Адкрыць галоўнае меню

Мары́я Я́каўлеўна Фру́мкіна (народжаная Малка Янкелеўна Ліўшыц, у першым шлюбе Фрумкіна, у другім — Віхман, партыйны і літаратурны псеўданім Эстэр) (1880, Мінск9 чэрвеня 1943, Карлаг) — удзельніца яўрэйскага сацыял-дэмакратычнага і камуністычнага руху, палітычны дзеяч, публіцыст.

Марыя Якаўлеўна Фрумкіна
1-ы Народны камісар асветы БССР
1920 — сакавік 1921
Папярэднік: пасада заснаваная
Пераемнік: Усевалад Ігнатоўскі
 
Партыя:
Дзейнасць: пісьменніца, палітык
Нараджэнне: 1880
Смерць: 9 чэрвеня 1943(1943-06-09)

БіяграфіяПравіць

Нарадзілася ў сям'і меламеда. Атрымала традыцыйнае яўрэйскае рэлігійнае выхаванне. Скончыла Мінскую Марыінскую гімназію, Вышэйшыя педагагічныя курсы ў Пецярбургу.

З 1897 член мінскай арганізацыі Бунда, з 1910 член яе ЦК. Вяла партыйную працу ў гарадах Беларусі і Украіны. У 1905—07 займалася выданнем партыйнай перыядычнай літаратуры. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі адзін з лідараў левага крыла Бунда, рэдагавала газету «Дэр Векер», член Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Летам 1917 года была абрана ў Мінскую гарадскую думу, уваходзіла ў гарадскі савет яўрэйскай абшчыны. Садзейнічала стварэнню першых яўрэйскіх савецкіх і беларускіх школ у Мінску. З вясны 1919 года член ЦВК Літбел. У 1919—1920 гадах член Гомельскага губернскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з восені 1920 года наркам асветы БССР. У 1920—21 гадах адзін з лідэраў Камбунда, пасля зліцця яго з РКП(б) — адзін з кіраўнікоў Яўсекцыі РКП(б), член рэдкалегіі газеты «Дэр Эмес». У 1928 была сурэдактарам часопісаў «Юнгвалд» і «Піянер» (абодва — 1925—28). У 1922—25 прарэктар, у 1925—36 рэктар Камуністычнага ўніверсітэта нац. меншасцяў Захаду.

Прымала ўдзел у падрыхтоўцы і выданні на мове ідыш зборы твораў У. І. Леніна ў 8 тамах, аўтар біяграфіі Леніна на ідышы (у 1925—26 вытрымала 3 выдання).

У 1938 годзе была арыштаваная НКУС, у 1940 асуджаная на 8 гадоў як «член нелегальнай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі». Памерла ў лагеры. Рэабілітавана пасмяротна.

Сачыненні (пад імем Эстэр Фрумкін)Правіць

  • «Цу дэр фрагэ вегн дэр ідышэр фолксшул» («Да пытання аб яўрэйскай народнай школе», Вільня, 1910; 3-е выданне — СПб., 1917)
  • «Ус фар фолксшулн дарфн мір хобн» («Якія народныя школы мы павінны мець», М., 1917)

Зноскі

СпасылкіПравіць