Падкарпацкая Русь

(Пасля перасылкі з Закарпацце)

Падкарпа́цкая Русь, Закарпа́цце, Закарпа́цкая Русь, Закарпа́цкая Украі́на, або Падкарпа́цце (укр.: Закарпаття; венг.: Kárpátalja; славацк.: Podkarpatská Rus; рум.: Transcarpatia; польск.: Zakarpacie; ням.: Karpatenukraine) — гістарычны рэгіён ва Усходняй Еўропе, цяпер большай часткай уваходзіць у Закарпацкую вобласць Украіны.

Герб Карпацкай Русі
Падкарпацкая Русь

Гісторыя правіць

Засяленне Закарпацця славянскімі плямёнамі праз карпацкія перавалы пачалося прыкладна з II стагоддзя н.э. Вынікі археалагічных раскопак паказваюць, што да VIII—IX стагоддзяў нізінныя раёны Закарпацця былі даволі густа заселены. Мясцовыя жыхары, якія займаліся земляробствам, мабыць, належалі да белых харватаў, якія пражывалі па абодва бакі Карпацкіх гор. Уварванне старажытнавенгерскага саюза плямёнаў на Дунайскую раўніну адрэзала іх ад суродзічаў — паўднёвых славян, і пад уплывам пастаяннага прытоку перасяленцаў з другога боку Карпат, які доўжыўся аж да XIX стагоддзя, насельніцтва Закарпацця паступова аказалася інтэгравана ва ўсходнеславянскую этнічную супольнасць.

Першапачаткова вядомая як частка ўсходнеславянскіх зямель Кіеўскай Русі, пасля прыходу плямёнаў венграў у Еўропу гэты рэгіён неўзабаве трапляе пад уладу венграў, якімі і кантраляваўся да другой паловы XVII стагоддзя. З XVII стагоддзя, як і ўся Венгрыя, уваходзіць у склад Аўстрыі, якая ў 1867 годзе была пераўтвораная ў федэратыўную Аўстра-Венгрыю, дзе Закарпацце трапіла ў склад венгерскай часткі дзяржавы. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі ў 1918 годзе рэгіён становіцца прадметам тэрытарыяльных спрэчак паміж Венгрыяй, Румыніяй і ўкраінскімі нацыянальнымі арганізацыямі, апошнія імкнуліся да далучэння закарпацкіх зямель да суседняй ЗУНР як зямель, дзе большасць насельніцтва складалі ўкраінцы. Тым не менш, праз некаторы час рэгіён замацоўваецца ў складзе суседняй Чэхаславакіі (Трыянонскі дагавор), дзе атрымлівае статус адной з чатырох адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краіны пад назвай Падкарпацкая Русь.

З 1938 года ў сувязі з ціскам на Чэхаславакію суседніх Германіі і Венгрыі поўдзень Закарпацця пераходзіць у склад Венгрыі, астатняя частка атрымлівае аўтаномію, якая ўрэшце ў 1939 годзе абвяшчае незалежную рэспубліку (гл. Карпацкая Украіна) са сталіцай у мястэчку Хуст. На наступны дзень Венгрыя аб’яўляе акупацыю краіны, аднак пазіцыйныя сутычкі працягваліся цягам яшчэ некалькіх месяцаў. З 1944—1945 гадоў займаецца савецкімі войскамі, пасля чаго, нягледзячы на пратэсты новага чэхаславацкага ўрада, уключаецца ў склад СССР як Закарпацкая вобласць УССР.

З аднаўленнем Украінай незалежнасці ў 1991 годзе статус і межы рэгіёна не змяніліся.

Насельніцтва правіць

Па этнічным складзе насельніцтва гістарычна большасць складалі ўкраінцы. З часоў уварвання венграў поўдзень рэгіёна ля мяжы з сучаснай Венгрыяй здаўна засялілі венгры, якія і дагэтуль складаюць большасць насельніцтва ў раёнах ля мяжы з Венгрыяй і значную (>10 %) дзель ад насельніцтва ўсёй вобласці. Існавалі таксама паселішчы немцаў (карпацкія немцы), дагэтуль існуюць супольнасці цыганаў (паўсюдна) і румынаў (паўднёвы ўсход), у ХХ стагоддзі заўважную прысутнасць мелі чэхі і славакі.

Мясцовае ўкраінскае насельніцтва часам разглядаецца як асобны ўсходнеславянскі этнас пад назваю руснакі. На падобным пункце гледжання настойваюць мясцовыя арганізацыі русінскай ідэнтычнасці, ён жа часта распаўсюджаны ў заходняй і расійскай літаратуры.

Мова правіць

Большасць насельніцтва — украінцы — размаўляюць на закарпацкіх гаворках украінскай мовы. Значныя пазіцыі дагэтуль захоўвае венгерская мова (гл. венгерская мова ва Украіне), якая ёсць роднай для практычна ўсяго венгерскага насельніцтва рэгіёна (>90 %) і некаторай часткі іншых этнасаў, у тым ліку для некаторых мясцовых цыганаў і ўкраінцаў.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць