Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — адзіны ў Бабруйску тэатр, размяшчаецца ў будынку (1978, архітэктар В. Крамарэнка, Б. Папоў і М. Пірагоў) на вуліцы Сацыялістычная, 105. Названы ў гонар класіка беларускае літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
МАТДК
Тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Заснаваны 1970
Наведвальнікі
  • 76 500 чал. (2018)[1]
Будынак тэатра
Размяшчэнне
Будынак вул. Сацыялістычная, 105, 213826, г. Бабруйск, Магілёўская вобласць
Дырэктар Вераніка Вінэль
Сайт www.teatr-bobr.by
Map

Гісторыя тэатральнай справы ў Бабруйску

правіць

Гісторыя тэатра ў Бабруйску мае даўгую гісторыю. У 1860-х гадах тут дэбютавала знакамітая расійская актрыса Марыя Савіна. Напачатку XX стагоддзя ў горадзе працаваў прыватны яўрэйскі тэатр. У горадзе неаднаразова­ гастралявала трупа вядомага тэатральнага дзеяча Уладзіміра Кумельскага. У 1932 годзе яе пераўтварылі ў Дзяржаўны расійскі тэатр БССР з базай у Бабруйску. Спектаклі праходзілі ў памяшканні клуба пажарнага дэпо, будынак якога захаваўся дагэтуль. У 1932 годзе ў цэнтры горада адчыняецца новы тэатральны будынак, першы ў Беларусі з механізаванай сцэнай. У 1935 годзе тэатр з Бабруйска пераводзяць у Магілёў. У 1938 годзе ствараецца калгасна-саўгасны тэатр для абслугоўвання сельскага гледача.

Пасля вайны ў 1944 годзе тэатр аднаўляе сваю дзейнасць, і на яго базе неўзабаве ствараецца Бабруйскі абласны драматычны тэатр (пастанова № 918 Савета Народных Камісараў БССР ад 18 снежня 1944). Мастацкім кіраўніком яго быў рэжысёр Казімір Стэцкі, змяніў яго Мікалай Кавязін. Вось некаторыя назвы спектакляў тых гадоў: «Урок жыцця» У. Галаўчынера, «Лодачніца» М.Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага, «Дама-нябачнік» П. Кальдэрона, «Падступства і каханне» Ф. Шылера, «За тых, хто ў моры» Б. Лаўранёва, «Расійскае пытанне» К. Сіманава.

У 1947 годзе тэатр пераводзіцца ў Гродна. А ў Бабруйску ў будынку, адноўленым у 1949 годзе, працуюць гастрольныя тэатры, ладзяцца вечары адпачынку і г. д.

У 1956 годзе пастановай № 316 Савета Міністраў БССР засноўваецца Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. Узначаліў яго Аркадзь Аркадзьеў. Рэпертуар складаўся ў асноўным з п’ес сельскай тэматыкі: драматургія М. Заруднага, А. Сафронава, С. Свірыдава, П. Васілеўскага. Амаль усе спектаклі былі пастаўленыя А. Аркадзьевым, але некалькі пастановак класічных твораў былі зробленыя рэжысёрам-педагогам Д. Арловым. Ад часу адкрыцця ў 1957 годзе спектаклем паводле п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» тэатр у Бабруйску ўжо не спыняў сваёй дзейнасці, толькі мяняў назву і рэарганізоўваўся.

У 1962 годзе — гэта Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, у 1965 годзе — Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі, на аснове якога ў 1970 годзе арганізаваны Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі.

Гісторыя Магілёўскага абласнога тэатра

правіць

У 1970 годзе замест Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі быў створаны Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. 5 лістапада 1970 года адкрыўся спектаклем «Разгром» паводле А. Фадзеева.

У 1970 пачалася капітальная перабудова старога тэатральнага будынка. У 1977 тэатр пераехаў у ізноў пабудаваны будынак і адкрыў свой тэатральны сезон спектаклем «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, імя якога тэатр носіць з канца 1977.

У тыя часы ў мастацкім кірунку тэатра асноўнай была героіка-патрыятычная праблематыка, аб чым гавораць спектаклі «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава, «А досвіткі тут ціхія» паводле Б. Васільева, «Драматычная песня» Б. Равенсікіх і А. Анчарава паводле М. Астроўскага, «Абеліскі» А. Саннікава, а таксама першае сцэнічнае ўвасабленне п’есы «Трыбунал» А. Макаёнка (рэжысёр У. Шыманскі). Варта адзначыць цікавае выкананне роляў ў спектаклях таго часу акцёрамі П. Масцеравым, Т. Бандарчык, Н. Калаптур, Б. Баевым, Ю. Саевіч.

