Лагойская астраблема
Лагойская астраблема — старажытны метэарытны кратар каля г. Лагойск, у вярхоўі ракі Гайна на Беларусі.
Лагойская астраблема | |
---|---|
Каардынаты: 54°12′00″ пн. ш. 27°48′00″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Лагойскі раён, Беларусь |
Шырыня | 12-15 км |
Найбольшая глыбіня | 500 м |
Старажытны кратар пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 годзе пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геалагічнай будовай.
Дыяметр 12-15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т.зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту. Частка парод дэфармаваная, сплаўленая. Астраблема ўтварылася 40-45 млн. гадоў таму. Уся маса кавалкаў была сцэментаваная ў больш позні час.
Адным з доказаў таго, што навукоўцы маюць справу з астраблемай, сталі знойдзеныя мінералы каэсіт і сцішавіт. Каэсіт утвараецца з кварцу пры высокім ціску, а пры яшчэ большым ціску ён становіцца сцішавітам. Дасягненне такога ціску на адносна невялікай глыбіні немагчыма без магутнага ўдарнага ўздзеяння.
Метэарытнае паходжанне структуры абгрунтавалі беларускія вучоныя А. Махнач, М. Вераценнікаў, Г. Ількевіч.
Дасканальнае вывучэнне нетраў кратару дазволіла скласці даволі падрабязную карціну таго, што адбылося ў гэтым месцы. На хуткасці 18 км/с з Зямлёй сутыкнуўся каменны метэарыт дыяметрам 629 метраў і вагой 439 мільёнаў тон. Пры гэтым адбыўся выбух энергіяй 71 эксаджоўль (у мільён раз магутней за выбух ядзернае бомбы, скінутай на Хірасіму ў 1945 годзе), а тэмпература, якой ён суправаджаўся, склала каля 2000°С.[1]
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Глазовская Л.И., Громов Е.И., Парфенова О.В., Илькевич Г.И. Логойская астроблема. — М.: Наука, 1991. — 141 с., с ил.