Крывэ
У артыкуле няма нічога з крытычнай навуковай літаратуры, то бок нестае спасылак на крыніцы. |
Крывэ (лац.: Criwe), або Крывэ-Крывайтыс — легендарны тытул найвышэйшага жраца старажытнабалцкай рэлігіі. Сімвалам крывэ было скрыўленае жазло — крывуля, з якой можа быць звязана і само імя тытула Крывэ-крывейтэ.
Найстарэйшай крыніцай, у якой сустракаецца гэта імя -- хроніка «Chronicon Terrae Prussiae»[1] Пятра з Дуйсбурга, дзе крывэ згаданы ў раздзеле «De yodalatria et ritu et moribus Pruthenorum». Паводле Дуйсбурга, крывэ меў рэзідэнцыю ў Рамуве. Прусы ўшаноўвалі яго нібыта Папу Рымскага, а ўплыў рэлігійнай улады крывэ даходзіў да земляў літоўцаў і ліваў. Асноўным заняткам крывэ як святара было захоўванне вечнага агню. Разам з гэтым крывэ быў суддзёй.
Паводле Сымона Грунаў, крывэ быў акружаны колам падначаленых яму жрацоў-вайдэлойтаў. Калі крывэ цяжка хварэў і не быў здольны выконваць абавязкі, ён спальваў сябе, пасля чаго вайдэлойты абіралі новага крывэ. Таксама ў «Прускай хроніцы» даецца спіс 48 крывэ, які ахоплівае 503-1265 гады.[2]
Паводле Тэадора Нарбута, пасля заваёвання прускіх зямель Тэўтонскім ордэнам крывэ сышлі ў лясы, пазней некаторы час мелі рэзідэнцыю ў Вільні (Ліздзейка). Паводле Нарбута, апошні крывэ Гінтаўт памёр у 1414 годзе.[3]
У 2002 годзе пасада найвышэйшага жраца адноўлена рухам «Рамува». У 2002-2014 гадах крывэ быў Ёнас Трынкунас, з 2014 — Інія Трынкуненэ.
Зноскі
- ↑ Chronicon Terrae Prussiae, 1326. Mit kritischen Kommentaren von Max Toeppen nachgedruckt. // Scriptores Rerum Prussicarum: Die Geschichtsquellen der Preussischen Vorzeit bis zum Untergang der Ordensherrschaft. / Нhrsg. von Theodor Hirsch, Max Toeppen und Ernst Strehlke. Bd. 1. — Leipzig: Verlag von S. Hirzel, 1861 (Neudruck, 1965). — S. 53. — XIV, 819 s.
- ↑ Simon Grunau's Preussische Chronik. / Hrsg. von M. Perlbach, R. Philippi und P. Wagner. Bd. 1-3. — Leipzig: Duncker & Humblot, 1876—1896. — §.11. — S. 26-28
- ↑ Narbutt T., Dzeje starozytne narodu Litewskiego. T. 1. Mitologia litewska. — Wilno: Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego, 1835. — S. 438