Ліпляны (археалагічныя помнікі)

Ліпляны — археалагічныя помнікі — паселішчы каля в. Ліпляны Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Адкрыты і абследаваліся ў 19891990 гг. В. С. Вяргей, М. М. Крывальцэвічам, В. Я. Кудрашовым, у 2004 г. М. М. Крывальцэвічам.

Паселішча—1 правіць

Знаходзіцца больш чым за 2,5 км на паўночныўсход ад всскі, на пойме левабярэжжа р. Убарць, на узвышшы (вышыня 1—2 м). Знойдзены кераміка і крамянёвыя вырабы днепра-данецкай культуры неаліту, абломкі ляпнога посуду кола культуры шнуравой керамікі, тшцінецкага культурнага кола, ранняга жалезнага веку.

Паселішча—2 правіць

Знаходзіцца больш чым за 3км на паўночны ўсход ад вёскі, 0,4 км на паўночны ўсход ад паселішча—1, на пойме левабярэжжа р. Убарць, на заходняй ускраіне вялікага ўзвышша, выцягнутага з поўдня на поўнач (вышыня каля 4 м). Знойдзены крамянёвыя вырабы (мікрапласцінкі, разцы, пласцінкі і вастрыі з прытупленай спінкай) эпохі мезаліту, рэшткі ляннога посуду і апрацаваныя крамянёвыя прылады днепра-данецкай культуры, вырабы з крэменю і абломкі некалькіх пасудзін кола культуры шнуравой керамікі і тшцінецкага культурнага кола. Сярод тшцінецкай керамікі — развал вялікага таўстасценнага гаршка з моцна выступаючым пад краем венчыка наляпным валікам.

Паселішча—3 правіць

Знаходзіцца за 0,4 км на паўночны захад ад паселішча—2, на левабярэжжы р. Убарць, на пясчанай выспе (вышыня да 4 м). Знойдзены фрагменты ляпнога посуду і крамянёвых вырабаў днепра-данецкай культуры, апрацаваны крэмень і абломкі посуду кола культуры шнуравой керамікі і тшцінецкага культурнага кола, фрагменты керамікі жалезнага веку.

Паселішча—4 правіць

Знаходзіцца за 0,2 км на паўднёвы захад ад паселішча—3, на левым беразе р. Убарць, на пагорку. Знойдзены фрагменты керамікі тшцінецкага культурнага кола, апрацаваны крэмень і абломак посуду перыяду неаліту.

Паселішча—5 правіць

Прыблізна за 0,1 км на поўдзень ад паселішча—4, на пойменным узвьшшы (вышыня больш за 1 м). Знойдзены абломкі посуду і крамянёвыя вырабы тшцінецкага культурнага кола, фрагменты посуду і крамянёвыя вырабы днепра-данецкай культуры і кола культуры шнуравой керамікі. У 1990 г. у шурфе памерамі 1х1 м быў зафіксаваны культурны пласт магутнасцю 0,2—0,3 м.

Паселішча—6 правіць

Знаходзіцца каля 0,4 км на паўднёвы ўсход ад паселішча—2, на беразе старычнага возера на разбураным узвышшы (вышыня каля 2 м). Памеры 70х120 м. Знойдзены абломкі посуду і крамянёвыя вырабы днепра-данецкай культуры, рэшткі некалькіх пасудзін кола культуры шнуравой керамікі і тшцінецкага культурнага кола. Выяўлена паўзямлянка са зрубнай канструкцыяй сцен раннеславянскай пражскай культуры. Аснова заглыблена ў мацярык на глыбіні да 0,35 м. Паўночная і ўсходняя сцена захаваліся на даўжыні 2,6 і 3 м адпаведна, паўднёвая і заходняя сцены былі знішчаны. Жытло арыентавана па баках свету, абагравалася глінабітнай купальнай печчу ў паўночна-заходнім куце. Пад развалам печы прасочвалася яе чарэнь дыяметрам каля 0,8 м, з пласта гліны таўшчынёй да 3 см. У развале печы было некалькі цэлых і фрагментаваных гліняных «хлябцоў» у форме плазаватага шара дыяметрам 7—8 см. У запаўненні катлавана і ў развале печы знойдзены абломкі прыкладна ад 10 грубаляпных гаршкоў пражскага тыпу. Дыяметр іх вусцяў 12—35 см, таўшчыня сценак 0,6—1,2 см. У гаршкоў розная даўжыня адхіленай вонкі шыйкі, коса зрэзанае венца, слаба выпуклыя акруглыя плечыкі, змешчаныя ў верхняй траціне вышыні пасудзіны. Посуд па марфалагічных параметрах адносіццаа да VII ст. На тэрыторыі паселішча знойдзены фрагменты кругавога посуду з лінейным арнаментам XIIIXIV стст.

Паселішча—7 правіць

Знаходзіцца за 1,5 км на поўнач ад паселішча—6, ва ўрочышчы Красная Горка, на рэштках узвышша, у левабярэжжы р. Убарць. Знойдзены крамянёвыя вырабы і фрагменты посуду неалітычнай днепра-данецкай культуры і кола культуры шнуравой керамікі. Сярод знаходак — развал неалітычнага гаршка з вузкім плоскім дном і накольчатым арнаментам.

Літаратура правіць

  • Kryval'cević, M. Z badań nad kultura trzciniecka na Polesiu Białoruskim w dorzeczu Prypeci // Folia Praehistorica Posnaniensia. — 1997. — T. VIII. — S. 69—97.
  • Вяргей, В. С. Раннеславянскае жытло з паселішча Ліпляны—6 на р. Убарць / В. С. Вяргей // Восточная Европа в древности и средневековье: докл. междунар. науч. конф., посвящ. 75-летию проф. Э.М. Загорульского и 30-летию каф. археологии и спец. ист. дисфиплин БГУ, Минск, 16 января 2004 г. / науч. ред. А.А. Егорейченко. — Минск: БГУ, 2004. — 97, [2] с., [1] л. портр.: ил. — С. 5—12. — ISBN 985-485-197-4.
  • Крывальцэвіч, М. М. Новыя помнікі бронзавага веку ў нізоўях Убарці / М. М. Крывальцэвіч // Весці Акадэміі Навук. Серыя грамадскіх навук. — 1994. — № 1. — С. 120—121.
  • Крывальцэвіч, М. М. Помнікі бронзавага веку ў нізоўях Убарці // Археалогія і старажытная гісторыя Магілёўшчыны і сумежных тэрыторый (Матэрыялы канферэнцыі 22 красавіка 1993 г.) / Магілеўскі абласны краязнаўчы музей; Адказ. рэд. А. А. Седзін. — Магілёў: [Б. в.], 1994. — 176 с.: іл. — С. 71—78.
  • Крывальцэвіч, М. М., Вяргей, В. С. Ліпляны / М. М. Крывальцэвіч, В. С. Вяргей // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 17—18. — ISBN 978-985-11-0354-2.