Чэхі
Чэхі (чэшск.: Češi) — заходнеславянскі народ, асноўнае насельніцтва Чэшскай Рэспублікі. Жывуць таксама ў сумежных краінах, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Сербіі, Украіне і г. д. Агульная колькасць (2012 г.) — 10 213 000 чал.[1] Родная мова — чэшская.
Чэхі (Češi) | |
Агульная колькасць | 10213000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Чэхія — 9870 тыс. Германія — 33 тыс. |
Мова | чэшская |
Рэлігія | каталіцызм, пратэстантызм |
Блізкія этнічныя групы | славакі, лужычане, палякі |
Гісторыя
правіцьПаходжанне
правіцьУ першай палове 1 тысячагоддзя н.э. на тэрыторыі сучаснай Чэхіі жылі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя тут з’явіліся таксама германцы. Але ў IV — V стст. н.э. большую частку насельніцтва ўжо складалі славяне. Казьма Пражскі пералічвае наступныя славянскія плямёны: чэхі, лучане, дзечане, мараване і інш. У другой палове VI ст. яны былі падпарадкаваны аварамі. У барацьбе з апошнімі сфарміравалася дзяржава Само (VII ст.).
У пач. IX ст. на тэрыторыі Чэхіі і сумежных краін склалася Вялікая Маравія. У 863 г. мараўскі князь Расціслаў запрасіў з Візантыі місіянераў-асветнікаў Кірыла і Мяфодзія для пашырэння хрысціянства. Дзякуючы іх дзейнасці ўзнікла царкоўнаславянская мова, зразумелая для ўсіх славян, а таксама пісьмо глаголіца. Аднак пазней пад уплывам нямецкіх місіянераў у Вялікай Маравіі пачаў распаўсюджвацца каталіцызм.
У пач. X ст. Вялікая Маравія распалася пад ціскам венграў, якія захапілі яе ўсходнюю частку. У заходняй частцы ў 1085 г. вакол Прагі склалася асабіста чэшская дзяржава. Паводле легенды, назва народа паходзіць ад імя Чэха, які прывёў свой народ на гару Ржып; брата Руса і Леха, якія нібы далі пачатак славянскім народам чэхам, русам і ляхам.[2]
Позняе Сярэднявечча і Рэнесанс
правіцьУ XIII — XV ст. чэшскія землі перажывалі эканамічны росквіт дзякуючы эксплуатацыі радовішчаў серабра і іншых металаў, што садзейнічала росту гарадоў і грашовай гаспадаркі. Аднак у 1306 г. дынастыя чэшскіх каралёў Пржамысловічаў перарвалася. Новыя манархі мелі нямецкае паходжанне. Чэшскае каралеўства ўвайшло ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Актыўнае развіццё гаспадаркі і асваенне новых зямель унутры краіны суправаджаліся нямецкай каланізацыяй. Прычым, нямецкія перасяленцы мелі пэўныя палёгкі, што ў эпоху Сярэднявечча разглядаліся як прывілегіі, якія надавалі адносна высокі статус тым, хто іх атрымоўваў. Разам з каланістамі ў Чэхіі пашыраўся ўплыў нямецкай мовы і культуры. Гэта прасочваецца нават у перыяд кіравання Карла IV, хаця ён традыцыйна разглядаецца як час росквіту чэшскай сярэднявечнай культуры.
Незадаволеннасць чэхаў выявілася ў дзейнасці чэшскага рэфарматара Яна Гуса (каля 1370 — 1415 гг.) і ў руху гусітаў. Хаця гэты рух першасна меў рэлігійны характар, гусіты імкнуліся спыніць нямецкі культурны ўплыў у самой Чэхіі і сумежных славянскіх землях.
Нават пасля паражэння паўстання ў 1434 г. чэшскія рэфарматары працягвалі сваю працу, перакладалі на чэшскую мову Біблію, аднымі з першых сярод славян распачалі кнігадрукаванне. Для таго, каб дасягнуць поспеху Каталіцкая царква таксама была вымушана ўлічваць моўныя і культурныя інтарэсы чэхаў. Відавочна, чэшскі нацыянальны ўздым XV - XVI стст. аказаў моцны ўплыў на дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны.
