Край (арганізацыя)

«Край» — беларуская спартыўна-патрыятычная арганізацыя нацыяналістычнага напрамку. Маюць мянушку «краёўцы» ды спокліч «Бог, Беларусь, Воля!».

Край
краёўцы
Адміністрацыйны цэнтр Мінск
Тып арганізацыі спартова-патрыятычная арганізацыя
Афіцыйная мова беларуская
Кіраўнікі
Вадзім Кабанчук
Анатоль Міхнавец
Заснаванне
Заснаванне 1997
Свая газета 2000
Ліквідацыя
Дата скасавання 2001

Падставы для ўступлення ў арганізацыюПравіць

У склад арганізацыі можа ўвайсці той, каму споўнілася 16 гадоў, хто годна прайшоў кандыдацкі тэрмін. Пасля прыняцця прысягі на вернасць Беларусі, ён можа стаць сябрам «Краю». Хлопцы ад 14 да 16 гадоў маюць магчымасць увайсці ў склад краёвага юнацтва.

МэтыПравіць

Паводле выпуска «Нашай Нівы» за 8 лістапада 1999 года, «Край» мае 3 функцыі:

  • Выхаваўчая функцыя: ўвесь час праводзяцца вышкалы і летнікі. Хлопцы працуюць у спортзалях, а таксама займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця.
  • Прапаганда ідэалогіі беларускага нацыяналізму.
  • Нацыяабарончая дзейнасць.

ІдэалогіяПравіць

  • Асаблівую ўвагу патрыёты звяртаюць на ветэранаў беларускага вызвольнага руху. Іх падтрымоўваюць, як могуць.
  • Краёўцы кіруюцца прынцыпамі хрысціянскай маралі ды маюць ідэалістычны светапогляд.
  • Пра абвінавачванні ў нацыяналізме ў 1999 годзе газеце «Ніва» краёўцы паведамілі:

А мы і ёсць нацыяналісты. У нармальным сэнсе гэтага слова. Людзей іншых нацыянальнасцяў, якія разам з намі змагаюцца за незалежнасць Беларусі, лічым сваімі братамі. Да тых, хто падтрымлівае нашу барацьбу, ставімся талерантна. А тыя, хто выступае супраць беларускага нацыянальнага адраджэння — нашы ворагі. «Край» адмаўляе імперыялізм і шавінізм, камунізм і фашызм, касмапалітызм і псеўданацыяналізм.

  • Пра вайсковасць арганізацыі на акцыях кіраўнікі распавялі:

Хутчэй нешта накшталт краёвай абароны ці нацыянальнай гвардыі. Мы змагаемся за Беларусь, а не за пасады, за права беларусаў быць гаспадарамі сваёй долі і дзяржавы, а не за магчымасць панаваць над уласным народам. Якая б не была ўлада ў Беларусі, мы будзем яе падтрымліваць толькі датуль, пакуль яна дзейнічае ў інтарэсах нацыі, а не ў сваіх уласных.

  • Арганізацыя ахвотна падтрымлівала тых, хто, на іх думку, «стаіць на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, для каго мэта — пабудова Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы».

ГісторыяПравіць

Арганізацыя была заснаваная 20 кастрычніка 1998 года маладымі беларускімі патрыётамі, якія расчараваліся ў існуючых палітычных партыях і арганізацыях, якія, на іх думку, «здавалі адну пазіцыю за другой у барацьбе за незалежнасць Беларусі». Расчараваліся і ў правых арганізацыях, якія таксама бяздзейнічалі. Таму яны стварылі «Край».

Актыўную дзейнасць «Край» распачаў з вясны 1999 года. Кіраўніцтва арганізацыі даведалася, што 10 траўня 1999 года ў Гродне пройдзе сесія парламентарыяў «расейска-беларускага саюзу». Яны павінны былі падпісваць нейкую саюзную дамову. Тэрмінова была арганізаваная акцыя: шэсце з паходнямі па цэнтры Гродна 40 маладых патрыётаў, апранутых у камуфляж і бярэты з пагоняй, гэта адбылося 25 красавіка. На іх былі кінутыя міліцыянты ды амапаўцы. У бойцы былі пацярпелыя з абодвух бакоў. Каля 14 хлопцаў трапілі за краты на некалькі дзён. Галоўная мэта арганізацыі была дасягнутая — сесію ў Гродне адмянілі. Пра гэтыя падзеі шырока пісала прэса (напрыклад, «Навіны», № 45, 1999, артыкул «Гвардзейцы свабоды» са здымкам). Пачынаючы з 1998 г. «Край» рэгулярна (нават зімой) праводзіць вышкалы сваіх сяброў. Празь іх прайшлі многія сотні маладых людзей. І далёка не ўсе з іх прайшлі адбор у арганізацыю.

