Пражская культура
Пражская культура, культура пражскага тыпу, помнікі пражскага тыпу, помнікі тыпу Карчак, пражска-карчакская культура — археалагічная культура IV — VII стст. на тэрыторыі ад Эльбы да правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя і паўночнай часткі басейна Паўднёвага Буга, ад польскага Памор'я да падунаўя і ўсходніх адгор'яў Альп.
Помнікі на паўночным захадзе асноўнага арэала культуры (тыпу Сукаў-Дзедзіцы) адны даследчыкі вылучаюць як лакальны варыянт пражскай культуры, іншыя лічаць асобнай мясцовай культурай. Кампаненты пражскай культуры сустракаюцца ў межах груп Іпа-цешць-Кындзешць-Чурэл (левабярэжжа Ніжняга Дуная), Медыаш і Гымбаш (Трансільванія), сярод помнікаў Аварскага каганата (у асноўным на правабярэжжы Сярэдняга Дуная да басейна возера Балатон) і інш.
Пражская культура вылучана чэшскім археолагам І.Баркоўскім у канцы 1930-х гадоў. На сучасным этапе вывучэнне культуры базіруецца на працах расійскага археолага І. П. Русанавай.
Паходжанне
правіцьІснуюць 3 галоўныя гіпотэзы аб паходжанні пражскай культуры:
- сфарміравалася на аснове пшэворскай культуры (ці аднаго з яе кампанентаў) у Вісла-Одэрскім рэгіёне (шэраг польскіх даследчыкаў, І. П. Русанава, часткова В. В. Сядоў);
- склалася на аснове традыцый зубрэцкай культуры, якія знайшлі працяг у межах лакальнага варыянта чарняхоўскай культуры ў Верхнім і Сярэднім Паднястроўі (большасць украінскіх даследчыкаў, часткова В. В. Сядоў);
- узнікла ў ходзе рассялення шэрагу груп насельніцтва лясной зоны Усходняй Еўропы на захадзе і поўдні (Дз. А. Мачынскі, М. Б. Шчукін, К. Гадлоўскі і нш.) ці ўзаемадзеяння традыцый нашчадкаў носьбітаў палескага варыянта зарубінецкай культуры з паўночнымі суседзямі пераважна на Палессі з далучэннем у далейшым рассяленні роднасных груп (І. А. Гаўрытухін, шэраг беларускіх даследчыкаў).
Перыядызацыя
правіцьЛакальныя варыянты пражскай культуры слаба даследаваны. У эвалюцыі культуры вылучаюць перыяды (фазы):
- 0 — час афармлення ядра пражскай культуры (IV ці сярэдзіна IV — пачатак V стст.) і пераходны 0/I — перыяд першых міграцый (1-я палова V ст.);
- I — ранні перыяд, калі пражская культура распаўсюджваецца ад Палесся, Сярэдняга Падняпроўя, вярхоўяў Паўднёвага Буга да ўсходняга Прыкарпацця, басейна Сярэдняй і Верхняй Віслы, у Ніжняй Сілезіі, з’яўляецца на паўночным усходзе Карпацкага басейна і на Ніжнім Дунаі (V ці сярэдзіна V — 1-я палова VI стст.);
- II — перыяд класічнай пражскай культуры, калі арэал культуры пашыраецца за кошт шэрагу рэгіёнаў Падунаўя і Эльбы (VI ці сярэдзіна VI — пачатак VII стст.);
- III — позні перыяд, калі ў недрах культуры пачалі складвацца асновы лакальных варыянтаў (VII ст., у некаторых рэгіёнах да сярэдзіны VII ст.). Пражская культура лічыцца адлюстраваннем традыцыйнай культуры народа, які меў саманазву славяне. На аснове пражскай культуры і пры яе ўдзеле склаліся многія славянскія культуры 4-й чвэрці I-га тысячагоддзя.