Другім кірункам тэатра ў той час быў зварот да сучаснай савецкай драматургіі. У афішы тэатра з’явіліся спектаклі па п’есах Б. Васільева, Л. Жухавіцкага, І. Друцэ, А. Іаселіяні, Р. Ібрагімбекава, В. Розава, Ю. Эдліса, М. Варфаламеева і іншых. У 1970—1978 гадах тэатр не меў свайго памяшкання, працаваць даводзілася не ў лепшых умовах, але гэта не перашкодзіла звяртацца да класічных аўтараў: «Даходнае месца» і «Не ўсё кату масленіца» А. Астроўскага, «Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага, «Несцерка» В. Вольскага, «Вей, ветрык» Я. Райніса, «Дзікун» Вальтэра.

У 1978 годзе трупа пераехала ў адноўлены будынак тэатра і адкрыла сезон спектаклем «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Б. Уторава.

У гэты час пад кіраўніцтвам дасведчанага рэжысёра Ф. Пуховіча плённа працуюць рэжысёры А. Каменская, У. Унукаў, В. Смяян, В. Баркоўскі. Яркія сцэнічныя вобразы ствараюць артысты Л. Федчанка, Б. Баеў, Г. Кліменка, Л. Бархатава, Т. Міронава, Ю. Саевіч, А. Бендава, Я. Грахаў, Ж. Зарэмба.

Распачатае Ф. Пуховічам актыўнае супрацоўніцтва з беларускімі драматургамі працягвае і М. Кавальчык. На сцэне з’яўляюцца спектаклі па п’есах А. Асташонка, Я. Шабана, А. Петрашкевіча, В. Бабровіча, Р. Смольскага і Ю. Сохара, І. Шамякіна. М. Кавальчык ажыццявіў пастаноўку п’есы А. Асташонка «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнай надзеі», прысвечанай жыццю і дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча. Сцэнічны вобраз Вінцэнта выдатна ўвасобіў артыст В. Міхайлаў.

Варта адзначыць наступныя спектаклі таго часу: «Стары дом» А. Казанцава (рэж. М. Трухан і В. Баркоўскі), «Насланнё» А. Галіна, «Лесвіца у неба» М. Слуцкіса (рэж. М. Кавальчык), «Шрамы на сэрцы» Я. Шабана  і «Заўтра была вайна» Б. Васільева (рэж. В. Баркоўскі), «Вуліца Шалом-Алейхема, 40» А. Ставіцкага (рэж. М. Магілеўскі).

З пачатку 1990-ых гадоў у рэпертуары тэатра з’яўляцца ўсе больш спектакляў на беларускай мове. Гэта «Прымакі» Я. Купалы, «Янка і Ружа»  У. Ягоўдзіка і «Матылі» У. Няфёда (рэж. С. Кліменка), «Мікітаў лапаць» М. Чарота (рэж. А. Дубовік), «Беларускія жарты» М. Гарэцкага і Л. Родзевіча (рэж. С. Кабанаў), «Калізей» М. Матукоўскага (рэж. Г. Несцер), «Вечары ў Люцінцы» па творах В. Дуніна-Марцінкевіча (рэж. В. Караткевіч).

З прыходам на пасаду галоўнага рэжысёра С. Палешчанкова ў афішы тэатра з’яўляюцца прозвішчы вядомых сучасных драматургаў Н. Саймана, С. Лабазёрава, Ф. Булякова, А. Дзялендзіка. Сярод яго пастановак можна вылучыць два спектаклі па п’есах В. Дуніна-Марцінкевіча — «Пінская шляхта», «Залёты». 

Пасля зыходу С. Палешчанкова два сезоны галоўным рэжысёрам тэатра быў В. Ласоўскі. Затым некаторы час тэатр не меў галоўнага рэжысёра, але пры гэтым плённа працавалі чарговыя: М. Дзінаў, Л. Бархатава, часта запрашаліся на пастаноўкі вядомыя рэжысёры з іншых тэатраў (У. Савіцкі паставіў «Зацюканы апостал» А. Макаёнка, Я. Натапаў «Я вас кахаю» Э. Лабіша, Л. Манакова «Блэз» К. Манье і «Мешчанін у шляхецтве» Ж. Б. Мальера і Б. Булгакава, Р. Таліпаў «Дарагая Памэла» Д. Патрыка, С. Кавальчык «Аленькая кветачка» паводле С. Аксакава, С. Кулікоўскі «Пігмаліён» Б. Шоў, Ю. Пахомаў «Тарцюф» Ж. Б. Мальера).

