Наная
Нана́я (шум. 𒀭𒈾𒈾𒀀) — багіня кахання і прыгажосці ў шумерскай і акадскай міфалогіі.
Наная | |
---|---|
| |
Багіня кахання | |
Міфалогія | Шумера-акадская |
Пол | жанчына |
Бацька | Ан |
Маці | Нінегал |
У іншых культурах | Ташмету |
У шумерскіх рэлігійных тэкстах Наная ўзгадваецца з канца 3 тысячагоддзя да н. э. Відавочна, яе культ набыў папулярнасць у перыяд трэцяй дынастыі Ура і адыгрываў асаблівую ролю ў 2 тысячагоддзі да н. э. пры дварах касіцкіх валадароў Вавілона. Наная лічылася ахоўніцай касіцкай дынастыі, яе шанаваннем займаліся прадстаўніцы дынастыі, меўся асобны зямельны надзел, прысвечаны багіні.
Паводле аднаго з меркаванняў, Наная з’яўлялася толькі асобным эпітэтам болей вядомай багіні Інаны, аднак гэта супярэчыць раннім вядомым тэкстам, дзе Наная выступае ў якасці сукаль (спадарожніцы) Інаны, але не яе самой. Высоўвалася таксама думка, што вобраз Нанаі быў адасоблены ад болей ранніх вобразаў Інаны. Іх функцыі сапраўды перасякаліся. Наная мела наступныя абліччы:
- Наная — магутная князёўна нябёсаў, дачка Ана і Нінегал (эпітэт для дробных багінь, што ахоўвалі валадарскія палацы)
- Наная — багіня святла, якая атаяснялася з дзённым сонцам і начным месяцам, а таксама з сузор’ем Паўночная Карона
- Наная — багіня кахання і сексу
- Наная дапамагае родам
- Наная ўвасабляе мудрасць і справядлівасць
- Наная ахоўвае дабрабыт
- Наная можа быць ваяўнічай
Многія даследчыкі таксама звязваюць Нанаю з акадскай багіняй Ташмету, жонкай бога Набу.
Культ Нанаі быў распаўсюджаны на Блізкім Усходзе за межамі Месапатаміі, дзе яна асацыявалася з мясцовымі жаночымі божаствамі.