Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская (Пінск)

Ікона з Варварынскай царквы ў Пінску

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская — абраз XVI ст. з Варварынскай царквы Пінска[1].

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская. XVI стагоддзе
Матэрыял драўніна
Тэхніка яечная тэмпера

Апісанне правіць

Абраз напісаны на чатырох дошках, пакрыты пазалотай, адзначаны выцягнутымі прапорцыямі і ў некаторай ступені цемнаватаю каляроваю гамаю. Ікона была выканана яечнаю тэмперай на дошцы, на цяперашні час — пад пацямнелым пакостам. Памеры іконы, якую выявіла ў 1958 годзе 3-я экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, — 188×139×2,5 см[1].

Сюжэт правіць

Божая Маці, адлюстраваная на пазалочаным фоне амаль да каленяў, адзета ў рызы: сіні хітон з бела-чырвонаю аблямоўкаю, якую па гарлавіне і рукавах упрыгожвае пазалочаны і жамчужны арнамент; мафорый цёмна-чырвонага колеру на ружовай падкладцы і сіні чапец. Сын Божы, які сядзіць на яе левай руцэ, адзеты ў вохрыста-сіні хітон і цёмна-чырвоны з тонка нанесеным[2] асістам плашч[1]. Божае Дзіця трымае ў левай руцэ скрутак, а праваю бласлаўляе.

Уверсе, па вуглах, з-за сініх драпіровак, якія ўмоўна абазначаюць нябёсы, выглядаюць анёлы ў белых, чырвоных рызах з выразам смутку, яны трымаюць Прылады Страсцей. Німбы Багародзіцы і Божага Дзіцяці аграфлены[1], гэтак жа як і арнаментаваныя звілістыя парасткі[3]. Характэрнымі рысамі абраза з'яўляюцца незвычайная велічнасць кампазіцыі і манументальны вобразны строй разам з падкрэсленай выразнасцю выяўленчай мовы[4].

Захаванасць правіць

Рэстаўрацыя не праводзілася, адзначаюцца значныя страты фарбавага пласта, ікона пакрыта пакостам, які пацямнеў[1].

Паходжанне правіць

Абраз выяўлены ў 1958 годзе ў Варварынскай царкве Пінска[1].

Ікона выканана ў традыцыях старажытнарускага мастацтва[5] і, тым не менш, з яўнымі рысамі візантыйскай традыцыі. На сувязь абраза з познепалеалогаўскім адраджэннем указваюць вытанчаны рысунак, класічна правільныя рысы аблічча, багаты і даволі шорсткі асіст і густы колер[4]. Ухіл у бок графічнасці выдзяляе гэтую вельмі прафесійна выкананую перапрацоўку грэчаскага ўзору і моцна адрознівае абраз ад ікон наўгародскай школы з такой жа іканаграфіяй[2]. У той жа час каларыт, прыгажосць, абрысы і музычнасць ліній абраза, яго трапяткі і далікатны жывапіс лікаў цёмнай карнацыі пераклікаюцца з творамі іканапісца Дзіянісія[5][4].

Абраз «Божая Маці Адзігітрыя Іерусалімская», які з’яўляецца помнікам іканапісу XVI стагоддзя[6][7][2][Заўв 1] і вылучаецца мастацкаю выразнасцю[5].

Магчыма, іменна гэта ікона і ёсць тая самая вядомая рэліквія скасаванага пінскага Лешчанскага манастыра, пра якую ў канцы XIX стагоддзя ўпаміналі краязнаўцы А. І. Мілавідаў і Л. Паеўскі[4].

Заўвагі правіць

  1. Іншы раз у якасці датавання абраза прыводзяць XV стагоддзе. Гл.: Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш; Рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. — С. 192. — 304 с.

Зноскі

  1. а б в г д е Балыкина Е. Н. ШЕДЕВРЫ ИКОНОПИСИ БЕЛАРУСИ XII—XVIII ВВ. Архівавана 28 лютага 2021. (руск.)
  2. а б в Пуцко В. Г. Белорусская иконопись XVI–XVIII вв. на путях европеизации и фольклоризации // Белорусский сборник: статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. — СПб.: РНБ, 2005. — В. 3. — С. 45.
  3. Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўт. тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 2001. — С. 30 (илл. № 5). — ISBN 985–01–0342–6.
  4. а б в г Гісторыя беларускага мастацтва / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш; Рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. — С. 193. — 304 с.
  5. а б в Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўт. тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: Беларусь, 2001. — С. 8. — ISBN 985–01–0342–6.
  6. Баравы Р. В., Якімовіч Ю. А. Пінскія касцёлы бернардзінцаў // Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 392. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  7. Пинский костёл и коллегиум бернардинцев // Республика Беларусь / Редкол.: Г. П. Пашков и др. — Мн.: БелЭн, 2008. — Т. 6. — С. 69. — 752 с. — ISBN 978-985-11-0407-5.