У 2005—2008 гадах галоўным рэжысёрам тэатра працавала Т. Дарагабед. Шмат увагі ў гэтыя гады надавалася дзіцячаму рэпертуару, а таксама музычным пастаноўкам і тэатралізаваным канцэртам. Стала тэндэнцыяй выкарыстоўваць ў спектаклях гарадскія музычныя гурты ўжывую. Рэжысёр С. Карбоўскі ў спектаклі «Пясочны гадзіннік» П. Васючэнкі выводзіць на сцэну гурт «Skynet», Т. Дарагабед у спектаклі «Срэбныя крылы» В. Аляксеева выкарыстоўвае гурт «ZемляКоролевымоd». Музычныя спектаклі ствараюцца з дапамогай бабруйскіх кампазітараў В. Сажына («Чырвоны каптурык» Я. Шварца, «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Мэры Попінс» паводле П. Трэверс), Я. Гіршына («Пігмаліён» Б. Шоў, «Чароўная лямпа Аладзіна» А. Чупіна, «Па шчупаковаму загаду» В. Чэрапавай). У гэты ж час вядзецца актыўная праца з беларускімі аўтарамі А. Курэйчыкам, Н. Віленчык, А. Якімовічам, Н. Марчук, Г. Марчуком, П. Вясючэнкам, В. Караткевіч, В. Ткачовым, А. Дзялендзікам, А. Дударавым і іншымі. Сярод спектакляў па п’есах беларускіх аўтараў асобую цікаўнасць выклікаюць «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнай надзеі» А. Асташонка ў пастаноўцы Р. Таліпава, «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы С. Палешчанкова, «Пясочны гадзіннік» П. Васючэнкі ў пастаноўцы С. Карбоўскага.

У 2009—2015 гадах галоўным рэжысёрам тэатра з’яўляўся Максім Сохар. Тэатр працягвае арыентавацца на беларускіх аўтараў. Створаны спектаклі па п’есах А. Карэліна «Хачу быць хамячком» (рэж. М. Сохар), «Не пакідай мяне» А. Дударава (рэж. С. Карбоўскі), «Нерон» (рэж. М. Сохар) і «Страцім-лебедзь» (рэж. В. Баркоўскі) Ю. Сохара, «Срэбныя крылы» В. Аляксеева (рэж. Т. Дарагабед), «Камедыя» У. Рудава (рэж. М. Сохар). Разам з тым шмат увагі аддаецца класічным пастаноўкам: «Дзядзечкаў сон» Ф. Дастаеўскага, «Лес» А. Астроўскага, «Недарасль» Д. Фанвізіна, «Варвары» М. Горкага. У тэатры працуе шэраг выбітных акцёраў, якія ўжо неаднойчы атрымлівалі ўзнагароды на міжнародных фестывалях. Сярод іх заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь А. Парфяновіч, А. Грахава, Н. Кашпур, Г. Агейкіна. Таксама варта вылучыць А. Дваранікава, А. Сафронаву, Л. Кучко, П. Мікуліка, І. Бурака.

Удзел у фестывальным жыцці, яго арганізацыя

правіць

У Бабруйску паўстаў і праводзіцца фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (у 1998, 2001, 2008, 2011, 2015, 2017).

Тэатр неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародным фэсце «Класіка сёння» ў Днепрардзяржынску (Украіна). У маі ў 2006 на гэтым фестывалі тэатрам былі атрыманы 2 узнагароды: за лепшую жаночую ролю другога плану — Наталля Кашпур за ролю Аршулі ў спектаклі «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча. У намінацыі «Лепшая маладая актрыса» фестывалю ўзнагароду атрымала Віталіна Лебедзева. У 2008 у намінацыі «Лепшая жаночая роля 2 плана» артыстка Наталля Кашпур зноў атрымала ўзнагароду за ролю місіс Пірс у спектаклі «Пігмаліён» Б. Шоу. У 2011 годзе прыз за лепшую жаночую роль фестывалю атрымала артыстка Ала Грахава ў спектаклі «Дзядзечкаў сон» Ф. Дастаеўскага. У 2013 годзе прыз за лепшую мужчынскую ролю 2 плану атрымаў заслужаны артыст РБ Аляксандр Парфяновіч у спектаклі «Лес» А. Астроўскага. У гэтым жа спектаклі артыстка Ала Грахава атрымала прыз у намінацыі «Лепшая жаночая роля» фестывалю. Наладжаныя творчыя сувязі з тэатрам юнага гледача з Бранска і Калугі, з тэатрамі з Мазыра і Маладзечна, неаднаразова праводзіліся малыя абменныя гастролі.

Галоўныя рэжысёры

правіць

Свае пастаноўкі ў тэатры ажыццяўлялі рэжысёры У. Шыманскі, А. Каменская, Б. Утораў, У. Унукаў, В. Смеян, М. Трухан, У. Баркоўскі, А. Дубовік, У. Караткевіч, М. Дзінаў, С. Кавальчык, У. Савіцкі, Л. Бархатава, Я. Натапаў, Р. Таліпаў, Л. Монакава і іншыя.

Галоўнымі мастакамі працавалі І. Чумакоў (1970—1974), А. Лешчанка (1975—1978), В. Казлоўскі (1980—1983), У. Матросаў (1984—1985), С. Антонаў (1985—1988), В. Навакоўскі (1989—2011), П. Анашчанка (2011—2012).

У філатэліі

правіць

Зноскі

Спасылкі

правіць