Паселішчы
правіцьАсноўныя помнікі пражскай культуры — селішчы, якія размяшчаліся «гнёздамі». У паўночнай частцы арэала (ад Ніжняй Эльбы да Палесся) вядомы гарадзішчы. Для пражскай культуры характэрны пераважна невялікія, блізкія па форме да квадрата паўзямлянкі з печчу (каменкай, у шэрагу рэгіёнаў — глінабітнай) у паўночным куце, у асноўным справа ад увахода, які часцей быў на поўдні, насупраць печы. Вядомы злёгку паглыбленыя ў зямлю дамы з глінабітнымі ачагамі (напрыклад, Беларукае Палессе), на паўночным захадзе дамінуюць пабудовы, сляды якіх — паглыбленні аморфных абрысаў. У шэрагу выпадкаў прасочваюцца зрубавыя канструкцыі; даволі распаўсюджаны слупавыя ямы каля сцен і вуглоў катлавана. На некаторых помніках выяўлены сляды рамонту глінабітных печаў, у т.л. рэшткі печы пад падлогай жытла. Да гаспадарчых пабудоў адносяцца ямы-зернясховішчы (часцей ў паўднёвых раёнах), наземныя і паглыбленыя ў зямлю збудаванні, агароджы і інш. Сустракаюцца печы (магчыма, хлебныя), урэзаныя ў сценку паглыбленых пабудоў. На некаторых гарадзішчах прасочваюцца сляды драўляных канструкцый з унутранага боку абводных сцен.
Пахаванні
правіцьМогільнікі грунтавыя, зрэдку курганныя; вядомы магілы на тэрыторыі паселішчаў (напрыклад, Цецераўка 1, Украіна). Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка са змяшчэннем астанкаў у ямку ці керамічную урну. Пахавальны інвентар бедны.
Артэфакты
правіцьНайбольш характэрная прыкмета пражскай культуры — ляпны керамічны посуд. Пераважалі гаршкі з павышэннем у верхняй трэці пасудзіны. Раннія формы прасдтаўлены ў асноўным слабапрафіляваным посудам, нярэдка з унутраным зрэзам венца. Пазней сталі пераважаць больш адагнутыя S-падобныя венцы, распаўсюдзіліся венцы з выступамі вонкі і ўніз. Зрэдку сустракаюцца насечкі па венцы посуду (у асноўным на позніх помніках), наляпныя валікі на шыйцы, штампы (у асноўным у заходнім рэгіёнах), расчосы шчэпкай (у асноўным на ранніх помніках усходніх груп). У шэрагу ўсходніх рэгіёнаў пражскай культуры вядомы гліняныя «хлябцы». Прасліцы ў асноўным біканічныя, гліняныя, у т.л. арнаментаваныя, вядомы мергелевыя. Сустракаюцца жаленыя нажы, сярпы і інш. прылады. Зброя (наканечнікі стрэл, коп'яў, спражкі), рыштунак вершніка і каня (шпоры, цуглі), упрыгажэнні, дэталі адзення знаходзяць рэдка (часцей у паўднёвых рэгіёнах). Яны прадстаўлены пераважна тыпамі, распаўсюджанымі ў суседніх культурах; для позніх помнікаў пражскай культура ва Усходнім Прыкарпацці вылучаюць лакальныя варыяцыі фібул. Знойдзена даволі шмат каменных ліцейных форм, льячак і іншых слядоў работы з каляровымі металамі. Існавала металургія жалеза. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля.
На тэрыторыі Беларусі
правіцьНа тэрыторыі Беларусі выяўлена каля 50 помнікаў пражскай культуры, якія размяшчаюцца на поўдні краіны і выцягнуты даволі вузкай паласой з захада на ўсход ад Брэста і Камянца амаль да Мазыра. Самыя паўночныя пункты зафіксаваны на р. Ясельда каля в. Спорава Бярозаўскага раёна, р. Бобрык каля в. Камень Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, на р. Арэса каля в. Старыя Юркавічы Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Раннія помнікі пражскай культуры на ўсходзе вядомы каля Мохава ў арэале калочынскай культуры. Ю. У. Кухарэнка даў атрыбуцыю помнікаў пражскай культуры на тэрыторыі Беларусі, уключыўшы іх у шырокі цэнтральна- і ўсходнееўрапейскі кантэкст.
Асноўны тып паселішчаў пражскай культуры ў Беларусі, як і на астатняй тэрыторыі, — селішчы пл. 0,5 — 1,5 га. Ляпная пражская кераміка выяўлена ў культурных напластаваннях трох гарадзішчаў: Хотамель, Харомск у нізоўях Гарыні (Столінскі раён), Хільчыцы (Жыткавіцкі раён).
У Беларусі даследавана каля 20 жытлаў пражскай культуры. Гэта блізкія па форме да квадрата пабудовы зрубавай канструкцыі з пясчанай падлогай, размешчанай на мацерыку або заглыбленай у яго да 0,4 м, арыентаваныя сценамі альбо вугламі па баках свету. Абаграваліся агнішчамі (агменямі), складзенымі з камянёў і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў), кавалкаў металургічнага жужалю, у т.л. ў спалучэнні з керамікай (Востраў), камянёў, замацаваных глінай (Петрыкаў). Некаторыя жытлы ацяпляліся печамі, збудаванымі з гліны і дробных камянёў на драўляным каркасе (Струга, Ліпляны, Петрыкаў). Печ-каменка на Беларускім Палессі выяўлена толькі ў адным выпадку — на селішчы Блювінічы (Брэсцкі раён).