Нацыянальнае адраджэнне
правіцьУжо ў XVI ст., калі з Новага Свету пачало паступаць таннае срэбра, і ў Еўропе адбывалася рэвалюцыя коштаў, эканоміка чэшскіх зямель пачала набываць больш аграрны характар а гарады як цэнтры культуры згубілі сваю значнасць. Падчас Трыццацігадовай вайны пратэстанты былі выгнаныя з Чэхіі. Сярод іх быў вядомы вучоны і педагог Ян Амос Каменскі.
Аднак у XIX ст. чэшскі нацыянальны рух зноў адрадзіўся. Гэтаму спрыялі наступныя фактары:
- Засваенне мясцовымі інтэлектуаламі ідэй рамантызму і блізкасці да свайго народа
- З’яўленне ў выніку рэформ у Аўстрыйскай імперыі моцнага бюракратычнага апарата, а разам з ім чыноўнікаў-разначынцаў, сярод якіх паступова папулярнасць набываў нацыяналізм
- Новы эканамічны ўздым, які прыцягваў у гарады выхадцаў з сельскай мясцовасці, што традыцыйна карысталіся чэшскай мовай
Значную ролю ў нацыянальным адраджэнні адыгралі Іозеф Даброўскі, Іозеф Юнгман, Антанін Леапольд Дворжак, Францішак Палацкі і інш., якія пачалі перагляд чэшскай літаратурнай мовы, набліжэнне яе да народнай, стварылі працы па гісторыі мовы, літаратуры і ўсяго чэшскага народа, заснавалі сучасную нацыянальную музычную культуру. Многія з чэшскіх нацыянальных дзеячаў арыентаваліся на панславізм, падтрымлівалі цесныя адносіны з выбітнымі асобамі са Славакіі, з Расіі, Сербіі і Харватыі. Але большасць панславістаў працягвалі арыентавацца на дынастыю Габсбургаў.
У 1804 г. была абвешчана Аўстрыйская імперыя, якая ў 1867 г. трансфарміравалася ў Аўстра-Венгрыю. Чэхі падобна венграм жадалі атрымаць для сваёй краіны асобны статус. У другой палове XIX ст. Чэхія з’яўлялася адным з найбольш паспяхова эканамічна развітых цэнтраў імперыі. Большая частка мясцовых прадпрымальнікаў падтрымлівала задуму наяўнасці аўтаноміі, а разам з ёю - чэшскі нацыяналізм. Адным з яго паслядоўных лідараў стаў прафесар Томаш Масарык.
Чэхі дамагліся адкрыцця Нацыянальнага музея, Чэшскай Акадэміі, чэшская мова была прыраўнана да нямецкай у судаводстве і ў школе. Рух за нацыянальную школу быў усеагульным. Да канца XIX ст. большасць чэхаў стала пісьменнай. Але спроба зрабіць чэшскую мову роўнай да нямецкай у адміністрацыйным справаводстве (1897 г.) выклікала рэзкую незадаволенасць з боку нямецкіх насельнікаў.
У гады I Сусветнай вайны чэшскі нацыянальны палітычны рух канчаткова парваў з арыентацыяй на Габсбургаў. У 1915 г. у Кліўлендзе (ЗША) прадстаўнікі чэшскай і славацкай эміграцыі адкрыта абвясцілі аб імкненні стварыць сваю дзяржаву.
У 1918 г. была створана незалежная дзяржава Чэхаславакія, якая ў 1992 г. падзялілася на Чэшскую рэспубліку і Славацкую рэспубліку.
Традыцыйная культура
правіцьЭтнаграфія
правіцьУ сучаснасці чэхі ўяўляюць сабою даволі адзіную этнічную супольнасць, хаця традыцыйна існуе падзел на жыхароў Багеміі, Маравіі (гл. Маравы) і чэшскай Сілезіі. У мінулым таксама вылучаліся наступныя этнаграфічныя групы:
- Ходы (чэшск.: Chodové), якія калісьці ахоўвалі каралеўскія землі, займаліся сельскай гаспадаркай і карысталіся значнымі прывілегіямі. У XVII ст. прывілегіі былі адменены, але ходы працягвалі захоўваць пэўную культурную замкнёнасць.
