Кхуздул
Кхуздул (Khuzdul ці Khuzdûl, у перакладзе «гном’я») — мова гномаў у творах Дж. Р. Р. Толкіна аб Серадзем’і. Адна з выдуманых штучных моў, створаных Толкінам разам з квэнья і чорнай мовай.
Паводле легенды, апісанай у Сільмарыліяне, кхуздул прыдумаў Аўлэ, адзін з валар. Аўлэ стварыў гномаў з камянёў і пачаў вучыць іх мове, прыдуманай для іх[1]. Гэта адбылося да таго, як гномы зноў заснулі, каб дачакацца, калі прыйдзе час іх Абуджэння, і да таго часу, як у Серадзем’е прыйшлі Сыны Эру эльфы і людзі. Такім чынам, магчыма сказаць, што кхуздул — старажытнейшая мова Серадзем’я (не лічачы Валарына і, магчыма, мовы энтаў).

Пасля іх абуджэння гэтая мова (як і ўсе мовы і ўсё іншае ў Ардзе) з цягам часу мянялася, набываючы адрозненні ў розных аддаленых адно ад аднаго паселішчах гномаў. Але змены адбываліся так марудна, а адрозненні былі такімі нязначнымі, што нават у Трэцюю эпоху Гномы з розных родаў лёгка разумелі адзін аднаго. Кхуздул рэдка і неахвотна вывучалі прадстаўнікі іншых рас, мабыць з-за таго, што мова гномаў была складанай і немілагучнай. І самі гномы не вельмі хацелі расказваць пра яе іншым. Іх мова была «сакрэтам, які яны не адкрывалі добраахвотна нават сваім сябрам»[2]. Уласныя імёны гномаў, такія, якімі іх бачым у творах Толкіна, узятыя з мовы людзей. Сваіх сакрэтных, «унутраных» імёнаў гномы не гавораць анікому, іх нават не выбіваюць на надмагільных камянях. Ва Уладары пярсцёнкаў і іншых творах Толкіна кхуздул ужываецца ў асноўным у геаграфічных назвах. Адной з нешматлікіх фраз, якія былі сказаныя на кхуздуле, з’яўляецца баявы выклік Гімлі, які ён пракрычаў пад час Аблогі Хорнбурга: «Барук Казад! Казад аі-мену!» (Baruk Khazâd! Khazâd ai-mênu!) — «Сякеры Гномаў! Гномы (ідуць) на вас!»
Але ў Першую эпоху, калі Людзі Дома Хадора прыйшлі ў Белерыянд і сустрэліся з гномамі з роду Доўгабародаў, паміж двума народамі ўзнікла сяброўства, паколькі людзі, з’яўляючыся добрымі наезнікамі, маглі прапанаваць гномам абарону ад оркаў. І гномы пазнаёмілі людзей са сваёй мовай, але людзі палічылі кхуздул вельмі складаным і цяжка засвойвалі што-небудзь большае, чым асобныя словы, вялікая колькасць з якіх, змяніўшыся, увайшла ў іх уласную мову[3]. Здаецца, што кхуздул паўплываў на структуру першапачатковай мовы людзей — таліска, што бачна па больш позняй мове людзей — адунаіку.
Гісторыя стварэння Кхуздула
правіцьТолкін пісаў, што кхуздул «быў створаны ў накідах, з некаторымі дэталямі структуры і вельмі маленькім слоўнікам»[4]. Гэта, безумоўна, адбылося ў трыццатыя гады. Кхуздульскія словы Khazaddûm i Gabbilgathol з’яўляюцца ў раніх версіях «Сільмарыліёна»[5]. Відавочна, што асновай для мовы былі семіцкія мовы. Але Толкін не пакінуў падрабязных матэрыялаў па мове, і ўсё, што вядома, — гэта асобныя фразы аб структуры і невялікі лексікон слоў і выразаў. Мы ведаем некалькі назваў, імён, надпіс на магіле Баліна («Balin Funinul uzbad Khazaddûmu» — «Балін, сын Фундзіна, уладар Морыі») і баявы вокліч Гімлі («Baruk Khazâd! Khazâd ai-mênu!» — «Сякеры Гномаў! Гномы ідуць на вас!»). Ёсць звесткі, што ў чарнавых накідах Толкіна ёсць поўная граматыка Кхуздула, але яна не апублікаваная і знаходзіцца ў архіве аднаго з лінгвістычных толкінісцкіх часопісаў.
Шмат хто з даследчыкаў Арды цікавіліся кхуздулам, але амаль ніхто сур’ёзна не займаўся рэканструкцыяй мовы ці распрацоўкай граматыкі. Так што падручніка па кхуздулу, па якому яго магчыма было б вывучыць, скласці пакуль нельга.
Структура Кхуздула
правіцьУ вядомых кхуздульскіх словах былі наступныя зычныя: дзве выбухныя аспіраты — kh i th, гэта значыць, «к» і «т» з прыдыханнем. У кхуздуле таксама ёсць неаспірыраваныя зычныя, падобныя да «к» і «т», але, у адрозненне ад іншых моў, k i t — гэта самастойныя фанемы, якія трэба адрозніваць ад kh i th. Таксама ў кхуздуле ёсць звонкія выбухныя b, d, g, глухія спіранты f, sh i s, звонкія спіранты z i gh, бакавы l, вібрант r, насавыя n, m, паўгалосныя w i y, гартанны h.
Кароткія галосныя фарміруюць класічную сістэму з пяці гукаў: a, i, e, o, u. Дакладна існуюць доўгія галосныя: â, ê, î, û, ô. Ёсць дыфтонг ai. Таксама ёсць скарочаныя варыянты галосных /a/ і /e/, азначаныя ə.
Таксама, зыходзячы з табліцы рун Ангертас Морыя, у кхуздуле, верагодна, могуць быць і іншыя гукі — зычныя j, cg, v, mb, hw, dh, nj, ng, kw, gw, ghw, ngw, nw, rh, lh, nd, ps, ts, кароткія галосныя ö, ü. Таксама ёсць сімвал +h, які мае асобную руну; магчыма, ён азначаў аспіраванне (аглушэнне) зычных.
Базавая структура кхуздула падобная да структуры семіцкіх моў. Асновы, ад якіх утвараюцца словы, самі не з’яўляюцца словамі, прыдатнымі для вымаўлення, а складаюцца толькі з зычных. Назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы і г. д. утвараюцца шляхам дадання пэўных галосных паміж зычнымі асновы (Khuzd(ul) — Khazâd — Khizd(in) ад верагоднага кораня Kh-Z-D), а зрэдку — верагодна, шляхам падваення адной з зычных.
У кхуздуле, як і ў семіцкіх мовах, корань звычайна складаецца з трох зычных. Магчымы карані з двух і адной зычнай.
Таксама ў словаўтварэнні выкарыстоўваюцца прыстаўкі і суфіксы: ai- (прыназоўнік «на»), -ul (суфікс прыметніка), -ûn (верагодна, вызначаны артыкль), -îт (паказальнік роднага склона) і г. д. Магчымы мутацыі ці асіміляцыі зычных каранёў у складаных словах (M-B-R у Barazinbar).
Пісьменства
правіцьУ якасці пісьменства гномы галоўным чынам карысталіся рунамі, якія прыдумаў эльф Даэрон — Ангертас (таксама Кірт). У Толкіна сустракаецца фраза, што руны вынайшлі самі гномы, але магчыма, што гэта тычыцца Месяцавых рун з «Хобіта» — «перакладзеных» Толкінам варыяцыямі германскіх рун.
Зноскі
- ↑ Сільмарыліян, раздзел 2.
- ↑ LotR, дадатак F.
- ↑ Tolkien. J. R. R. Part Two. Late Writings // The Peoples of Middle-earth / Ed. C. Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1996. — P. 303. — 496 p. — (The History of the Middle-Earth). — ISBN 0-395-82760-4.
- ↑ Tolkien. J. R. R. Part Two. Late Writings // The Peoples of Middle-earth / Ed. C. Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1996. — P. 300. — 496 p. — (The History of the Middle-Earth). — ISBN 0-395-82760-4.
- ↑ Tolkien. J. R. R. Part Two. Valinor and Middle-Earth before the Lord of the Rings // The Lost Road and Other Writings / Ed. C. Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1987. — P. 274. — 455 p. — (The History of the Middle-Earth). — ISBN 0-395-45519-7.
Спасылкі
правіць- Khuzdul — the secret tongue of the Dwarves(недаступная спасылка)
- Кхуздул — тайная мова гномаў
- Жалезнае ўзгор’е — усё пра кхуздул Архівавана 5 сакавіка 2016.