Мікалай Пракопавіч Міхалап
Мікалай Пракопавіч Міхалап (1886—1979) — беларускі мастак-кераміст, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1939—1941 гадах.
Мікалай Пракопавіч Міхалап | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 красавіка 1886 |
Месца нараджэння | Мінск, Расійская імперыя |
Дата смерці | 29 снежня 1979 (93 гады) |
Месца смерці | Мінск, БССР |
Грамадзянства |
![]() ![]() |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | мастацкая кераміка, архітэктура малых формаў. |
Узнагароды |
![]() |
![]() |
Біяграфія Правіць
Паходзіў з мінскай сям'і чыгуначнага рабочага і пакаёўкі. Скончыў Пецярбургскае вучылішча тэхнічнага малявання барона Штыгліца (цяпер Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Штыгліца). Быў першым беларускім мастаком-керамістам.
У 1925—1930 гадах выкладаў у Віцебскім Народным мастацкім вучылішчы, кіраваў ганчарна-керамічным аддзяленнем. Быў дружны з класікам беларускай літаратуры Янкам Купалам, напісаў яго партрэт і стварыў першыя дэкарацыі да спектакля Я. Купалы «Паўлінка».
У 1937 годзе ў Беларусі была сфармавана група навуковых супрацоўнікаў, мастацтвазнаўцаў і мастакоў па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 годзе. Дырэктарам галерэі быў прызначаны Мікалай Міхалап. Яго вялікай заслугай было папаўненне фондаў галерэі калекцыяй слуцкіх паясоў, сабранай князямі Радзівіламі ў Нясвіжскім замку. Пасля ўз'яднання ў верасні 1939 года заходне-беларускіх зямель з БССР у Дзяржаўную карцінную галерэю адпраўляліся творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі. Акрамя слуцкіх паясоў, Мікалай Міхалап папоўніў калекцыю французскімі габеленамі XVIII ст., творамі партрэтнага жывапісу XVI—XIX стст.
Напачатку 1941 года фонды галерэі налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Ён планаваў правесці карпатлівую працу па стварэнні каталога музейнай калекцыі. Але гэтаму багатаму збору музея ў Мінску не наканавана было доўгае існаванне. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён бясследна знік. Міхалап рыхтаваў калекцыю да эвакуацыі, але не здолеў вывезці[1]. Абвінавачванні ў страце фондаў галерэі ў чэрвені 1941 года ўпалі менавіта на галаву дырэктара галерэі, у сувязі з чым у 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на пасаду дырэктара быў прызначаны іншы супрацоўнік галерэі — Алена Васільеўна Аладава, а Мікалай Міхалап быў прызначаны кіраўніком рэспубліканскай мастацкай прамысловасці. Але па заканчэнні вайны абвінавачвання былі зняты і Мікалай Міхалап быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны»[2].
Мікалай Міхалап стаў мастаком-практыкам, прамысловым дызайнерам, праектаваў малыя архітэктурныя формы — лепку фасадаў дамоў, вулічныя ліхтары, рашоткі і г.д. Зрабіў значны ўнёсак у распрацоўку тэхналогіі керамічных матэрыялаў, у стварэнне эталонаў, керамічных формаў, у арганізацыю фарфора-фаянсавай вытворчасці (стаяў у вытокаў Мінскага фарфоравага завода), ствараў новыя віды глазуры.
Сышоў з жыцця ў 93 года.
Творчая спадчына Правіць
Мікалай Міхалап пакінуў вялікую творчую спадчыну. Творы графікі, керамікі і шматлікія фатаграфіі архітэктурных збудаванняў і помнікаў дойлідства, зробленыя падчас камандзіровак па Беларусі, якія захоўваюцца ў сямейным архіве, у 1980-я гады былі перададзены ў беларускія музейныя фонды і дзяржаўныя архівы. Унікальная калекцыя ганчарных вырабаў, сабраная Мікалаем Міхалапам падчас даследчых этнаграфічных паездак па Беларусі, цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.
Мачты ліхтароў, якія ўсталяваны на цэнтральных вуліцах Мінска, Гомеля і Віцебска, упрыгожваюць «фартухі» з выявай слуцкага пояса, зробленыя па праекце мастака.
Памяці мастака Правіць
Да 125-й гадавіны з дня нараджэння Мікалая Міхалапа Рэспубліканскае Унітарнае прадпрыемства «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай «А». Таксама 28 красавіка 2011 года на Галоўпаштамце ў Мінску было праведзена спецыяльнае памятнае гашэнне памятным спецштэмпелем. Мастак канверта А. Старавойтава. Заказ канверта № 9843-2011. Тыраж 30 тысяч экзэмпляраў[3].
Зноскі
- ↑ ООО «Чатофф». Национальный художественный музей Республики Беларусь (руск.). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.
- ↑ Ольга Парфенкова. 125-летие своего первого директора Национальный художественный музей отметил масштабной экспозицией (руск.) (17 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.
- ↑ Минсвязи РБ. Новости филателии. 125 лет со дня рождения Н.П. Михолапа (руск.)(недаступная спасылка) (21 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2012. Праверана 5 жніўня 2011.
Спасылкі Правіць
- Анастасия Скепьян. Николай Михолап. «Мой ХХ век». Ушедшее время. Керамика и фотографии 1910–1950-х годов (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 мая 2012. Праверана 5 жніўня 2011.