- Гаракі (чэшск.: Horáci) у горнай мясцовасці на захадзе Маравіі.
- Ганакі (чэшск.: Hanáci) у сярэдняй Маравіі.
- Валашы (чэшск.: Valaši), нашчадкі арамунаў.
Асноўныя заняткі
правіцьСельская гаспадарка здаўна адыгрывала важную ролю ў жыцці насельнікаў чэшскіх зямель. Пераважала земляробства — вырошчванне зёлкавых культур. Бабовыя (пераважна гарох і сачавіцу) саджалі для ўнутранага спажывання. З XIII — XV стст. чэхі таксама вырошчвалі хмель і вінаград. Характэрна, што ў Чэхіі заўсёды ацэньваліся вінныя, а не сталовыя сарты вінаграду. З XVII ст. шырока распаўсюдзіліся каноплі і лён, якія давалі сыравіну для тэкстыльнай прамысловасці.
Асноўнымі земляробчымі прыладамі працы былі прамянёвая барана, серп, рала, плуг, мадэрнізаваны мясцовымі ўмельцамі ў 1827 г. паліцай, злучанай у адно цэлае з лямешам, кароткая каса і г. д. Ужо ў другой палове XIX ст. сельская гаспадарка зведала моцныя тэхнічныя змены.
Жывёлагадоўля мела істотнае значэнне ў горных раёнах. У далінах буйную свойскую жывёлу трымалі для апрацоўкі глебы. У сельскай мясцовасці і гарадах разводзілі гусакоў і свінняў. Ужо ў эпоху позняга Сярэднявечча капалі сажалкі для гадоўлі карпаў.
Чэхія — краіна, дзе шмат стагоддзяў развіваліся гарады і горная справа. Рамеснікі складалі асобны пласт насельніцтва. Чэхі здаўна добра вядомы як дасведчаныя абутнікі, півавары, вытворцы мэблі і шкляных вырабаў. Традыцыі, назапашаныя рамеснікамі і работнікамі мануфактур, перадаваліся праз пакаленні. Яшчэ ў сярэдзіне XX ст. вылучаліся прадстаўнікі старых рудняў і бровараў, якія падтрымлівалі старыя звычаі - мелі асаблівую святочную вопратку, шанавалі святых заступнікаў сваіх прафесій і святкавалі асобныя прафесійныя дні. У другой палове XIX ст. назіралася шырокая міграцыя ў гарады з сельскай мясцовасці. У выніку ў канцы стагоддзя ў прамысловасці працавала каля паловы дарослага насельніцтва.
Жытло
правіцьСельскія паселішчы здаўна будаваліся кампактна або раскідана. Кампактную, добра выяўленую планоўку мелі вёскі, што з’яўляліся адміністрацыйнымі цэнтрамі. Прычым такія вёскі ўзніклі не пазней за X ст. Яны мелі пляц, які мог набываць розную форму. Вёскі з круглымі пляцамі называлі кругавымі. Хаты ўзводзіліся франтонам на пляца ці вуліцы. Двары абавязкова агароджваліся. За дваром ладзіліся гаспадарчыя пабудовы, далей цягнуліся палеткі. У далёкім мінулым вёскі мелі толькі адзін уезд з брамай, таму вёску ў пэўны момант можна было зачыніць ад чужынцаў.
Характэрнай асаблівасцю Чэхіі з’яўляецца наяўнасць шматлікіх гарадоў з насельніцтвам ад 2 тысяч да 20 тысяч чалавек. Многія з іх былі заснаваны ў эпоху Сярэднявечча і да нашай пары захоўваюць гарадскія прывілегіі. Яны былі заснаваны як гандлёвыя цэнтры, таму маюць тыповую планіроўку. Галоўная частка складаецца з плошчы, каля якой узведзены ратуша і/або касцёл. Вакол яе растуць жылыя кварталы. Некаторыя малыя гарады выцягнуты ўздоўж дарог і рэк, таму больш нагадваюць планіроўкай вялікія вёскі.
