Паган, або Баган (бірм.: ပုဂံ) — сярэднявечная дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі (8491297 гг.) з палітычным цэнтрам у аднайменным горадзе.

Гістарычная дзяржава
Паган
ပုဂံ
849 — 1297

Сталіца Паган
Рэлігія будызм
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Заснаванне

правіць

Паводле бірманскіх запісаў XVIII ст., горад Паган быў заснаваны ў II ст. валадаром П’юсаўхці, сынам сонечнага князя і жанчыны-цмока. У запісах XIX ст. П’юсаўхці названы нашчадкам Гаўтамы Буды. Аднак археалагічных пацверджанняў гэтаму няма. Большасць даследчыкаў мяркуе, што Паган узнік у VIIIX стст. у выніку перасялення ў даліну Іравадзі тыбета-бірманскіх плямён з Юньнані. Міф пра П’юсаўхці мог быць запазычаны імі ў папярэдніх насельнікаў п’ю або развіты на аснове генеалогіі валадароў Наньчжаа. На роль сапраўднага заснавальніка Пагана прэтэндуе валадар П’інб’я Мінта, пра якога запісы кажуць, што ў 849 г. ён умацаваў горад.

Пашырэнне

правіць

Анаўрахта Мінсаў (10141077 гг.), унук П’інб’я Мінта, успадкаваў дзяржаву, якая займала ўсяго некалькі тысяч квадратных кіламетраў. Аднак ён увёў цвёрдыя падаткі, пабудаваў ірыгацыйную сістэму, што прыцягнула новых жыхароў і дазволіла яму рэфармаваць армію. У выніку некалькіх ваенных кампаній пасля 1050 г. Анаўрахта заваяваў землі ўздоўж Іравадзі. Яму прыпісваюць кампанію супраць Далі, якая скончылася мірным пагадненнем, перамогу над кхмерамі і дапамогу сінгальскім валадарам у вайне супраць тамілаў.

Пасля смерці Анаўрахты ў створанай ім імперыі пачаўся разлад. Яго праўнук Алаўнгсітху (11121167 гг.) быў вымушаны пачаць сваё кіраванне з задушэння паўстанняў. Ён здолеў значна пашырыць свае валоданні, але ў гісторыю Пагана ўвайшоў як надзвычай рэлігійны манарх, які будаваў у розных частках імперыі ступы і храмы. Пры валадары Нарапацісітху (11741211 гг.) Паганская дзяржава дасягнула свайго росквіту. Ён канчаткова падпарадкаваў дзяржавы монаў, усталяваў рэлігійныя і дынастычныя сувязі з сінгальскай дзяржавай у Паланаруве, стварыў прафесійную армію, якая стала галоўнай сілай яго войска, і ўвёў пісьмовае заканадаўства.

Заняпад

правіць

Кіраванне апошняга валадара Пагана, Наратхіхапаці (12381287 гг.), азнаменавалася серыяй паўстанняў на захадзе краіны. Тым не меней, ён адчуваў сябе дастаткова моцным, каб адмовіць мангольскаму хану Хубілаю ў выплаце даніны ў 1271 г. і забіць яго пасольства ў 1273 г. Ён нават двойчы арганізоўваў ваенныя экспедыцыі на землі, ужо падначаленыя манголам, але кожны раз цярпеў паражэнні. У 1282 г. і 1287 г. манголы ўрываліся ў Паган і двойчы ўшчэнт грамілі паганскія войскі. Пасля апошняга паражэння Наратхіхапаці збёг на поўдзень, дзе быў забіты. Пасля яго смерці розныя часткі дзяржавы перасталі выплачваць даніну. Яго сын К’яўсва некаторы час заставаўся фармальным манархам Пагана, але кантраляваў вельмі невялікую тэрыторыю.

Спасылкі

правіць