарныя. Астатнія вялікія пашыраныя. Цкаванне з боку суседзяў прывяло да фарміравання руху корага за свае правы. У Махараштры былі забаронены практыкі прыніжэння корага астатнімі абшчыннікамі.

Корага вядомы як музыканты і спевакі. Вядомы вершы і гістарычныя паданні, запісаныя на мове корага ў першай палове XX ст.

Родная мова корага разам з мовай тулу адносіцца да асобнай паўднёвай галіны дравідыйскіх моў. Падзяляецца на 4 дыялекты, прычым дыялект муду корага ў Керале моцна адрозніваецца ад дыялектаў Карнатакі[2]. Пісьмовасць на аснове знакаў канада.

Рэлігія

правіць

Асноўная рэлігіяіндуізм, які ўвабраў у сябе традыцыйныя племянныя вераванні ў багоў і духаў. Вышэйшай істотай для шанавання лічыцца бог Корага Танія. У корага ёсць асобныя месцы для рэлігійных рытуалаў, у тым ліку знутры жытла. Астатнія індуісты вылучаюць іх у асобную касту з нізкім статусам. З-за веры ў асаблівыя магічныя здольнасці корага ў мінулым іх не пускалі ўнутр індуісцкіх храмаў, хаця часам пыталі блаславіць дзяцей ці выкарыстаць сваю магічную сілу інакш на карысць людзям. Корага таксама прымалі ўдзел у рэлігійных святах у якасці барабаншчыкаў. У нашы дні абмежаванні ў рэлігійнай практыцы разглядаюцца як дыскрымінацыя, аднак пакуль сустракаюцца ў пабытовым жыцці.

Зноскі

Спасылкі

правіць