У Чэхіі таксама сустракаюцца паселішчы іншых тыпаў. Як правіла, яны належалі нямецкім перасяленцам.
Жытлы трохкамерныя, тыповыя для славян. Яны ўмяшчалі непасрэдна хату, сенцы і камору, якая выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэб. Характэрны жылыя пабудовы з падвойным апалам. Хату абагравалі толькі ўзімку. Для гэтага карысталіся печчу. У цёплую пару гатавалі сняданак на адкрытым агмені, што знаходзіўся ў сенцах або прызбе.
У старажытнасці найбольш папулярным матэрыялам для пабадоў была драўніна. Але ў наш час яна сустракаецца вельмі рэдка. З XVIII ст. пераважалі пабудовы з каменю і гліны. Пад уплывам немцаў шырока выкарыстоўвалася каркасная фахверкавая тэхніка. Дахі крылі саломай, трыснягом, галінкамі, мохам, драўлянай дранкай. Грэбень даха ўмацоўвалі дзірваном. Усярэдзіне жытло тынкавалі глінай і бялілі. Франтон і перадпакой усяляк упрыгожвалі.
Вопратка
правіцьУжо ў эпоху Адраджэння на тэрыторыі большай часткі чэшскіх зямель шырока распаўсюдзіліся гарадская вопратка, таму чэшскія нацыянальныя строі зведалі моцны ўплыў агульнаеўрапейскай моды.
Для заходніх раёнаў былі характэрныя доўгія жаночыя кашулі з сабранымі рукавамі і каўняром, гарсет і прыталены станік, што шнураваліся спераду, некалькі ніжніх спадніц, шырокі фартух, хустка, накрухмалены каптур для дарослых жанчын і тонкія палоскі тканіны для дзяўчын. Жанчыны таксама апраналі белыя або чырвоныя панчохі, драўляныя чаравікі, узімку - кажушкі з авечай скуры.
Мужчынская адзежа складалася з кароткіх штаноў, кашулі з вялікімі абшэўкамі, шыйнай хусткі, камізэлькі, сініх або белых панчох, часам - фартуха, доўгага пінжака і доўгіх ботаў.
У горнай Сілезіі і Усходняй Маравіі народныя строі доўгі час захоўвалі большую арыгінальнасць. Там жанчыны апраналі простыя споднія кашулі без рукавоў з палатна, наверх - дадатковая кароткая кашуля, пярэдні і задні фартухі. Мужчыны насілі скураныя або палатняныя штаны, абабітыя па баках, шырокія кашулі без абшэвак, грубыя ваўняныя панчохі, футравыя шапкі або лямцавыя капялюшы. У святочныя дні капелюшы ўпрыгожваліся кветкамі або белым курыным пер'ем.
Да канца XIX ст. традыцыйная вопратка практычна выйшла з ужытку.
Кулінарыя
правіцьНават у нашы дні чэшская кухня не адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. З даўніх часоў асновай ежы былі стравы з мукі і бабовых. Цікава, што зараз грэчку вырошчваюць амаль выключна як кармавую культуру. Але яшчэ два - тры стагоддзі таму грачаныя праснакі і хлеб былі шырока вядомы ў горных раёнах. Яны хутка чарсцвелі, але лепш захоўваліся. Адданасць да такога "пастуховага хлеба" і грачанай кашы захавалася толькі ў некалькіх месцах Маравіі.
Да XIX ст. ніякай гародніны, акрамя капусты, чэхі амаль не ўжывалі. Значную ролю ў змене кулінарных традыцый адыграла бульба. Зацірка з бульбы і капусты стала вельмі распаўсюджанай, хаця і лічылася ежай беднякоў. Вядомасцю карыстаюцца чэшскія кнедлікі з мукі і бульбы, а таксама бульбяныя клёцкі шкубанкі. Гатуюць брамборак, бульбяныя бліны з алеем, макам і тварагом.
Вельмі папулярны малочныя стравы, асабліва тварог. Прычым, яго робяць не толькі з каровінага, але і авечага малака. Мяса ядуць рознае, найбольш свініну і птушку.
