Магнолія буйнакветкавая (Magnolia grandiflora) — вечназялёнае дрэва сямейства магноліевых.
Дрэва да 30 м вышынёй з простымі, буйнымі, цэльнымі, скурыстымі, бліскучымі лістамі на кароткіх чаранках. Адзіночныя буйныя кветкі да 10 см у папярочніку. Кветаложа выпуклае, конусападобнае, на ім у 3-членных кругах 6-12 буйных белых духмяных пялёсткападобных лісточкаў калякветніка. На кветаложы па спіралі размяшчаюцца шматлікія тычынкі. Вышэй па спіралі знаходзяцца шматлікія песцікі (карпелы). Завязь аднагнездавая з двума семязачаткамі. Плод — шматлістоўка.
Радзіма — Фларыда (ЗША). Вырошчваюць у культуры як дэкаратыўнае дрэва.
Зноскі
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6