Лінія Молатава — умоўная назва былой сістэмы ўмацаванняў, пабудаваная Савецкім Саюзам у 1940—1941 гадах уздоўж новай заходняй граніцы пасля далучэння краін Прыбалтыкі, заходніх абласцей Украіны, Беларусі і Бесарабіі.

Лінія Молатава і ўмацаваныя раёны на ёй (1939—1941 гады)

Гісторыя правіць

17 верасня 1939 года, з пачаткам Другой сусветнай вайны, Чырвоная армія ўвайшла на тэрыторыю ўсходняй Польшчы (сучасныя заходнія вобласці Украіны і Беларусі). Падпісаны з гітлераўскай Германіяй 28 верасня таго ж года Дагавор аб дружбе і граніцы ўсталёўваў заходнюю мяжу СССР у цэлым па «лініі Керзана», за выключэннем раёна Беластока, дзе яна прайшла некалькі заходней. Пасля далучэння Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі «лінія Сталіна» страціла сваё значэнне, так як мяжа абароны перамешчана на 300 кіламетраў на захад, дзе і ўзнікла «лінія Молатава». Гэта змяненне мяжы з’яўляецца прамым следствам Пакта Молатава — Рыбентропа, падпісаным Вячаславам Молатавым, адсюль і назва лініі. Найменне носіць нефармальны характар і ўвайшло ва ўжытак значна пазней.

Лінія распасціралася ад Балтыйскага мора да Карпат. Яна была часткай больш буйной абарончай сістэмы СССР уздоўж яго заходніх граніц, якая распасціралася ад Паўночнага Ледавітага акіяна да Чорнага мора. Лінія складалася з 13 умацаваных раёнаў (умацаваны раён, або УР). Многія з іх абаранялі каля 100 км мяжы. Кожны УР складаўся з вялікай колькасці доўгачасовых агнявых кропак — ДОТ — бетонных бункераў з кулямётамі, супрацьтанкавымі гарматамі і іншай артылерыяй. Бункеры пабудаваныя групамі для ўзаемнай падтрымкі. Кожная група ўтварала батальённы вузел абароны, да якіх былі прыпісаны асобныя кулямётна-артылерыйскія батальёны. Колькасць гарнізонаў дотаў у залежнасці ад тыпу збудавання была ад 8—10 да 30—40 чалавек. На 22 чэрвеня 1941 года з 5807 доўгачасовых абарончых збудаванняў, якія ўзводзіліся СССР уздоўж заходніх межаў у складзе 13-ці ўмацаваных раёнаў «лініі Молатава», завершана будаўніцтва толькі 880. Гатоўнасць умацаваных раёнаў складала ў сярэднім 15—20%.

У ноч на 22 чэрвеня 1941 года ў адпаведнасці з дырэктывай № 1[1] толькі частка дотаў прыгранічных УРаў была занятая гарнізонамі да пачатку нацысцкага наступлення. Палявое запаўненне УРаў альбо не было забяспечана, альбо было недастатковым. У выніку «лінія Молатава» ў цэлым не адыграла колькі-небудзь значнай ролі ў ходзе прыгранічных бітваў Вялікай Айчыннай вайны. Вузлы абароны, якія паспелі заняць савецкія войскі, абыходзіліся і блакаваліся немцамі ў першыя дні, а затым знішчаліся штурмавымі групамі.

Разваліны гэтых збудаванняў можна знайсці сёння ў Літве, Польшчы, Беларусі і Украіне. Многія з іх добра захаваліся. Сучасныя межы некалькі адрозніваюцца ад межаў у 1941 годзе, і некаторыя ўчасткі гэтай лініі не знаходзяцца ў прыгранічных зонах і лёгка даступныя. Пэўныя ўчасткі праходзяць уздоўж сучасных польска-ўкраінскіх, польска-беларускіх і літоўска-расійскіх межаў, так што доступ да іх можа быць абмежаваны па меркаваннях бяспекі на граніцы.

Заўвагі правіць

Спасылкі правіць