Місаіл (Пструх)

мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі
(Пасля перасылкі з Місаіл Пструч)

Місаіл Пструх, свецкае імя невядома, таксама сустракаецца Пструг, Пястручы, Пяструцкі, Пструцкі (пачатак XV ст., Чарэя — пасля 1480) — вялікалітоўскі праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап смаленскі (да 1454—1480), нарачоны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі (1475—1480).

Місаіл
Дзейнасць святар
Нараджэнне не пазней за 1420
Смерць 1480

Сын баярына Івана Чарэйскага, які меў яшчэ чатырох сыноў і прынамсі адну дачку — «паноў Чарэйскіх»[1]. Да 1454 года Місаіл ужо быў епіскапам смаленскім. У 1454 годзе разам з братам Міхаілам Пстругам заснаваў Траецкі манастыр у Чарэі. У 1456 годзе вярнуў з Масквы ў Смаленск абраз Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай, звезены ў 1404 годзе апошнім смаленскім суверэнам князем Юрыем Святаславічам.

Спачатку выступаў супраць прыхільніка царкоўнай уніі, свайго папярэдніка мітрапаліта Рыгора Балгарына, пазней сам падтрымаў ідэю ўніі. Каля 1475 года нарэчаны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі, рэзідэнцыю трымаў у Наваградку. Не вядома як адбылося яго нарачэнне, напэўна, на саборы епіскапаў з удзелам вялікалітоўскай арыстакратыі.

Магчыма, мітрапаліт Місаіл быў ініцыятарам паслання Папе Сіксту як «сусветнаму папе» ў 1476 годзе, падпісаў яго разам з архімандрытамі манастыроў Кіева-Пячэрскага — Іванам, і Віленскага Траецкага — Макарыем, а таксама 13 вялікалітоўскімі арыстакратамі, у пасланні выказвалася гатовасць прыняць унію, скарга на вялікалітоўскае і польскае каталіцкае духавенства, якое крыўдзіць «рускую царкву» і вінаваціць праваслаўных у ерасі, просьба ўраўняць праваслаўных з каталікамі, ухваленне Фларэнційскага сабора і філіокве. Папа не адказаў на пасланне.

Кіраваў Кіеўскай мітраполіяй з тытулам епіскапа смаленскага, канстанцінопальскі патрыях не ўхваляў яго сувязяў з Рымам і не пасвяціў у мітрапаліты, а яшчэ пры жыцці Місаіла пасвяціў у мітрапаліты кіеўскія Спірыдона (Сатану).

Апошні раз згадваецца ў 1480 годзе, напэўна, неўзабаве памёр.

Зноскі

  1. Маюцца на ўвазе 5 сыноў баярына Івана Чарэйскага, Місаіл — праваслаўны епіскап смаленскі, заснаваў у сваёй частцы Чарэйскага маёнтка, на возеры Галаўлі, манастыр у імя св. Троіцы, паводле тастамента Місаіла права апекі над манастыром атрымаў Багдан Сапега; Міхаіл Пструх — ахвяраваў у 1454 годзе на карысць Чарэйскага манастыра св. Троіцы землі каля азёр Галаўля і Чарэя; Дашка — яго сыны (Іван, Васіль, Алехна і Сенька) каля 1475 года ахвяравалі Чарэйскаму манастыру са складу Чарэйскага маёнтка ворыўную зямлю ва ўрочышчы Клубінічы. Адзін з сыноў Дашкі — Сенька Дашкавіч, меў сына Васька Сенькавіча (зг. да 1524); Сенька — меў дачку, жонку Фёдара Фёдаравіча Друцкага-Сакалінскага; Мікіта — меў сына Ждана і ўнука Льва Жданавіча (узг. 1602); дачка — жонка князя Андрэя Уладзіміравіча.

Літаратура правіць

  • Белы А. Місаіл // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. — Т.5. — Мн., 1999. — С. 210.
  • Гудзяк Б. Криза і реформа: Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейськоі унії: пер. з англ. — Львів, 2000.
  • Карташев А. В. Очерки по истории русской церкви. — Репринт. Париж, 1959. — М., 1991. — Т. 1. — С. 349—354.
  • Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Репринт. Буэнос-Айрес, 1966. — Мн., 1990. — С. 118—119.