Асноўная катэгорыя рэчавага комплексу — ляпны посуд, які прадстаўлены пераважна гаршкамі, значна радзей сустракаюцца патэльні, міскі, мініяцюрныя пасудзіны. У якасці збядняючых дамешкаў выкарыстоўвалася жарства. Знойдзена каля 70 прасліц біканічнай, сферычнай і цыліндрычнай формы. Бытавы гаспадарчы інвентар: нажы з прамой спінкай і чаранком, аддзеленым ад ляза невялікімі ўступамі, фрагментаваныя сякеры, піла, акоўка рыдлёўкі, серп, шыла, пласціністыя трапецападобныя крэсівы.
Зброя прадстаўлена нешматлікімі экзэмплярамі двухшыпных утулкавых і чарашковых наканечнікаў стрэл. У ніжнім пласце гарадзішча Хотамель зафіксаваны панцырная пласціна і трохлопасцевы наканечнік стралы. У Петрыкаве выяўлены ўтулкавы наканечнік стралы з пяром рамбічнай формы, на селішчы Востраў — наканечнік дроціка, блізкі па форме да познапшэворскіх экзэмпляраў.
Упрыгажэнні і дэталі касцюма прадстаўлены як імпартнымі (у т.л. з тэрыторыі Візантыі), так і мясцовай вытворчасці (часам імітацыі правінцыйнарымскіх вырабаў) фібуламі, спражкамі, накладкамі на рэмень, кольцамі, пацеркамі, завушніцамі.
Матэрыялы для характарыстыкі пахавальнага абраду ў насельніцтва пражскай культуры на тэрыторыі Беларусі нешматлікія. Адзінкавыя грунтавыя пахаванні даследаваліся каля вёсак Хорск Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, Хотамель, Снядзін і Бухліцкага хутара. Кераміка пражскага тыпу зафіксавана ў кургане каля в.Семурадцы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, на правабярэжжы Прыпяці. Грунтавыя і падкурганныя пахаванні ажыццёўлены па абраду трупаспалення. Перыяд бытавання пражскай культуры на тэрыторыі Беларусі — IV—VII стст. Наяўнасць ранніх комплексаў на Беларускім Палессі, якія датуюцца IV—V стст., дазваляе звязваць з рэгіёнам важную частку зоны фарміравання пражскай культуры.
Літаратура
правіць- Archaeoslavica. 1. — Kraków, 1991.
- Archaeoslavica. 2. — Kraków, 1998.
- Archaeoslavica. 3. — Kraków, 1998.
- Archeologia o początkach Słowian. — Kraków, 2005.
- Dulinicz, M. Kszałowanie się Słowiańszczyzny Północno-Zachodniej. Studium archeologiczne. — Warszawa, 2001.
- Fusek, G. Slovensko vo včasnoslovanskom období. — Nitra, 1994.
- Kuna, M., Profantova, N. Počatky raného středověku vfgah Čecháh. Archeolgický výzkum sídelní aglomerace kultury pražského typu v Roztokách. — Praha, 2005.
- Parczewski, M. Początki kultury wczesnosłowiańskiej w Polsce. Krytyka i datowanie źródeł archeologicznych. — Wrocław, 1988.
- Баран, В. Д. Пражская культура Поднестровья (по материалам поселения у с. Рашков). — Киев, 1988.
- Вяргей, В. Археалогія ранніх славян. Współnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski. — Warzawa, 2004.
- Вяргей, В. С., Гаўрытухін, І. А. Пражская культура / В. С. Вяргей, І. А. Гаўрытухін // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Л — Я / Рэдкал.: Т.У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2011. — 464 с.
- Гавритухин, И. О. Понятие пражской культуры // Сложение русской государственности в контексте раннесредневековой культуры старого света. — СПб., 2009. — (Труды Государственного Эрмитажа; XLIX).
- Русанава, И. П. Славянские древности VI—VII вв. Культура пражского типа / И. П. Русанава; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1976. — 216 с.: ил.
- Тимощук, Б. А. Кодын — славянские поселения V—VIII вв. на р. Прут. — М., 19844.