Мінская фабрыка-кухня

будынак у Мінску

Мі́нская фа́брыка-ку́хня — будынак у Мінску па вуліцы Свярдлова, 2. Пабудаваны ў 1936 годзе (архітэктар І. Грубер) у стылі канструктывізму. У пасляваенныя гады некалькі разоў рэканструяваная са зменай знешняга выгляду і ўнутранай планіроўкі. Першапачатковы выгляд вернуты ў 2019 годзе.

Славутасць
Мінская фабрыка-кухня
Агульны выгад будынка. 2019 г.
Агульны выгад будынка. 2019 г.
53°53′52″ пн. ш. 27°32′52″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль канструктывізм[d]
Дата заснавання 1936
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Будаўніцтва фабрыкі-кухні ў Менску планавалася з канца 1920-х гадоў. У пачатку 1930 года ў друку з’явіліся праекты будынка, будаўніцтва пачалося 8 сакавіка. Афіцыйнай датай адкрыцця лічыцца 1936 год[1]. У часе нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну на будынку месціўся надпіс «Hotel Deutsches Haus», там была гасцініца і сталовая. У вайну будынак не быў пашкоджаны, і неўзабаве ўведзены ў эксплуатацыю.

Адразу пасля вызвалення Мінска ў 1944 г. будынак быў узяты пад ахову як аб’ект першараднай важнасці для гарадской інфраструктуры.

У 1950-я гады інтэр’ер рэстарана Мінскай фабрыкі-кухні абноўлены ў стылі сацыялістычнага класіцызму. У 1963 годзе фабрыка-кухня атрымала назву «фабрыка-нарыхтоўчая», бо адной з яе задач стаў выраб паўфабрыкатаў і прадуктаў для сеткі сталовых, буфетаў і хатніх кухняў сталіцы.

1970-я гады ў будынку адкрыўся рэстаран «Папараць-кветка», які стаў візітнай карткай фабрыкі-кухні. Для рэстарана ў інстытуце «Белдзіпрагандаль» (1974 г., 1977 г., арх. Л. Мельнік, Георгій Сысоеў) былі распрацаваны інтэр’еры банкетных і абедзенных залаў з элементамі народнага фальклору і арнаменту. Залі ўпрыгожылі пілоны з белага каменя з каванымі кратамі, якія нагадваюць беларускія печы, у глыбіні была эстрада з вітражом з празрыстага крышталя і святломузычнай устаноўкай. Рэстаран «Папараць-кветка» стаў папулярным месцам у мінчан і гасцей сталіцы, там праходзілі вяселлі, банкеты, урачыстасці, гучала музыка, а на эстраду выходзілі артысты і музыканты. З’явіліся знакамітыя фірмовыя стравы: катлета і салата «Папараць-кветка». Змяніўся і знешні выгляд будынка: частка першапачатковага шклення цыліндрычнай часткі была закладзена, быў дабудаваны бакавы вестыбюль.

У 1990-я было створана адкрытае акцыянернае таварыства «Папараць-кветка», памяшканні будынка сталі здавацца ў арэнду. Будынак стаў трухлець і прыходзіць у аварыйны стан. У 2008 годзе рэстаран «Папараць-кветка» канчаткова спыніў сваю працу[2].

У 2017—2019 гадах былі праведзеныя працы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка. Праект распрацаваны архітэктурным бюро «Вараб'ёў і партнёры» пад навуковым кіраўніцтвам Р. А. Забелы[3].

У адпаведнасці з архіўнымі планамі, эскізамі і фотаматэрыяламі Мінская фабрыка-кухня набыла першапачатковае аблічча, а ў інтэр’ерах былой рэстарацыі на другім паверсе будынка былі закансерваваныя і часткова праэкспанаваныя роспісы кесонаў столі (работы выкананя творчай майстэрняй «Басталія»). Пасля рэканструкцыі ў будынку размясціліся офісныя памяшканні, мастацкая галерэя, рэстаран, канферэнц-зала[3].

Архітэктура

правіць

Мураваны двухпавярховы будынак з паўсклепам мае Г-падобны план са складаным аб’ёмам у кутняй частцы. Дойлідскае вырашэнне фасадаў заснаванае на ступеньчатым перападзе вышынь асобных частак і на кантрасным спалучэнні вялікіх аконных праёмаў з гладкімі атынкаванымі плоскасцямі сцен. Над выступаючым наперад паўцыркульным у плане барабанам уваходнай групы размешчаны высокі, меншага радыуса ліхтар лесвічнай клеткі. Над аб’ёмам рэстарана ўзвышаецца вузкі (на шырыню барабану лесвічнай клеткі) трэці паверх банкетнай залы, аконныя праёмы якой завершаныя шырокімі казыркамі на жалезабетонных кансолях. У канструкцыйна-планіровачную аснову збудавання пакладзеная трохпралётная сетка калон з нясучымі знешнімі сценамі. Перакрыцці зробленыя з маналітнага жалезабетону.

Галерэя

правіць

Зноскі

  1. Московский журнал Strelka выпустил гид по архитектуре Минска (руск.). the-village.me (1 красавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 10-1-2020. Праверана 10-1-2020.
  2. ИСТОРИЯ — PAPARATS KVETKA (руск.). paparats-kvetka.by. Праверана 9 студзеня 2025.
  3. а б «Сначала здание просто спасали». Посмотрели, как выглядит изнутри фабрика-кухня после реконструкции. 21.by. m.21.by. Праверана 9 студзеня 2025.

Літаратура

правіць
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Спасылкі

правіць