Маральная шкода
Маральная шкода ў праве — фізічныя і маральныя пакуты, што прычыняюцца грамадзяніну неправамернымі дзеяннямі, якія парушаюць яго асабістыя немаёмасныя правы (даброты). Да такіх правоў адносяцца гонар і годнасць асобы, аўтарскія правы, а таксама іншыя нематэрыяльныя даброты.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 60) грамадзяне ў адпаведнасці з законам правамоцны спагнаць з парушальніка ў судовым парадку і маёмасную шкоду і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды. Як правіла, кампенсацыя маральнай шкоды належыць пры наяўнасці віны парушальніка. Аднак у выпадках, прама прадугледжаных заканадаўствам, напрыклад, пры прычыненні шкоды жыццю і здароўю крыніцай павышанай небяспекі (транспартныя сродкі і да т.п.) незалежна ад віны яе ўладальніка маральная шкода павінна быць кампенсавана. Пры вызначэнні памераў кампенсацыі маральнай шкоды суд абавязаны ўлічваць ступень маральных і фізічных пакут пацярпелага і віны парушальніка, іншых акалічнасцей, і зыходзіць з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).