«Край» ад самага пачатку выдаваў ўлёткі, брашуры, газеты. Некаторая літаратура толькі для ўнутранага карыстання, некаторая распаўсюджваецца досыць шырока. Выданні «Краю» выходзяць і ў правінцыі. Асабліва моцныя пазіцыі арганізацыі былі на Палессі, Міншчыне, Віцебшчыне, Гарадзеншчыне. «Край» ад пачатку змагаўся з РНА. Свае «подзвігі» арганізацыя не афішыявала ў апазіцыйных газетах. Арганізацыя правяла некалькі гучных акцый. Напрыклад, усталяванне крыжа слуцкім паўстанцам у Вызне 27 лістапада 1999 года, калі на некалькі гадзін «Край» апанаваў гэтае мястэчка. Краёўцы ўдзельнічалі ў многіх акцыях апазіцыі ў Мінску, арганізавана знаходзячыся на дэманстрацыях, каб у патрэбны момант абараніць безабаронных людзей ад міліцыі ці АМАП.

16 студзеня 1999 года ў Гродне адбылася сустрэча ўдзельнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху 1940-50 гадоў з прадстаўнікамі патрыятычных моладзевых арганізацый. Чынны ўдзел у падрыхтоўцы сустрэчы таксама прынялі хлопцы са спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пачалася імпрэза гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які спяваў гарадзенскі хор «Бацькаўшчына». Пад словы гімна, краёўцы ўнеслі ў залу бел-чырвона-белы сцяг. Ветэраны беларускага вызвольнага руху са слязамі на вачах спявалі гімн разам з хорам.

З пачатку 2000 года арганізацыя выдае газету «Голас Краю». Пра яе пачалі пісаць зарэгістраваныя незалежныя газеты кшталту «Нашай Нівы». Сярод брашур, выдадзеных «Краем», ёсць і такія: «Абэцэда беларускага нацыяналізму», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Нацыяналізм у сьвеце» ды іншыя.

Варта адзначыць, што ад самага пачатку кіраўніцтва арганізацыі зрабіла стаўку на канспірацыю. Усе сябры «Краю» мелі мянушкі. Называць свае імёны, месца працы ці жыхарства было строга забаронена. Была выбудаваная жорсткая вертыкальная структура, у якой шэраговы актывіст ведаў толькі свайго звеньявога камандзіра. Пасля ад’езду ў эміграцыю Жарнасека і выбараў прэзідэнта ў 2001 годзе частка кіраўнікоў арганізацыі сышла ў глыбокае падполле, некаторыя эмігравалі (В. Кабанчук). Гэта было выкліканае здрадай беларускае дэмакратычнае апазіцыі, якую тады падтрымалі «краёўцы». Справа ў тым, што сябры СПА «Край» ўзялі актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. Менавіта іх намаганнямі быў узяты штурмам Палац культуры прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы 9 верасня 2001 года, дзе быў размешчаны штаб дэмакратычнага руху. Аднак кандыдат ад аб’яднаных апазіцыйных сілаў Ганчарык і яго каманда не адважыліся тады аспрэчваць вынікі выбараў, абмежаваўшыся вусным пратэстам і назаўжды адбіўшы ў актывістаў «Краю» жаданне звязвацца з палітыкай і беларускай палітычнай апазіцыяй. Гэты момант прадстаўнікі арганізацыі апісалі ў кнізе «Нацыянальнае пакліканне», якую апублікавалі неўзабаве.

Так самая моцная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў перастала існаваць практычна ў адзін момант. Як вышэй адзначалася глыбокая канспірацыя спрычынілася да таго, што пры знікненні кіраўніцтва шэраговыя актывісты расцярушыліся па ўсёй Беларусі.

Апошні раз у прэсе прозвішчы былых кіраўнікоў «Краю» Вадзіма Кабанчука і Анатоля Міхнаўца ўсплылі падчас прэзідэнскіх выбараў у 2010 годзе. Яны ўваходзілі ў каманду Віталя Рымашэўскага і прымалі ў яго кампаніі актыўны ўдзел. Але сябе пазіцыянавалі як прыватных асоб і ніяк не ўзгадвалі пра сваю дзейнасць у арганізацыі «Край».

СпасылкіПравіць

У СМІПравіць