Львоўская духоўная семінарыя Святога Духа
Львоўская духоўная семінарыя Святога Духа (укр.: Львівська духовна семінарія Святого Духа) — вышэйшая багаслоўская навучальная ўстанова Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая знаходзіцца ў Львове.
Львоўская духоўная семінарыя Святога Духа | |
---|---|
Львівська духовна семінарія Святого Духа | |
Арыгінальная назва | Львівська духовна семінарія Святого Духа |
Міжнародная назва | Lviv Theological Seminary of the Holy Spirit |
Заснаваны | 1783 |
Год закрыцця | 1939 |
Рэарганізаваны | 1990 |
Тып | рэлігійная навучальная ўстанова |
Рэктар | Ігар Бойка |
Юрыдычны адрас | вул. Хутарыўка 35, Львоў, 79070, Украіна |
Сайт | lds.lviv.ua |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьСемінарыя ў Львове заснавана імператарам Іосіфам II 30 жніўня 1783 г. Называлася яна тады Генеральнай духоўнай семінарыяй ў Львове і была прызначаная выхоўваць уніяцкіх святароў са ўсёй тагачаснай імперыі Габзбургаў — Галічыны, Закарпацця, Славакіі, Югаславіі, Сяміграддзя і Харватыі. Першым яе рэктарам стаў будучы Галіцкі мітрапаліт Ацін Ангеловіч.
У 1929 г. намаганнямі графа і мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага на базе семінарыі была створана Грэка-Каталіцкая Багаслоўская Акадэмія. Святочнае адкрыццё Акадэміі адбылося 6 кастрычніка 1929 г. на вул. Каперніка 36 у храме Львоўскай духоўнай семінарыі. Пачатак работы акадэміі быў цяжкім, недахоп прафесараў разумелі і заснавальнік і арганізатар акадэміі, таму спачатку быў заснаваны толькі багаслоўскі факультэт. Рэктарам акадэміі стаў Іосіф Сляпы.
У 1939 г. з наступленнем Чырвонай Арміі семінарыя была зачынена. У той жа год памяшканне Львоўскай духоўнай семінарыі па вул. Каперніка стала ўласнасцю Львоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Івана Франка. Падчас Другой сусветнай вайны дзейнасць семінарыі часова аднавілася. У 1945 г. яе паўторна ліквідавалі ўлады СССР. Большасць яе выкладчыкаў былі арыштаваныя і сасланыя ў сталінскія лагера; памяшканні, маёмасць і бібліятэка акадэміі былі канфіскаваныя, а выпускнікі і студэнты семінарыі рассеяны па ўсёй тэрыторыі Украіны і далёка за яе межамі.
Але семінарыя працягвала існаваць падпольна. Пасля атрымання блаславення епіскапа на навучанне семінарыст штодня хадзіў на свецкую працу, а па вечарах у пэўных месцах сустракаўся з выкладчыкам (дзеля бяспекі нават бацькам семінарыст не паведамляў пра яго вучобу і святарскую хіратонію). Іншыя юнакі, якія не мелі магчымасці сустрэцца з падпольнай Царквой, а адчувалі пакліканне да святарства, сваю навуку адбывалі ў легальных праваслаўных семінарыях Маскоўскага Патрыярхату.
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. УГКЦ выйшла з падполля. Некаторыя святары РПЦ з грэка-каталіцкага падполля вярнуліся да лону ўніяцкай царквы. Трэба было памяшканне, дзе б выхоўваліся, вучыліся будучыя манахі і святары. Былі нават спробы вярнуць будынак былой Львоўскай духоўнай семінарыі Святога Духа, што знаходзіцца на вул. Каперніка ў Львове, але ўсе спробы аказаліся марнымі. Тады паўстала пытанне аб іншым месцы. Была прапанаваная тэрыторыя былога піянерскага лагера «Гранада», які знаходзіўся ў маляўнічай лясной мясцовасці на ўскраіне мястэчка Рудна ў ваколіцах Львова. Так у 1990 г. Львоўская духоўная семінарыя Святога Духа афіцыйна аднавіла сваю дзейнасць на тэрыторыі Львоўшчыны. Цяпер комплекс будынкаў семінарыі складаецца з навучальнага корпуса; царквы-капліцы святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, асвячоная 15 красавіка 2000 г. уладыкам Любамірам і некалькіх будынкаў гаспадарчага прызначэння.
З прыходам на пасаду рэктара семінарыі доктара Багдана Праха ад 1999 г. пачалася праца над праектаваннем і будаўніцтвам новага комплексу духоўна-адукацыйнага цэнтра УГКЦ непасрэдна ў Львове. Гарадскія ўлады выдзелілі пад гэта будаўніцтва тэрыторыю плошчай каля 17 га на вул. Хуктарыўка ў Львове. Прысвячэнне ўчастка пад будаўніцтва багаслоўскага цэнтра адбылося ў 2000 г. Пачынаючы з 2001 г. пачата праектаванне новага будынка Львоўскай духоўнай семінарыі ў Львове. На працягу 2001—2005 гг. па праекце групы архітэктараў быў пабудаваны новы комплекс збудаванняў у складзе корпуса Львоўскай духоўнай семінарыі, багаслоўска-філасофскага факультэта Украінскага каталіцкага ўніверсітэта, гаспадарчага корпуса семінарыі і будынка студэнтату айцоў-рэдэмптарыстаў на гэтай тэрыторыі. Прысвячэнне новага комплексу Львоўскай духоўнай семінарыі УГКЦ адбылося ў жніўні 2005 г. пры ўдзеле кардынала Любаміра Гузара і членаў Сіноду епіскапаў УГКЦ.
Рэктары
правіць- Іосіф Сляпы (1926—1944)
- Святаслаў Шаўчук (2007—2008)