З эпохі Сярэднявечча ў Чэхіі варылі хмельнае піва. У нашы дні яно лічыцца нацыянальным напоем. На поўдні Маравіі вырошчваюць вінаград, з якога гатуюць самаробнае хатняе светлае віно. Кава стала вядома ў XVII ст., але разглядалася як напой багатых. У XIX ст. каву пілі ўжо ўсе пласты насельніцтва, але звычаную паўседзённую каву варылі са смажанага аўса. Натуральную ўжывалі па святах.
Фальклор
правіцьЧэшская фальклорная спадчына багатая на такія жанры як казкі, гістарычныя паданні, песні, балады і г. д. Ва Усходняй Маравіі папулярны так званыя вакальныя спевы. У астатніх частках Чэхіі — інструментальныя, звычайна аднагалосыя спевы.
Відавочна, адным з найбольш старажытных тыпаў танца былі карагоды і кругавыя танцы. З апошніх у Чэхіі распаўсюджаны тачывы, якія суправаджаюцца скокавымі песнямі. З Чэхіі паходзяць таксама танцы полька і абкрочак.
Песні і танцы суправаджаліся акампаніментам дуды, флейты, скрыпкі, цымбал. Вылучаліся прафесійныя музыкі кантары[3].
З іншых відаў народнага мастацтва распаўсюджаны калядныя і вялікодныя відовішчы. Першыя суправаджаюцца паэтычнымі і жартоўнымі выступамі, часам музычнымі ўстаўкамі. Вялікодныя відовішчы маюць значна больш рэлігійны характар. З XVIII ст. існуе лялечны тэатр, падобны на беларускую батлейку.
Мова
правіцьЧэшская мова — заходнеславянская. Мае дзяржаўны статус у Чэхіі. Шырока выкарыстоўваецца ў грамадскім ужытку, сродках масавай інфармацыі і г. д.
Рэлігія
правіцьБольш за палову насельніцтва Чэхіі адкрыта не адносіць сябе да веруючых. Большая частка вернікаў — каталікі, ёсць пратэстанты.
Чэхі на Беларусі
правіцьУ 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь жыло 121 чал., які вызнаваў сваю тоеснасць як чэх[4]. З іх 15 чал. назвалі сваёй роднай мовай чэшскую, 26 - беларускую.
Выбітныя прадстаўнікі
правіцьГістарычныя дзеячы
правіцьЗначнымі асобамі чэшскага паходжання, якія адыгралі вялікую ролю ў гісторыі ўсёй Еўропы былі Ян Гус, дзеяч Рэфармацыі, і педагог-гуманіст Ян Амос Каменскі.
Дзеячы мастацтва
правіцьСярод чэхаў нямала значных фігур сусветнага мастацтва. Паэт Яраслаў Сейферт быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Яраслаў Гашэк, Карэл Чапек дапаўняюць плеяду чэшскіх пісьменнікаў з сусветным імем. Чэшскаму народу належаць таксама кампазітары Бедржых Сметана і Антанін Дворжак; мастак Альфонс Муха; кінарэжысёр Мілаш Форман; фатограф Ян Саўдэк.
Спартсмены
правіцьЧэхія — традыцыйна моцная хакейная дзяржава. У ліку знакамітых чэшскіх хакеістаў — Дамінік Гашэк і Ярамір Ягр. Таксама да знакамітых спартсменаў-чэхаў адносяцца тэнісісты Іван Лендл і Марціна Наўрацілава; лёгкаатлеты Эміль Затапек і Ян Жалезны; футбалісты Ёзэф Масапуст і Павел Недвед.
Зноскі
- ↑ Czech
- ↑ Костомаров Н. И. Исторические произведения. Автобиография. К: Изд-во Киевского государственного университета «Лыбедь», 1990
- ↑ Покорны П. Музыкальная жизнь в Чехии в XVIII - нач. XIX вв. // Французская рэвалюцыя і лёсы свету. / Пад рэд. У. С. Кошалева, У. Н. Сідарцова. / Пер. з анг. В. М. Шутавай, фр. К. І. Казака, чэш. Дз. Самахвалава. - Мн.: БДУ, 1999. С. 190 - 191
- ↑ belstat.gov.by